Масква, Красная плошча. Некалі — месца канцэнтрацыі левых і правых, памяркоўных і радыкалаў. Цяпер тут вольна пачувае сябе, здаецца, толькі адна сіла — прыхільнікі палітыкі цьвёрдай рукі, зьбіральніка рускіх земляў прэзыдэнта Пуціна.
Малады чалавек трымае ў руках плякат пагрозьлівага зьместу: «Даешь полномочия главе государства на зачистку предателей во власти!». Наўскідку назваць прозьвішчы здраднікаў не гатовы, але перакананы, што на ўсіх узроўнях уладнай вэртыкалі хапае «адмарозкаў», якія хочуць «разгойдаць човен расейскай стабільнасьці». А значыць, іх трэба «вылічыць і вынішчыць».
Прызнаньне імпэрскіх заслугаў Пуціна-заваёўніка яшчэ раней знайшло адлюстраваньне нават у сацыяльнай рэкляме — «Вернули Крым, вернем и Москву без пробок». «Крымнаш» растыражаваны ад імя Цэнтру барацьбы з аўтамабільнымі заторамі.
У іншым месцы пэнсіянэрка раздае газэту «За суверенитет!». Зьмест органа нейкага Нацыянальна-вызвольнага руху красамоўны: пляжыцца «пятая калёна», якая зьнішчыла Савецкі Саюз, а цяпер замахнулася на адзінства Расеі; разьвенчваюцца пляны ЗША і іх памагатых сплянаваць дзяржаўны пераварот; ініцыяваны збор 100 тысяч подпісаў за наданьне Пуціну паўнамоцтваў ажно да надзвычайных, каб супрацьстаяць эканамічнай і інфармацыйнай вайне Захаду.
Дарэчы, у афіцыйна зарэгістраванай інфармацыйна-аналітычнай газэце Пуцін называецца няйначай як «нацыянальным лідэрам», а сам рух нібыта працягвае традыцыі 1612 году, калі пачалася «чыстка польскіх інтэрвэнтаў», якія заселі ў Крамлі. У найноўшай гісторыі за пункт адліку ўзяты 1991, бо менавіта тады, пасьля развалу СССР, Расеі было навязанае «англа-саксонскае кіраваньне».
Зусім недалёка ад палітызаванай цёткі хлопец, убраны пад вайскоўца Маскоўскага княства, дэманструе мінакам халодную зброю, якой, трэба думаць, чатыры стагодзьдзі таму і выпраўлялі на той сьвет палякаў зь пятай калёны. Побач ідзе гандаль армейскімі атрыбутамі, нашмат сьвяжэйшымі ў часе — зімовымі шапкамі-вушанкамі з салдацкімі кукардамі, танкісцкімі і лётніцкімі шлемамі.
Непадалёк у пошуках ахвяраў для сумеснага фатаграфаваньня два правадыры — Ленін у цывільным і Сталін у маршальскіх лямпасах. Зачапіліся за салдата з касьцюмаванай масоўкі, абмеркавалі, колькі за дзень удалося сабраць у агульную касу. Паміж імі ва ўсе бакі курсуюць маладзёны ў кепках і аднолькавых майках, соваючы ў рукі расейскія трыкалёры. Тым часам натоўп гасьцей з рэгіёнаў чакае зьмены варты ля крамлёўскай сьцяны.
Уся дзея адбываецца на фоне патрыятычных сьпеваў купкі асобаў, пераапранутых у чырвонаармейцаў. Тысячны раз пракручваючы ваенны рэпэртуар, яны не шкадуюць гармоніка і ўласных галасавых зьвязак. Пілёткі, ватнікі, георгіеўскія стужкі — увесь антураж сучаснай Расеі. Многія будынкі, што стаяць абапал, упрыгожаныя графіці на ваенную тэму. На ўвесь тыл аднаго зь іх — выява савецкага салдата зь дзяўчынкай на руках з бэрлінскага Трэптаў-парку. Зьявілася пасьля таго, як летась «Начных ваўкоў» крамлёўскага байкера Залдастанава не пусьцілі ў «пераможны ваяж» па Эўропе.
Да месца выглядае іншы сымбаль эпохі, у якую паступова вяртаецца Расея, — серп і молат на маналітнай сьцяне з выказваньнем аднаго колішняга, але зноў актуальнага куміра пра другога: «Учение Маркса всесильно, потому что оно верно. Ленин». Абодва ў крокавай даступнасьці: Маркс — у выглядзе помніка, Ленін — у шкляной труне.
Прапаганда не абмяжоўваецца пэрымэтрам Краснай плошчы. Асноўную працу яшчэ ў кватэрах жыхароў як мэгаполісу, так і ўсёй краіны робяць мэдыі. Гэта пад іхнім уплывам аўтааматары лепяць на шкло выявы «вежливых людей» і праз такія ж налепкі прызнаюцца ў любові да Пуціна.
За пару соцень мэтраў ад маўзалея зь целам правадыра рэвалюцыі пачынаецца Вялікі Маскварэцкі мост. Тут у лютым 2015-га быў забіты адзін з самых пасьлядоўных крытыкаў расейскага рэжыму Барыс Нямцоў. Мінакі стараюцца хутка прабегчы народны мэмарыял, адводзячы вочы ад партрэтаў асабістага ворага Пуціна. Невялікую групку актывістаў, якая вартуе месца ад вандалаў, ня раз лупцавалі ваяўнічыя «патрыёты», але імправізаваны лічыльнік па-ранейшаму адлічвае дні ад моманту забойства дэмакратычнага лідэра. Іх ужо мінула больш за паўтысячы.
А ў Сахараўскі цэнтар удалося трапіць адразу пасьля разгрому выставы міжнароднага конкурсу дакумэнтальных фатаграфіяў «Прямой взгляд». Ахова пайшла насустрач і пусьціла ў залю яшчэ да таго, як дзеля высьвятленьня акалічнасьцяў здарэньня там павінна была зьявіцца міліцыя.
Праваслаўным актывістам ды саманазваным «Вэтэранам Данбасу» не спадабалася, што на здымках пераможцаў намінацыі «Канфлікт» — беларуса Аляксандра Васюковіча і расейца Сяргея Лойкі — фігуравалі ўкраінскія салдаты. «Тройкі» выносілі прысуд на месцы: спачатку царкоўны мастак Белікаў замазаў здымкі фарбай, а на другі дзень казакі і людзі ў камуфляжы з крыкамі «Мочи козлов, спасай Россию!» парвалі аркушы з апісаньнем здымкаў, прысьвечаных вайне ва Ўкраіне.
Супрацоўнікі цэнтру казалі, што такога самасуду не было нават падчас перасьледу акадэміка Андрэя Сахарава. Тады хоць бы стваралася ілюзія справядлівага гневу ад імя грамадзкасьці, было прадказальнае, але ўсё ж судовае рашэньне. Цяпер жа ўсё вырашаецца на ўзроўні крымінальных разборак.
З палёгкай завяршаючы прамэнад па Маскве, раптам наткнуўся нечаканую на шыльду: «Страна, которой нет». Гэта рэстаранная шыльда міжволі акрэсьліла сапраўднае месца Расеі ў сьвеце — намінальна краіна на мапе сьвету нібыта прысутнічае, але мець зь ёй справу ніхто ня хоча. Прыклад таго, як можна стаць ізгоем з уласнай ініцыятывы.
Нават табло адліку да чэмпіянату сьвету па футболе, які Расея спадзяецца прыняць менш як праз два гады, застыла на чатырох нулях. Сапраўды, ці варта зазіраць так далёка ў краіне, якой няма...
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.