Дар’я Домрачава не прынесла доўгачаканага мэдаля у скарбонку зборнай Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Паўднёвай Карэі. Прадэманстраваўшы высокую хуткасьць у індывідуальнай жаночай гонцы на 15 кілямэтраў, біятляністка прамахнулася на стрэльбішчы.
15 лютага ў Пхёнчхане прайшла перанесеная зь серады індывідуальная жаночая гонка на 15 кілямэтраў.
Трохразовая алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 Дар'я Домрачава цягам трох стралковых рубяжоў ішла ў тройцы наймацнейшых, але дапусьціла адразу тры промахі ў чацьвёртай стральбе і выбыла з кола прэтэндэнтаў на мэдалі. У выніку — 27-е месца.
Уладальніца Малога хрустальнага глёбуса ў гэтай дысцыпліне беларуска Надзея Скардзіна фінішавала дзясятай, зрабіўшы адзін промах.
Алімпійскай чэмпіёнкай стала швэдка Ганна Эбэрг. Другая прыступка засталася за славачкай Анастасіяй Кузьміной, трэцяя — за двухразовай алімпійскай чэмпіёнкай Пхёнчхану немкай Ляўрай Дальмаер.
Букмэкеры перад пачаткам стартаў найвышэй ставілі немку Ляўру Дальмаер, у тройку фаварытак таксама ўваходзілі славачка Кузьміна і беларуска Домрачава. Надзея Скардзіна ў стаўках была восьмай.