Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі тлушч «спатыкнуўся» аб расейскі «Чырвоны Камень»


Управа Фэдэральнай службы Расеі па вэтэрынарным і фітасанітарным кантролі па Бранскай і Смаленскай абласьцях вярнула ў сьнежні гомельскім вытворцам 40 тон тлушчу.

У першы дзень сьнежня інспэктары рэгіянальнай управы Рассельгаснагляду ў пункце падачы апавяшчэньняў «Чырвоны Камень» на шашы Гомель — Бранск выявілі 20 тон таплёнага тлушчу ААТ «Гомельскі мясакамбінат». Тлушч суправаджаўся вэтэрынарнымі сэртыфікатамі, выдадзенымі Дзяржаўнай вэтэрынарнай службай Рэспублікі Беларусь. Згодна зь імі, ён павінен быў перавозіцца аўтатранспартнымі сродкамі АЕ5113-3/9600ВА. Аднак фактычна тлушч знаходзіўся ў аўтамашыне зь іншымі дзяржаўнымі нумарамі, не заяўленымі ў пададзеных вэтэрынарных дакумэнтах. Расейскія інспэктары палічылі, што беларускія вытворцы ў недастатковай меры забясьпечылі кантроль пры адпраўцы прадукцыі ў Расейскую Фэдэрацыю. Груз вярнулі назад на Гомельскі мясакамбінат.

Шостага сьнежня на тым жа самым пункце падачы апавяшчэньняў «Чырвоны Камень» быў забаронены ўвоз у Расею 20 тон кармавога жывёльнага тлушчу 2 гатунку вытворчасьці ААТ «Гомельскі бялкова-тлушчавы завод», што ў пасёлку Бальшавік Гомельскага раёну. Груз зноў меў сэртыфікат беларускай вэтэрынарнай службы, але перавозіўся зусім іншым транспартам — ня тым, які быў заяўлены ў вэтэрынарных дакумэнтах. Гэта таксама было расцэнена расейскімі інспэктарамі як недастатковы кантроль за адпраўкай прадукцыі ў іхнюю краіну.

Кіраўнік расейскай Фэдэральнай службы па вэтэрынарным і фітасанітарным кантролі Сяргей Данкверт у інтэрвію РБК распавёў, што дробныя беларускія таварыствы спажывецкай каапэрацыі, якія атэстуюцца на пастаўку прадукцыі ў Расею, нібыта шлюць да іх «украінскую ялавічыну са зрэзанымі клеймамі».

«Нам гэта не патрэбна. Беларусь часьцяком паводзіць сябе нядобрасумленна», — кажа кіраўнік Рассельгаснагляду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG