У часе рэспубліканскага сэмінару-нарады аб разьвіцьці сяла Аляксандар Лукашэнка абурыўся сытуацыяй з карупцыяй у Беларусі, піша БЕЛТА. Ён папярэдзіў аб «непазьбежнай адказнасьці» за карупцыю.
«Запомніце — ад старшыні райвыканкама, заканчваючы прэм'ер-міністрам, гэта кадравы рэестар прэзыдэнта, — казаў Аляксандар Лукашэнка. — І ўсё, што зь імі зьвязана, мне дакладваецца неадкладна па пытаньнях карупцыі, крадзяжоў і іншых пытаньняў. І літасьці вы не чакайце!
Ужо людзі стогнуць у некаторых раёнах. Справы няма, вынікаў няма, а ён пры людзях, пачынаючы ад лазьні і заканчваючы ўласным, і для дзяцей, і для сябе жыльлём, указаньні раздае.
Глядзіце, мужыкі. Лепш жабраком, але на свабодзе. Чым багатым там. Усё на вачах у людзей. Ня думайце, што складана вас вылічыць і ніхто ведаць ня будзе».
На той жа нарадзе Лукашэнка анансаваў закон аб «дыктатуры тэхналёгіяў» у сельскай гаспадарцы (што гэта значыць, ён не растлумачыў); паставіў навукоўцам задачу стварыць навукова-практычныя цэнтры ў аграрнай сфэры, каб кантраляваць выкананьне тэхналёгіяў вытворчасьці на сельскіх прадпрыемствах; таксама паставіў задачу павысіць дзяржаўную падтрымку некамэрцыйных сэктараў аграпрамысловага комплексу; даручыў ураду «выпрацаваць дзейны мэханізм» рэалізацыі ідэі «вёсак будучыні»; запатрабаваў падвышэньня надояў малака і стварэньня «арыгінальных» відаў харчовых прадуктаў у сфэры глыбокай перапрацоўкі сыравіны; выказаў прапанову набіраць у аграрныя ВНУ «абітурыентаў, знаёмых зь сельскім ладам жыцьця».
Лукашэнка: гарады ўпарадкавалі, час упарадкаваць вёскі. Эканаміст: вёскі памерлі без прыватнай уласнасьці на зямлю
У рэйтынгу ўспрыманьня карупцыі Беларусь займае 68-е месца са 180-ці. Рада Эўропы называла нездавальняльнымі цяперашнія высілкі беларускіх уладаў у барацьбе з карупцыяй.
У лютым Лукашэнка прыгадаў, што абяцаў перамагчы карупцыю яшчэ ў 1994 годзе. Пазьней ён адзначыў, што барацьба з карупцыяй па-ранейшаму ідзе недастаткова эфэктыўна, у Беларусі застаюцца «паборы, адкаты, падарункі і махінацыі» ў тым ліку зь бюджэтнымі сродкамі.