Аўтары агляду «Барацьбы з экстрэмізмам» дасьледавалі публікацыі дзяржаўных мэдыяў, праўладных Telegram-каналаў, незалежных СМІ, а таксама розныя сьпісы і пералікі, што вядуць дзяржаўныя органы і якія маюць дачыненьне да «экстрэмізму».
Праваабаронцы Human Constanta адзначаюць, што беларускія ўлады яшчэ больш абмежавалі крыніцы інфармацыі пра перасьлед з боку дзяржавы: забаранілі доступ да базы дадзеных судовых рашэньняў і раскладу судоў, хаваюць афіцыйную статыстыку, перасьледуюць праваабаронцаў.
Пашыраны пералік артыкулаў
10 чэрвеня 2025 года Савет Міністраў зацьвердзіў пастанову № 319, згодна зь якой унесеныя зьмены ў парадак уключэньня фізычных і юрыдычных асоб, прыналежных да «тэрарыстычнай» і «экстрэмісцкай» дзейнасьці (гэты сьпіс вядзе КДБ). Пашыраны пералік артыкулаў, паводле якіх людзей уключаюць у гэтыя сьпісы, кажа юрыст Human Constanta Яўген (поўнае імя не называецца з пытаньняў бясьпекі — РС).
«Зьявіліся новыя падставы для ўнясеньня ў „сьпіс тэрарыстаў“: напрыклад, прапаганда вайны (артыкул 123 КК), незаконнае атрыманьне бязвыплатнай замежнай дапамогі (артыкул 369-3).
Паводле 130-га артыкула, уносіць у сьпіс тэрарыстаў можна толькі на падставе рашэньня кіраўніка КДБ, МУС альбо Генпракуратуры, — працэдура нібыта звузілася, але па факце я ня думаю, што будуць нейкія зьмены.
Што тычыцца „сьпісу экстрэмістаў“, які вядзе МУС, цяпер асобу могуць унесьці ў гэты пералік на падставе любога артыкулу Крымінальнага кодэксу (калі, да прыкладу, злачынства зьдзейсьненае па матывах распальваньня варожасьці і г д) — то бок, па любым палітычным артыкуле», — тлумачыць Яўген
У адміністрацыі Лукашэнкі паведамілі аб маштабнай працы камісіі па пытаньнях памілаваньня. Паводле словаў намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольгі Чупрыс, колькасьць разгледжаных хадайніцтваў за апошнія два гады павялічылася ў 7 разоў і дасягае 500 у год. Калі да 2023 года задавальнялася толькі 10% зваротаў, то ў 2025 годзе — 50%.
30 красавіка быў вызвалены грамадзянін ЗША і Беларусі Юры Зяньковіч, асуджаны на 11 гадоў зьняволеньня.
7 траўня Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі да 80-годзьдзя Перамогі. Паводле МУС, амністыя магла закрануць да 8 тысяч чалавек. Аднак «палітычныя» пад гэты закон ня трапілі.
Тым ня менш, у той жа дзень Лукашэнка падпісаў асобны ўказ, якім памілаваў 42 чалавекі, асуджаных па палітычных абвінавачваньнях, зьвязаных з экстрэмізмам. Сярод памілаваных — 18 жанчын і 24 мужчыны.
21 чэрвеня пасьля сустрэчы Лукашэнкі са спэцпасланьнікам Трампа Кітам Кэлагам было вызвалена 14 чалавек: Сяргей Ціханоўскі, грамадзяне Японіі, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Швэцыі, ЗША, некалькі вядомых беларусаў.
Такім чынам, вядома пра памілаваньне больш за 300 палітычных зьняволеных за 12 этапаў памілаваньня з 3 ліпеня 2024 года.
Сьпіс «экстрэмістаў» МУС упершыню быў апублікаваны 23 сакавіка 2022 года і актыўна папаўняецца: на 1 ліпеня ў ім знаходзілася 5467 чалавек, 379 зь іх папоўнілі сьпіс за апошнія 3 месяцы.
Што да сьпісу тэрарыстаў, які вядзе КДБ, на канец чэрвеня 2025 года туды ўключана 1305 чалавек, у тым ліку 610 грамадзянаў Беларусі. За сакавік-чэрвень — плюс 52 беларусы.
Пры тым, ніхто з памілаваных ня быў рэабілітаваны, ня выключаны са сьпісаў «тэрарыстаў» і «экстрэмістаў», а працэс памілаваньня закрануў толькі нязначную частку адвольна затрыманых і несправядліва асуджаных. Апраўдальных прысудаў з красавіка па чэрвень не было.
20 гадоў турмы Антону Матольку
За другі квартал 2025 года максымальным пакараньнем за «экстрэмісцкую дзейнасьць» стала пазбаўленьне волі тэрмінам на 20 гадоў завочна (прысуды па справе «Палка Каліноўскага» і па справе Антона Матолькі). Антон Матолька асуджаны па 13 артыкулах КК на 20 гадоў пазбаўленьня волі і штраф 668 883,45 рублёў (≈$207 354).
На 6 гадоў пазбаўленьня волі быў асуджаны грамадзянін Эстоніі Алан Ройё, прычынай назвалі дапамогу палітвязьням па справе «Fund of Friends of Belarus LTD» (Лукашэнка памілаваў Ройё 21 чэрвеня разам зь Ціханоўскім).
Пачаліся суды па справе «Беларускага Гаюна». 5 лютага 2025 года стала вядома, што сілавыя структуры атрымалі доступ да дадзеных Telegram-аккаунтаў карыстальнікаў, якія адпраўлялі паведамленьні боту маніторынгавай ініцыятывы.
Менавіта ў гэты пэрыяд — з красавіка па чэрвень 2025 года — затрыманыя як мінумум 36 чалавек. Ужо зьявіліся першыя прысуды — на 4 гады пазбаўленьня волі асуджаны дырэктар рэклямнай фірмы з Магілёва Віталь Чаўсаў, на 5 гадоў «хіміі» з накіраваньнем і штрафам у памеры 7 тысяч рублёў Аляксандар Кулінковіч.
6 тысяч асуджаных за 2020-ы
Старшыня Сьледчага камітэта Беларусі Дзьмітры Гара 9 траўня на юрыдычным форуме ў Санкт-Пецярбургу заявіў, што па справах, зьвязаных з пратэстамі 2020 года, былі асуджаныя больш за 6 тысяч чалавек. Паводле ягоных словаў, абвінавачваньні ўключаюць «плянаваньне гвалтоўных дзеяньняў, спробы зьвяржэньня ўлады і арганізацыю экстрэмісцкай дзейнасьці».
Гара таксама сьцьвярджаў, што 6 адміністратараў і 56 актыўных удзельнікаў «экстрэмісцкіх рэсурсаў» атрымалі тэрміны ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі. А 77 чалавек былі асуджаныя за «здраду дзяржаве, збор ваеннай інфармацыі альбо за ахвяраваньні беларускім добраахвотным фармаваньням за мяжой».
Што за лічбу меў на ўвазе старшыня СК, праваабаронцы так і не зразумелі.
«Тут зусім незразумела, што старшыня СК мае на ўвазе: справы, зьвязаныя толькі з пратэстамі, усе „палітычныя справы“. Бо называліся значна большыя лічбы, што да заведзеных спраў. Я чуў і пар 19 тысяч заведзеных спраў. Таму не магу пракамэнтаваць», — кажа юрыст Human Constanta Яўген.
Суды за маршы 2020-га
На думку праваабаронцаў, улады актывізаваліся ў сувязі са сканчэньнем 5-гадовага тэрміну дзеяньня прыцягненьня да адказнасьці паводле некаторых «няцяжкіх» артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у прыватнасьці 342 артыкула КК — удзел альбо арганізацыя масавых беспарадкаў.
«Калі летам 2020 года дэманстрантаў прыцягвалі ў асноўным да адміністрацыйнай адказнасьці па сумнавядомым артыкуле 23.34 КаАП, то зь лістапада 2020 года сталі заводзіць крымінальныя справы паводле артыкула крымінальнага 342-га артыкула. Яго назвалі „народным“ з-за колькасьці заведзеных справаў. Дык вось сёлета ўлады зноў актывізаваліся, каб пасьпець асудзіць больш людзей, рыюцца ў сацсетках людзей, знаходзяць фота з маршаў, 2020-га, затрымліваюць і судзяць. 73-гадовых пэнсіянэраў, 20-гадовых юнакоў», — разважае юрыст.
Дарэчы, у пераліку 379 «экстрэмістаў», якіх унесьлі туды ў апошнія 3 месяцы — спрэс асуджаныя паводле 342 артыкула КК.
За красавік — чэрвень 2025 года ў рэспубліканскім сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі зьявілася інфармацыя пра 335 новых судовых рашэньняў аб прызнаньні матэрыялаў «экстрэмісцкімі» (усяго ў сьпісе па стане на 1 ліпеня знаходзіцца 8383 матэрыялы, у тым ліку 2300 Telegram-ресурсаў).
18 чэрвеня 2025 году Міністэрства ўнутраных справаў прызнала праект Petitions.bу «экстрэмісцкім фармаваньнем». За 10 гадоў існаваньня сайту на ім было апублікавана больш за 6 тысяч пэтыцыяў, якія падпісалі сотні тысяч чалавек.
«Экстрэмісцкім фармаваньнем» прызнаны і праект Мікіты Мелказёрава «Жыцьцё — маліна». Удзельнікамі экстрэмісцкага фармаваньня прызнаныя і тыя вядомыя асобы, хто даваў інтэрв’ю Мелказёраву», — кажа Яўген.
У сьпісе кніг, якія здольныя нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам РБ, 110 забароненых твораў плюс 45 новыя: «літаратура на тэму ЛГБТК+; гістарычная літаратура, што крытыкуе афіцыйную вэрсію гісторыі; кнігі на „змрочныя, шакуючыя і правакацыйныя тэмы“».
6 чэрвеня 2025 года міністар інфармацыі Беларусі заявіў, што Мінінфарм сумесна з праваахоўнымі органамі абмежавалі дзейнасьць 18 тысяч інфармацыйных рэсурсаў, зь якіх амаль 7 тысяч прызнаныя экстрэмісцкімі — то бок 40% блякаваньняў сайтаў у Беларусі — палітычна матываваныя. Толькі ў 2024 годзе было заблякавана больш за 3 150 сайтаў, а за 5 месяцаў 2025 года гэты паказьнік ужо дасягнуты. Паводле ягонага меркаваньня, гэта зьяўляецца індыкатарам таго, што «інфармацыйная вайна ў Беларусі працягваецца і ўзмацняецца“».
Форум