Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі сьпеў над тайгой


Тайга з вышыні птушынага палёту
Тайга з вышыні птушынага палёту

Ня толькі «слаўным морам» Байкалам знакамітая Ўсходняя Сыбір — тутэйшая прырода шчодра адорвае людзей цэлай нізкай унікальных адкрыцьцяў і зьяваў, зусім не ўласьцівых іншым мясьцінам. Надзвычай шмат цікавостак хаваецца ў тайзе, куды, дзеля справядлівасьці, непадрыхтаванаму турысту без дасьведчанага гіда лепш ня сунуцца.

Іркуцянін Васіль Анісімаў — напалову беларус, напалову чуваш. Дыплямаваны геоляг, апантаны горны турыст. На просьбу іншага мясцовага беларуса Алега Рудакова стаў нашым правадніком у «таёжную глуш». Яшчэ невядома, ці адважыліся б мы з жонкай на тую авантуру, каб даведаліся, што за паўтара дня давядзецца зьдзейсьніць паўнавартасны маратон — больш як 40-кілямэтровы марш-кідок па зусім не раўніннай мясцовасьці. Зрэшты, гледзячы на дзяўчат з гурту беларускага аўтэнтычнага сьпеву «Крывічы», якія рэгулярна ходзяць у такія вандроўкі і далучыліся да кампаніі з радасьцю, за свае страхі стала проста сорамна.

Прырода папрацавала на славу
Прырода папрацавала на славу
Таёжны «гід» Васіль Анісімаў
Таёжны «гід» Васіль Анісімаў

Віцязь: від зьверху
Віцязь: від зьверху

Віцязь: від зьнізу
Віцязь: від зьнізу

Мэта вылазкі — абысьці скальнікі. Так называюцца каменныя глыбы, якія дзівосным чынам «вырастаюць» проста пасярод тайгі, уражваючы і памерамі, і формамі. Першым у маршруце — гігант-Віцязь на Олхінскім плято. Пратупаўшы зь дзясятак кілямэтраў утаптанай сьцежкаю, упэўнена выходзім да месца. Віцязь узвышаецца на паўсотні мэтраў над зямлёй, зь яго адкрываецца цудоўны від на навакольле і бурлівую раку Вялікая Олха. Здараецца і першы сюрпрыз: неяк сама сабой нараджаецца ідэя наладзіць рэпэтыцыю «Крывічоў»... проста на вяршыні.

Над тайгой сьпявае гурт «Крывічы»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:43 0:00

Мабыць, упершыню беларуская песьня ў выкананьні Алега Рудакова, Волі Галанавай і Вілёны Рабцавай ляціць над бяскрайняй таёжнай прасторай. Яшчэ адну пад пошугі вогнішча Воля Галанава сьпявае перад адыходам да сну.

Ідал: здавалася, што так не бывае
Ідал: здавалася, што так не бывае

Позірк дакладна іншаплянэтны
Позірк дакладна іншаплянэтны

На кілямэтры навокал — пагарэлы лес
На кілямэтры навокал — пагарэлы лес

Цягам дня абыходзім іншыя скальнікі. Самы незвычайны зь іх, напэўна, Ідал. Вачам ня верыш, калі зь лесу раптам паказваецца вялізная галава зь яўнымі проразямі іншаплянэтных вачэй. Нерукатворны Ідал прыцягвае нейкай касьмічнай сілай, але жарты зь ім дрэнныя — абрысы загінулых альпіністаў, выведзеныя белай фарбай на каменным падножжы, нагадваюць, што нездарма гэтае месца было культавым сярод бурацкіх шаманаў. Звычайныя людзі, не далучаныя да кантактаваньня з духамі, Ідала абміналі за кілямэтры. Цяпер падножжа гары заваленае дробнымі манэткамі, пераважна расейскімі — існуе павер’е, што ў душы Ідал усё ж гуманіст і за даніну можа паспрыяць добрым справам. Далей рушым пусткаю — абгарэлыя ствалы нагадваюць пра пажар, які некалькі гадоў таму зьнішчыў сотні гектараў лесу.

Алег Рудакоў гукае Беларусь
Алег Рудакоў гукае Беларусь

Два насы Старухі
Два насы Старухі

Наступныя — скальнікі Політэхнічны, Сыбірак, Чарапаха, Кольцы Ідала, Крэпасьць, Старуха, некалькі безыменных. Толькі прайшоўшы пэўную адлегласьць, разумееш, зь якім маштабам маеш справу. Прыкладам, з каменнага адвесу «кольцаў» адкрываецца прастора на дзясяткі кілямэтраў, а мініятурны Ідал, які прымасьціўся далёка ўнізе, ужо не палохае сваёй падазронасьцю. Скальныя вяршыні дзе-нідзе прымасьціліся літаральна побач зь велічнымі кедрамі, і Вася спрытна караскаецца на дрэва, каб набраць смаляных арэхаў. А Старуха — унікальны прыклад 3D-прапорцыі: каменныя «насы» ўяўнай «бабы» выступаюць на аднолькавай вышыні і адразу з трох бакоў.

Вася з трафэямі-баравікамі
Вася з трафэямі-баравікамі

Здабыча шышак, унізе — прорва
Здабыча шышак, унізе — прорва

Увесь час нашу каманду суправаджаюць цікаўныя бурундукі, а абапал імправізаванай сьцежкі цэлымі палянамі растуць грыбы — такіх колераў, формаў і памераў, што толькі дзіву даесься. Прычым адмыслова пошукам баравікоў, падасінавікаў ці масьлякоў ніхто не азадачваецца, яны самі «ідуць» на людзей. Праваднік Васіль Анісімаў раз-пораз спыняецца, каб расказаць пра нейкія смачныя ягады ды гаючую ўласьцівасьць чарговай травінкі. Урэшце ствараецца ўражаньне, што ў тайзе можна лячыцца практычна ўсім, што трапляецца пад руку.

