Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы анансавалі віртуальную валюту — крыпта-талер. Абвясьцілі курс — 10 рублёў за талер


Эмблема крыптаталера
Эмблема крыптаталера

Каманда беларускіх распрацоўшчыкаў зьбіраецца прэзэнтаваць 9 кастрычніка новую віртуальную валюту пад назвай «крыпта-талер» або проста «талер». Першыя тэставыя транзакцыі прайшлі яшчэ 13 верасьня. Распрацоўшчыкі не называюць сваіх імёнаў.

Сваёй мэтай яны называюць эканамічнае разьвіцьцё Беларусі «крыху іншым шляхам, чым той, якім нам прапануюць надзьмутыя ад адчуваньня ўласнай значнасьці ўрадавыя чыноўнікі ў гарнітурах». Дабрабыт беларусаў, пішуць распрацоўнікі, цяпер залежыць ад таго, наколькі пасьпяховымі (а часьцей правальнымі) будуць дзеяньні чыноўнікаў, а крыптавалюта мае забясьпечыць рост «зьнізу», праз малы бізнэс і стартапы.

Пачатковы курс абвешчаны роўным 10 беларускім рублям за 1 крыпта-талер. Эмісія абмежаваная альгарытмамі: крыпта-талераў можа быць ня болей за 23 333 333 адзінкі.

«Нацбанк Вяйшнорыі», які раней абвяшчаў аб плянах па выпуску рэальнага талера, заявіў Свабодзе, што не зьвязаны з «крыпта-талерам» і ўспрымае яго як фінансавую піраміду або «праект на авось».

Як гэта працуе, простымі словамі

Крыпта-талер працуе паводле тэхналёгіі блёкчэйну на базе альгарытму SHA-256, празь які працуе і самая папулярная ў сьвеце крыптавалюта — біткойн.

Насамрэч біткойн выглядае зусім ня так, а гэтая манэта — проста сувэнір
Насамрэч біткойн выглядае зусім ня так, а гэтая манэта — проста сувэнір

Біткойн, як і іншыя крыптавалюты, ня маюць купюраў ці манэтаў, як рэальныя, і не кантралююцца цэнтральнымі банкамі. Гэтая сыстэма дазваляе ананімна абменьвацца ўмоўнымі віртуальнымі адзінкамі (і абменьваць іх на тавары ці рэальныя грошы).

Кожны можа спраўдзіць, якія апэрацыі праводзіліся, але ня можа спраўдзіць, між кім: вядомыя псэўданімы адпраўніка і прымальніка віртуальных грошай, але ня іх рэальныя асобы. Курс крыптавалютаў вызначаецца толькі тым, колькі самі людзі гатовыя аддаць рэальных грошай за адзінку крыптавалюты.

Зьвесткі пра апэрыцыі перадаюцца ланцужком шыфраваных кавалкаў — блёкамі. Пры гэтым кожны блёк мае інфармацыю пра папярэдні. Працу крыптавалютаў забясьпечваюць самі карыстальнікі: даюць вылічальныя магутнасьці сваіх кампутараў (усё часьцей — адмысловых вылічальных «фэрмаў» з магутных кампутараў) для апрацоўкі пераводаў грошай праз інтэрнэт з дапамогай адмысловых праграмаў, за што самі атрымліваюць «плату» ў адзінках віртуальнай валюты. Гэта завецца «майнінгам» — здабычай крыптавалюты праз забесьпячэньне яе існаваньня.

На момант публікацыі за 1 біткойн даюць больш за 4 тысячы даляраў. Але за паўдня курс скакаў ад 4300 да 4400 даляраў, а ад запуску ў 2009 годзе курс падскокваў ад пары цэнтаў за біткойн да амаль 5000 з наступным абвалам да 3000. Курсы іншых крыптавалютаў ня больш стабільныя
На момант публікацыі за 1 біткойн даюць больш за 4 тысячы даляраў. Але за паўдня курс скакаў ад 4300 да 4400 даляраў, а ад запуску ў 2009 годзе курс падскокваў ад пары цэнтаў за біткойн да амаль 5000 з наступным абвалам да 3000. Курсы іншых крыптавалютаў ня больш стабільныя

Калі перастане працаваць адзін з кампутараў сыстэмы, або нават калі ад сыстэмы адключыцца цэлы кантынэнт, сыстэма ня «лясьнецца», а працягне працаваць, ня страціўшы зьвестак пра папярэднія і бягучыя пераводы грошай. «Забіць» крыптавалюту могуць толькі яе «здабыўцы», калі перастануць даваць ёй вылічальныя магутнасьці ў дастатковым аб’ёме.

Праўны статус крыптавалютаў няпэўны, вельмі адрозьніваецца па краінах сьвету, але большасьць краінаў не забараняе карыстацца імі. Дзе-нідзе ўжо можна расплаціцца крыптавалютай ня толькі ў віртуальных, але і ў рэальных крамах. Але часта крыптавалюта (праз магчымасьць застацца ананімным) выкарыстоўваецца для гандлю незаконнымі таварамі і паслугамі, напрыклад зброяй ці наркотыкамі.

Лукашэнку ўжо рыхтуюць нейкі ўказ пра блёкчэйн і крыптавалюты

Калі беларускі Парк высокіх тэхналёгіяў узначаліў стваральнік БРСМ Усевалад Янчэўскі, быў анансаваны новы дэкрэт Лукашэнкі пра IT-галіну, які атрымаў неафіцыйную назву «ПВТ 2.0». Праект дэкрэту ў тым ліку нейкім чынам рэгулюе блёкчэйн і крыптавалюты, прадугледжвае іх увядзеньне ў грамадзянскае абарачэньне. Але тэкст праекту не публікуецца, дэталі яго раскрываюць неахвотна.

Нацбанк Беларусі запусьціў 17 ліпеня інфармацыйную сетку паводле тэхналёгіі блёкчэйн. Але яна выкарыстоўваецца не для выпуску крыптавалюты, а для перадачы банкаўскіх зьвестак паводле тых жа схемаў, што забясьпечваюць работу крыптавалютаў. Пасьля мяркуецца запусьціць тэхналёгію блёкчэйн на рынку каштоўных папераў.

Разьвіцьцё блёкчэйну у тым ліку падтрымліваў «Белгазпрамбанк», які нават ладзіў канфэрэнцыю пра яго і краўдфандынг.

Ці давяраць крыпта-талеру або біткойну? Тлумачыць эканаміст Чалы

З крытыкай праекту «ПВТ 2.0» выступаў эканаміст Сяргей Чалы: маўляў, пакуль увесь сьвет спрабуе асэнсаваць, што такое блёкчэйн, у Беларусі яго ўжо ўкараняюць — магчыма, лезуць паперад бацькі ў пекла.

Сяргей Чалы, архіўнае фота
Сяргей Чалы, архіўнае фота

Крыптавалюты нічым не забясьпечаныя — і не павінны быць нечым забясьпечаныя, тлумачыць Свабодзе Чалы. Давяраць ці не давяраць можна не асобе, якая запускае крыптавалюту, а альгарытму, паводле якога працуе сыстэма. Ён называе крыптавалюты вяртаньнем у мінулае — «лічбавым залатым стандартам», бо аб’ём выпуску крыптавалютаў звычайна абмежаваны (тых жа біткойнаў можа быць ня больш за 21 мільён).

Але і пра даляр ЗША кажуць, што ён «нічым не забясьпечаны», бо за даляр (як і за біткойн) не гарантуюць даць пэўную колькасьць золата ці іншага каштоўнага рэчыва.

«Я лічу, што за шмат гадоў — за стагодзьдзі — нічога лепей не адпрацавана за тыя грошы, што збудаваныя на крэдыце і даверы між людзьмі, — кажа Чалы. — Вы можаце гнутка рэгуляваць прапанову грошай у залежнасьці ад эканамічных абставінаў і тым самым дэмпфіяваць усялякія крызісы. А крыптавалюты гэтага зрабіць ня могуць.

Ніякія грошы нічым не забясьпечаныя — так і павінна быць. Яны павінны быць бессэнсоўнымі, каб мы іх выкарыстоўвалі: чым меней патрэбныя грошы, тым лепей яны працуюць. Калі золата нешта каштуе, узьнікае праблема, бо яго могуць траціць, назапашваць… А ідэя грошай у тым, каб яны забясьпечвалі абарот.

Але сутнасьць грошай, збудаваных на крэдыце, а ня тым ці іншым спосабе ператварэньня тавару ў грошы, у тым, што за шмат гадоў цэнтрабанкі навучыліся гнутка ствараць і зьнішчаць грошы, каб рэагаваць на крызісы. І ніякія іншыя грошы, заснаваныя на тавары ці альгарытме, ня могуць такога рабіць».

З рэальнымі грошамі часам здараецца гіпэрінфляцыя, але Чалы засьцерагае: ад такога — ці горшага — сцэнару не абароненыя і крыптавалюты
З рэальнымі грошамі часам здараецца гіпэрінфляцыя, але Чалы засьцерагае: ад такога — ці горшага — сцэнару не абароненыя і крыптавалюты

Чалы згадвае, што калі біткойн толькі зьяўляўся, ягоныя адэпты казалі, што цэнтрабанкі могуць ствараць грошы неабмежавана, што можа прыводзіць да іх абясцэньваньня і гіпэрінфляцыі. Гэта сапраўды так, мяркуе эканаміст, але цяпер «такіх вар’ятаў на чале ўсясьветных цэнтрабанкаў няма». З крыптавалютамі ж праблема ў тым, што альгарытм бароніць ад такіх «вар’ятаў», але не бароніць ад стварэньня новых крыптавалютаў:

«Гэта здорава, што біткойнаў ня можа быць больш за 21 мільён. Але гэта ня значыць, што крыптавалютаў ня можа быць больш за 21 мільён: побач зь біткойнам вырасьлі этэрыюм, манэра, зэткэш і іншыя. Калі мне кажуць, што прапанова крыптавалюты абмежаваная, я ўпэўнена адказваю: не, абмежаваная прапанова кожнай крыптавалюты паасобку, але гэтых крыптавалютаў вырасла як грыбоў пасьля дажджу. Уся лёгіка, што „крыптавалютаў мала, таму ня будзе інфляцыі», не працуе».

Боны, талеры, пракапейкі: беларускія грошы, якіх не было і ня будзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG