Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску Дзень Волі адзначылі ўскладаньнем кветак


Тутэйшыя актывісты адмовіліся ад ідэі праводзіць мітынг у парку на ўскраіне, хоць улады яго і дазволілі. Замест гэтага вырашылі ўскласьці кветкі ў знакавых мясьцінах гораду.

А 15 гадзіне каля двух дзясяткаў віцяблян сабраліся каля помніка князю Альгерду, павіншавалі адно аднаго, сфатаграфаваліся на памяць і рушылі па вуліцы Суворава да помніка Ўладзімеру Караткевічу.

Людзі зьбіраюцца каля помніка князю Альгерду
Людзі зьбіраюцца каля помніка князю Альгерду

Па дарозе спыніліся каля мэмарыяльнай дошкі ў гонар Васіля Быкава. У будынку, на якім яна вісіць, калісьці была мастацкая вучэльня, дзе вучыўся пісьменьнік. Усклаўшы кветкі, накіраваліся да помніка Караткевічу.

На вуліцы Суворава ў Віцебску
На вуліцы Суворава ў Віцебску

Тут прагучалі кароткія віншавальныя прамовы, некалькі чалавек разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі.

Усё гэта адбывалася «пад кантролем» прадстаўнікоў МУС у цывільным, якія фіксавалі падзеі на фотаапарат і відэакамэры, але заўваг не рабілі.

Каля помніка Караткевічу
Каля помніка Караткевічу

Усіх, каго затрымалі перад акцыяй, па яе заканчэньні адпусьцілі

У Полацкі райаддзел міліцыі быў тэрмінова выкліканы Віктар Стукаў, актывіст суполкі СПБ на прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно». Некалькі гадзін зь ім праводзілі гутаркі па даўняй крымінальнай справе, ініцыяванай супраць чальцоў незалежнага прафсаюзу «ідэолягам» заводу. Але на пачатку 16-е, калі стала зразумела, што на акцыю ў Віцебск актывіст ужо ня трапіць, яго адпусьцілі.

Падобная гісторыя адбылася з аршанскім актывістам Генадзем Шэпелевым. Зранку ён пад’ехаў на ровары да помніка Караткевічу ў Воршы, разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг і сфатаграфаваў. Заўважыўшы гэтыя маніпуляцыі, міліцыянты запісалі дадзеныя актывіста і праз колькі гадзін выклікалі яго ў пастарунак. Спачатку нібыта за парушэньне правілаў дарожнага руху, а потым сказалі, што прычына выкліку — сьцяг.

На Генадзя Шэпелева склалі пратакол за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі і сказалі чакаць позвы ў суд. Тое самае было сказана і віцябляніну Міколу Качурцу, якога забралі ў Кастрычніцкі РАУС ад помніка князю Альгерду. Спадар Качурац разгарнуў там бел-чырвона-белы сьцяг сёньня ўраньні.

#БНР100 у Беларусі і сьвеце. ЖЫВЫ БЛОГ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG