Чарговы рэйтынг ужываньня беларускай мовы ў спорце апублікаваў у сваім блогу «Мова спартова» Ігар Случак. З разгледжаных ім беларускіх камандаў 40 ужывалі беларускую мову ў некаторых аспэктах, 110 не ўжывалі зусім. Самым беларускамоўным названы футбольны клюб «Нёман».
Балы даваліся за ўжываньне беларускай мовы ў практычна любым аспэкце на полі, па-за полем і ў інтэрнэце, у тым ліку за прозьвішчы на форме, мову дыктара на матчах, мову на прэс-канфэрэнцыях, мову сайтаў і сацсетак. 21 клюб меў балы за некалькі такіх аспэктаў, яшчэ 19 клюбаў ужывалі беларускую толькі ў адным аспэкце, пераважна ў эмблеме.
«У гэтым годзе я бачу, што ёсьць прагрэс у беларусізацыі спартовых клюбаў, — кажа Ігар Случак Свабодзе. — Калі ў рэйтынгах мінулых гадоў клюбаў, што набіралі хоць нейкія балы, было 13–15%, то ў гэтым годзе ўжо 27%. Спадзяюся, гэты трэнд працягнецца.
Што праўда, трэнд ідзе ў асноўным па футболе, а акрамя футбольных радуюць хіба гандбольны клюб „Віцязь“, які ў мінулым рэйтынгу не набраў ніводнага балу, а ў гэтым годзе на чацьвёртым месцы, баскетбольныя „Цмокі“, міні-футбольная „Сталіца“, у нейкім выглядзе хакейнае „Дынама“. Хакей, на жаль, самая небеларускамоўная галіна, хоць кажуць, нібы гэта самы нацыянальны від спорту».
Случак дадае: тое, што некаторыя клюбы страцілі пазыцыі ў сёлетнім рэйтынгу ў параўнаньні зь мінулымі, яшчэ не азначае іх русыфікацыі. У тым жа менскім «Тарпэда» (1-е месца ў 2014 годзе, 2-е ў 2015-м) ня стала меней беларускай мовы (толькі болей), але ў сёлетні рэйтынг дадаліся новыя крытэры, за якія можна атрымаць балы, дый «Нёман» пастаянна беларусізуецца (у 2014 годзе быў на 14 месцы). «Гомель» страціў балы праз тое, што больш не друкуе праграмак на матчы па-беларуску — клюб наагул адмовіўся ад праграмак.