Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка маўчыць пра канфлікт вакол Курапатаў


Хутка два тыдні, як пачаўся канфлікт вакол рэстарацыі каля месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах, а пазыцыя ўладаў дасюль ня вызначаная. Чаму?

Міліцыя паводзіць сябе больш стрымана, чым падчас папярэдніх канфліктаў вакол мэмарыялу. У 2001 годзе, калі актывісты пратэставалі супраць будаўніцтва праз Курапаты Менскай кальцавой аўтадарогі, супраць іх быў кінуты АМАП, а крыжы валілі бульдозэрамі.

Мінулым годам, калі прадстаўнікі грамадзкасьці пратэставалі супраць будоўлі бізнэс-цэнтру каля мэмарыялу, былі жорсткія сутычкі зь міліцыянтамі, людзей садзілі на суткі. Цяпер, здаецца, усё спакайней. Хоць пратаколы на актывістаў складаюцца — магчыма, суды яшчэ наперадзе.

Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч паабяцаў, што сілавікі ня будуць станавіцца на бок ні ўладальнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», ні пратэстоўцаў.

Каб беларуская дзяржава ня ўмешвалася ў грамадзкі канфлікт — гэта вельмі дзіўна. Бо яна ўмешваецца ва ўсё. Нават выпускныя вечары ў школах, традыцыйная сустрэча сьвітанку адбываюцца цяпер у суправаджэньні міліцыянтаў.

Чым патлумачыць такую збольшага нэўтральна-назіральную пазыцыю ўладаў датычна цяперашняга канфлікту вакол Курапатаў? На мой погляд, для гэтага ёсьць некалькі прычын.

Па-першае, канфлікт актывістаў — не зь дзяржаўнай установай, а з прыватным бізнэсам. Дзяржава тут нібыта ўбаку.

Па-другое, летась улады памянялі стаўленьне да гэтага гістарычнага месца і нарэшце прызналі тую трагічную старонку савецкага пэрыяду. Адбыўся круглы стол у «Советской Белоруссии», Лукашэнка паабяцаў ушанаваць памяць пра ахвяраў мэмарыялам, Міністэрства культуры абвясьціла конкурс праектаў памятнага знаку «Курапаты». Няхай сабе з своеасаблівай трактоўкай — маўляў, помнік павінен адлюстроўваць ідэю ўшанаваньня памяці ўсіх бязьвінных ахвяр ХХ стагодзьдзя ў гісторыі Беларусі.

Невыпадкова якраз у момант найбольш вострага канфлікту каля гэтай злашчаснай рэстарацыі ўлады тэрмінова правялі паседжаньне працоўнай групы па мэмарыялізацыі Курапатаў, якая не зьбіралася цэлы год. Абвешчана, што абраны тры лепшыя эскізныя праекты памятнага знаку. На гэтым тле груба «вінціць» грамадзкіх актывістаў, якія абараняюць мэмарыял, неяк не зусім лягічна.

Па-трэцяе, фактычна ў падтрымку актывістаў выступілі інстытуты (праваслаўная і каталіцкая царква) і асобы, якія не адносяцца да незалежнага грамадзтва (Варанецкі, Кавалёнак, Чаргінец і інш.). То бок спачуваньне шырокай грамадзкасьці ўсё больш схіляецца на бок абаронцаў Курапатаў. І гэтага ня могуць ня ўлічваць улады.

Нарэшце, чацьвёрты чыньнік, які можа аказацца нават самым галоўным. Учора, 11 чэрвеня, быў узламаны Twitter-акаўнт намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Максіма Рыжанкова, і на ім быў зьмешчаны правакацыйны тэкст — нібыта Беларусь выбачаецца перад Расеяй. Адразу ж пасьля гэтага зьявілася шмат зьневажальных камэнтароў адносна беларусаў і іх краіны з боку так званых «ольгінскіх ботаў», то бок расейскай дзяржаўнай «фабрыкі троляў». Гэта стала ўскосным сьведчаньнем, што адбываецца сплянаваная апэрацыя. А раніцай 12 чэрвеня была ўзламаная старонка Сьледчага камітэту Беларусі ў Facebook.

Раней кібэратакі рабіліся супраць Дэмакратычнай партыі ЗША, украінскіх палітыкаў і іншых «ворагаў» Расеі. Цяпер вось дайшла чарга і да Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Гэта папярэджаньне, нейкі намёк, чорная метка? Таму ці не давядзецца Лукашэнку бараніцца ад Расеі Курапатамі?

Вы скажаце, пры чым адно да другога? Нагадаю, што адным з асноўных аргумэнтаў падчас выхаду балтыйскіх рэспублік з СССР была памяць пра ГУЛАГ. А найбольш востры канфлікт паміж Украінай часоў прэзыдэнцтва Віктара Юшчанкі і Расеяй быў зьвязаны з пытаньнем пра адказнасьць Масквы за Галадамор.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG