Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі назвалі тэрміны правядзеньня вучэньняў «Захад-2025»

абноўлена

На вучэньнях «Захад-2017». Ілюстрацыйнае фота
На вучэньнях «Захад-2017». Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што супольныя з Расеяй стратэгічныя вучэньні «Захад-2025» пройдуць з 12 да 16 верасьня.

Як адзначаецца ў паведамленьні ведамства, тэма вучэньняў — «прымяненьне груповак войска (сіл) у інтарэсах гарантаваньня ваеннай бясьпекі саюзнай дзяржавы».

Галоўная мэта вучэньняў падпарадкавана праверцы магчымасьцяў Беларусі і Расейская Фэдэрацыі гарантаваць бясьпеку і адбіваць магчымую агрэсію.

Начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі Валеры Равенка ўдакладніў, што на вучэньнях адпрацуюць адбіцьцё ўдараў сродкамі паветранага нападу праціўніка, вядзеньне абарончага бою пры авіяцыйнай падтрымцы і барацьбу з незаконнымі ўзброенымі фарміраваньнямі і дывэрсійна-выведнымі групамі праціўніка.

Паводле яго, беларускі бок яшчэ ў 2024 годзе праінфармаваў усе бакі Венскага дакумэнту аб захадах умацаваньня даверы і бясьпекі аб вучэньнях і запрасілі прадстаўнікоў усіх яго падпісантаў назіраць за іх правядзеньнем.

6 жніўня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб прыбыцьці першага эшалёну з расейскімі вайскоўцамі і вайсковай тэхнікай для ўдзелу ў супольных з Расеяй вучэньнях «Захад-2025». Іх сустракалі хлебам-сольлю. Намесьнік камандуючага Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Павел Шабека тады заявіў, што ў часе вучэньняў плянуюць адпрацаваць «новыя формы і спосабы выкарыстаньня падразьдзелаў вайсковых частак на аснове аналізу апошніх сучасных ваенных канфліктаў».

Аб колькасьці вайскоўцаў, якія будуць удзельнічаць у вучэньнях, пакуль не паведамляюць.

Раней плянавалася, што ў манэўрах будуць удзельнічаць больш за 13 тысяч вайскоўцаў, аднак у чэрвені Віктар Хрэнін паведаміў аб рашэньні зьнізіць колькасьць удзельнікаў беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025», а самыя вучэньні перанесьці ўглыб беларускай тэрыторыі. Але пазьней начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павел Муравейка заявіў, што папярэдняе рашэньне перасунуць раёны правядзеньня вучэньняў «Захад-2025» могуць перагледзець.

Праз гэтыя вучэньні памежныя зь Беларусьсю краіны ўзмацняюць ахову сваіх межаў і паветранай прасторы.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG