«Алімпійскія чэмпіёны са зборнай Швэцыі не атрымліваюць аніякіх прэміяльных за сваё „золата“. Залатыя мэдалісты зь Нідэрляндаў у якасьці бонусу маюць 25 500 эўра, беларусы — каля 133 000 эўра, што больш як у 26 разоў перавышае сярэдні паказчык ВУП на душу насельніцтва ў краіне», — піша галяндзкае выданьне Het Financieele Dagblad.
Чым каштоўная алімпійская ўзнагарода?
Пра фінансавы і маральны аспэкт алімпійскага «золата», а таксама рэальны кошт мэдаля пішуць у гэтыя дні аўстрыйскія, нямецкія ды швайцарскія назіральнікі.
Паводле нямецкага спартовага выданьня Sportbuzzer, «алімпійскі дэвіз — «галоўнае ўдзельнічаць» — сёньня наўрад ці можна назваць вычарпальным. Кожны ўдзельнік марыць перамагчы на Гульнях, і кожны палічыў бы за гонар узысьці хоць на якую прыступку алімпійскага п’едэсталу. Акрамя гонару, ёсьць і фінансавая матывацыя. Прызавы фонд для спартоўцаў-пераможцаў вызначаюць нацыянальныя спартовыя фэдэрацыі. Часам гэта ўсяго некалькі тысяч эўра, часам яшчэ меней, а часам даходзіць і да шасьцізначных сумаў.
Паўночнакарэйскія мільёны і швэдзкае «нічога, акрамя славы»
Як піша аўстрыйскае выданьне Kurier, за золата ў Пхэнчхане, здабытае пераможцам з Паўночнай Карэі, родная краіна заплаціць мільён. Зразумела, не даляраў, а вонаў, то бок 747 эўра. Магчыма, большым стымулам стане тое, што ўсіх паўночнакарэйскіх спартоўцаў, хто заваюе мэдалі на гульнях у Пхэнчхане, абяцаюць вызваліць ад вайсковага абавязку.
Зусім ніякіх бонусаў за алімпійскае золата ня маюць швэды. У дачыненьні да зборнай гэтай краіны дзейнічае прынцып: нічога, акрамя славы. Нарвэскія мэдалісты таксама не атрымліваюць грошай за перамогу. Аднак сёлетнія пераможцы маюць магчымасьць атрымаць на наступны год спартовую стыпэндыю ў памеры 12 000 эўра. У выпадку, калі даходы алімпійскай зоркі складаюць больш за 50 000, памер стыпэндыі зьмяншаецца.
Шчодрыя ўзнагароды ў краінах ЭЗ
Сярод краін ЭЗ, дзе прэміі лічацца шчодрымі, — Італія. За першае месца на п’едэстале спартовец атрымлівае пасьля гульняў 150 000 эўра, цягам чатырох наступных гадоў яму дадаткова штогод пералічваецца на рахунак па 30 000. Для срэбра і бронзы ёсьць аналягічныя дамоўленасьці з крыху меншымі грашыма.
Латвійцы за залаты мэдаль маюць прэмію 140 000 эўра, а літоўцы — 115 800 і на дадатак аўтамабіль.
Баўгарскія чэмпіёны могуць разьлічваць на цяперашніх гульнях на 127 000 эўра. На мінулай зімовай Алімпіядзе яе залаты прызэр атрымаў 400 тысяч эўра.
Польскім чэмпіёнам плацяць 50 000 эўра. Гэтая сума не абкладаецца падаткам. Акрамя таго, пасьля дасягненьня 40 гадоў залатыя алімпійцы штомесяц атрымліваюць пажыцьцёвую пэнсію ў 620 эўра. Для параўнаньня: сярэдняя зарплата ў краіне складае 1000 эўра брута.
Аўстрыйскія пераможцы могуць разьлічваць на атрыманьне калекцыі каштоўных манэт — коштам 17 000 і 13 000 эўра адпаведна для залатых і срэбных мэдалістаў.
Паводле нямецкіх выданьняў, пераможца алімпійскай зборнай ФРГ у якасьці прэміяльных мае 20 000 эўра, срэбны прызэр — 15 000, бронзавы — 10 000. Нейкія невялікія бонусы атрымліваюць спартоўцы, якія занялі не ніжэй як сёмае месца. Астатнім замест грошай выдаюцца так званыя сацыяльныя пакеты — ваўчары на спартовае абсталяваньне або наведваньне стаматоляга.
Алімпійскім чэмпіёнам зь Нідэрляндаў 25 500 даюць толькі за першае золата. Наступная — другая ці трэцяя — узнагарода ацэньваецца адпаведна ў 16 830 і 8415 эўра. Гэта тычыцца, напрыклад, такой супэрзоркі, як канькабежац Свэн Крамэр. Але мільянэру Крамэру гэта наўрад ці важна.
Бонусы для чэмпіёнаў з былога СССР
Расейскія алімпійцы, чыя каманда ў выніку допінгавага скандалу стартавала на Гульнях пад нэўтральным сьцягам, у выпадку перамогі таксама будуць мець прэміі ад свайго ўраду. Напрыклад, за золата спартоўцу выдадуць каля 56 300 эўра. «Алімпійскі чэмпіён, да таго ж, мае атрымаць шыкоўны аўтамабіль. Праўда, пасьля летніх Алімпійскіх гульняў у Рыё адзін такі аўтамабіль ужо празь дзень быў выстаўлены ў інтэрнэце на продаж».
У Беларусі за залаты алімпійскі мэдаль спартоўцу плацяць каля 133 000 эўра, у два разы меней — за «срэбра», і ў тры разы меней — за «бронзу». Бонусам для алімпійцаў можна лічыць і тое, што дзяржава пакрывае ў поўным памеры выдаткі на падрыхтоўку да Гульняў, таксама залатыя мэдалісты могуць разьлічваць і на алімпійскую стыпэндыю, якая выплачваецца на працягу 4 гадоў. Падчас мінулых гульняў Беларусь уваходзіла ў топ-10 краін з самымі высокімі прэміяльнымі для пераможцаў і разьмяшчалася на шостым месцы, вышэй за Ўкраіну і Расею.
Самыя ж вялікія бонусы сярод постсавецкіх краін выдае сваім алімпійскім чэмпіёнам Азэрбайджан. За «золата» — 410 000 эўра, за «срэбра» — 206 000, і за «бронзу» — каля 105 000.
«Ня ўсё золата...»
Што тычыцца рэальнага кошту алімпійскіх мэдалёў, то паводле інфармацыі, зьмешчанай на швайцарскіх спартовых рэсурсах, апошнія алімпійскія мэдалі, якія былі зробленыя з чыстага золата, уручаліся на Алімпійскіх гульнях у 1912 годзе. Залатыя мэдалі на паўднёвакарэйскай алімпіядзе важаць 586 грамаў. Па змаўчаньні там павінна ўтрымлівацца шэсьць грамаў золата. Усё астатняе (99,9%) — срэбра. Другія паводле вартасьці — срэбраныя мэдалі важаць 580 грамаў. Яны таксама на 99,9% з срэбра, але ня маюць залатога пакрыцьця. Алімпійская бронза важыць усяго 493 грамы і складаецца на 90% зь медзі і на 10% з цынку.
Кошт алімпійскай узнагароды залежыць ад цэнаў на золата і срэбра. Цяпер ён складае каля 460 эўра.
Выпадкі продажу алімпійскіх узнагарод рэдка трапляюць у СМІ. Адзін зь іх — гісторыя польскага атлета Пятра Малахоўскага, удзельніка гульняў у Рыё. Неўзабаве пасьля Алімпіяды-2016 ён выставіў на аўкцыёне сваю срэбную ўзнагароду за 126 тысяч даляраў, матывуючы гэта жаданьнем аплаціць лячэньне хворага на рак маленькага хлопчыка.
«У Рыё я змагаўся за „золата“. Сёньня ж я заклікаю ўсіх змагацца за нешта яшчэ больш каштоўнае», — заявіў, абвяшчаючы аўкцыён, Малахоўскі.
Для абсалютнай большасьці алімпійскіх пераможцаў залаты алімпійскі мэдаль ня мае грашовага эквіваленту. Гэта ні з чым не параўнальная эмацыйная каштоўнасьць — як «Оскар» для выканаўцы галоўнай ролі, як найвышэйшая адзнака таго, чаго чалавек можа дасягнуць за ўсё сваё кароткае спартовае жыцьцё, — піша галяндзкае выданьне Het Financieele Dagblad.