У ноч на 13 чэрвеня невядомыя павалілі крыжы, якія абаронцы Курапатаў выставілі ля праезду праз ахоўную зону ў рэстарацыю «Поедем поедим», што месьціцца за 50 мэтраў ад мэмарыялу.
Як расказаў Свабодзе адзін зь лідэраў пратэсту, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, актывісты падазраюць, што крыжы павалілі супрацоўнікі рэстарацыі — пратэстоўцы ставілі іх якраз каб перашкодзіць машынам з прадуктамі езьдзіць «незаконнай» дарогай.
Актывісты працягваюць штодзённую вахту (пратэсты цягнуцца з пачатку месяца) і спрабуюць не прапускаць у рэстарацыю машыны з грузамі, агітуюць наведнікаў не хадзіць у «„кабак“ на костках», як яны называюць «Поедем поедим». Сёньня да пратэсту далучыліся таксама праваабаронцы «Вясны» на чале з Алесем Бяляцкім, якія разгарнулі расьцяжку «Курапаты — месца злачынства і смутку».
«Сёньня апоўдні ў Курапатах сабраліся чалавек дваццаць, прыехалі людзі з рэгіёнаў, з Бабруйску, зь Віцебску, — расказвае Свабодзе Севярынец. — Недзе ў 12:30 пачаліся інцыдэнты. Сьмецьцявоз і машына з прадуктамі спрабавалі праехаць на тэрыторыю „Бульбаш-холу“, шэсьць супрацоўнікаў міліцыі і ДАІ спрабавалі ссунуць пратэстоўцаў з праезду.
Дайшло і да штурханіны, на зямлю павалілі Тацяну Севярынец, але адступілі, не змаглі людзей сапхнуць. Аформілі два пратаколы на мяне і на Аляксандра Туровіча за парушэньне правілаў дарожнага руху».
Увечары 12 чэрвеня Туровіча затрымалі на выхадзе з Курапатаў, ноч ён правёў у пастарунку, зранку быў адпушчаны зь міліцыі пасьля складаньня трох пратаколаў — абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, дробным хуліганстве і перашкодзе працы грамадзкай установы.
Затрыманьні актывістаў
31 траўня затрымалі актывістку Вольгу Мікалайчык падчас пікету супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим». 7 чэрвеня па дарозе з Курапатаў на дзьве гадзіны затрымалі Паўла Севярынца і Вольгу Мікалайчык. 8 чэрвеня затрымалі Дзяніса Ўрбановіча і Вольгу Мікалайчык.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.