«У нас калі нават усё будзе нармальна, такія дзеячы, як Данкверт і іншыя, аплююць, абылгуць і абгадзяць, як гэта было нядаўна. Аказваецца, у яго кавалак мяса зь Беларусі, ці шклянка малака, ці кавалак хлеба засеў, прадукцыя ня тая. І ўрад пры гэтым маўчыць», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.
5 сьнежня ў інтэрвію РБК кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт папракнуў Беларусь у нядобрасумленнасьці.
«Беларусь — наш бліжэйшы партнэр, які вельмі актыўна хоча скарыстацца сытуацыяй, калі расейскі рынак закрылі для паставак з ЭЗ, з Украіны. І ён вельмі часта паводзіць сябе нядобрасумленна, — заявіў Данкверт. — Ці адбываюцца рэчы, якія сталі ўжо хадзячай назвай, напрыклад, пастаўкі крэвэтак зь Беларусі. Крэвэткі, вядома, самае сьмешнае. Але беларусы яшчэ, напрыклад, вязуць вялікую колькасьць яблыкаў. Потым пытаесься: „Як жа вы іх вырасьцілі ў такім аб’ёме?“ Яны адказваюць: „Не, мы іх экспартуем“. Але пачакайце, вы ж пісалі ў дакумэнтах, што гэта ваша вытворчасьць? Калі год прайшоў, ужо можна прызнавацца [у рээкспарце], таму што гэта ўсё ў мінулым».
Але галоўныя прэтэнзіі Рассельгаснагляду, па словах Данкверта, зьвязаныя з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі.
«Толькі за апошні час мы адклікалі 40 дэклярацыяў на беларускую прадукцыю, таму што яна не адпавядае паказчыкам па тлушчы і бялку. Нашы беларускія калегі ня могуць выпускаць прадукцыю з нармальным утрыманьнем бялкоў і ў сілу, мабыць, нейкай хцівасьці пачынаюць „хімічыць“. Паводле нашага дасьледаваньня, больш за 40% пробаў пітнога малака зь Беларусі паказалі наяўнасьць сухога малака. Пры тым, што гэта забаронена тэхрэглямэнтам Мытнага саюзу», — сказаў расейскі чыноўнік.
Як заявіў сёньня на нарадзе Лукашэнка, Беларусь у пляне мытных працэдур «прастрэльваецца» з усіх бакоў. «У нас відаць усё, нічога не схаваеш. У нас нават бязмытна аўтамабіль не завязеш — гэта будзе вядома», — сказаў ён. А вось Казахстан і Расея маюць велізарныя тэрыторыі і працяглыя межы, дзе пракантраляваць усе працэсы часам цяжка, дадаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсьліў, што пры прыняцьці Мытнага кодэксу ЭАЭС (дакумэнт плянуецца падпісаць на пасяджэньні Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады 26 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу) усё павінна быць улічана.
«Мы нічога не павінны страціць. У нас губляць няма чаго. Калі асноўныя гульцы нашага эканамічнага саюзу — Расея і Казахстан — могуць недзе на нешта закрыць вочы і рукой махнуць (у іх грошай нямерана, ведаеце ад чаго), то ў нас такіх шалёных грошай няма. Мы зарабляем сваімі мазгамі і рукамі гэтыя грошы», — заявіў Лукашэнка.