За пару хвілін да прыняцьця «джакузі»
За пару хвілін да прыняцьця «джакузі»

Каменная рака — курумнік
Каменная рака — курумнік

Рытуальнае купаньне ў горнай рэчцы як рукой здымае стому ад кілямэтраў дарогі. Дасьведчаныя турысты называюць вузкія і бурлівыя затокі паміж валунамі «джакузі», але асацыяцыю гэтую падтрымлівае хіба што колькасьць бурбалак, якія ўздымаюцца ў коле водаваротаў. Мяркуючы па ўсім, тут яшчэ халадней, чым у Байкале, але, вылезшы на паверхню, адчуваеш сябе цалкам «перароджаным». Вада надзвычай празрыстая, і без аніякай засьцярогі можна папаўняць запасы ў дарогу. Адметна, што піць у тайзе бясьпечна практычна зь любой «лужыны» — чысты, смачна і танізуюча. Часта крынічкі б’юць з-пад «курумнікаў» — скальных асыпкаў, сьлядоў ледніковай дзейнасьці. Мясцовыя называюць іх каменнымі рэкамі.

Сьціплы «намёт» тафалараў
Сьціплы «намёт» тафалараў

Вёску затапілі, хаты — у музэй
Вёску затапілі, хаты — у музэй

Стомленыя, але шчасьлівыя ад асабістага подзьвігу, вяртаемся на базу. Самы час пазнаёміцца з побытам тубыльцаў, для якіх шматдзённыя пешыя ды конныя пераходы стагодзьдзямі былі звыклай справай. За паўсотні кілямэтраў ад Іркуцку, у пасёлку Тальцы на беразе Ангары, месьціцца аднайменны архітэктурна-этнаграфічны комплекс. Нешта падобнае арганізавана ў Строчыцах пад Менскам, але сыбірскі аналяг больш маштабны. Ён ахоплівае асноўныя пласты гісторыка-культурных зонаў Прыбайкальля — расейскі, бурацкі, эвенкійскі і тафаларскі. Наведнікі на ўласныя вочы могуць пабачыць, як трансфармавалася жыцьцё мясцовага насельніцтва — ад прымітыўных юртаў качэўнікаў да стацыянарных зімоўяў.

Драўлянае зімоўе буратаў
Драўлянае зімоўе буратаў

Бураты дагэтуль «шаманяць»
Бураты дагэтуль «шаманяць»

Разам з усёй Усходняй Сібір’ю байкальскі рэгіён трапіў пад расейскі пратэктарат 350 гадоў таму, пачаўшы адлік новай для сябе эры. Дагэтуль на працягу тысячагодзьдзяў гаспадарамі бязьмежнай тэрыторыі былі курыканы, якіх паступова выціснулі мацнейшыя плямёны баргутаў і булагатаў, а пасьля этнічная лінейка пашырылася праз «сувэрэнізацыю» буратаў, тафалараў, эвэнкаў, тунгусаў ды іншых. Цывілізацыю кожны з гэтых народаў перажыў па-свойму: калі колькасьць буратаў ацэньваецца ў 620 тысяч, то тафалараў засталося крыху больш за 700 чалавек і паўстае пагроза іх поўнага зьнікненьня.

Каскад млыноў па-сыбірску
Каскад млыноў па-сыбірску

Стылізаваная вуліца
Стылізаваная вуліца

Багацьцю калекцыі архітэктурнага дойлідзтва ў Тальцах, як выявілася, паспрыяла ня столькі жаданьне пакінуць нашчадкам матэрыяльныя прыклады жытла тутэйшых народнасьцяў, колькі амаль безвыходная сытуацыя, выкліканая імклівай індустрыялізацыяй. Аснову музэя складаюць драўляныя пабудовы малых гарадоў і сёлаў Іркуцкай вобласьці, якія трапілі ў зону затапленьня пры пабудове на пачатку 1950-х каскаду гідраэлектрастанцыяў на Ангары. Дарэчы, большая частка буйнога некалі пасёлку Тальцы таксама пайшла пад ваду, а на ўзвышшы як своеасаблівы помнік загінулым вёскам было вырашана арганізаваць музэй.

Фрагмэнт Усьць-Ілімскага астрогу
Фрагмэнт Усьць-Ілімскага астрогу

Прыбрамная царква астрогу
Прыбрамная царква астрогу

Самым маштабным экспанатам — рэканструяваная сьцяна Ілімскага астрогу XVII стагодзьдзя, аднаго зь першых расейскіх паселішчаў ва Ўсходняй Сыбіры. У 1960-х, у зьвязку з будоўляй Усьць-Ілімскай ГЭС і затапленьнем вялікай тэрыторыі, лёс помніка быў перадвырашаны, гэтаксама як і тысяч іншых збудаваньняў. Толькі дзякуючы гісторыкам, краязнаўцам, проста неабыякавым людзям, з амаль затопленага Ілімску ў бясьпечнае месца ўдалося вывезьці элемэнты крэпасьці зь Вялікай спаскай вежай і Казанскай прыбрамнай царквой. Цяпер у плянах музэйнікаў — аднавіць паводле чарцяжоў увесь астрог.

Вясковая царква, уратаваная ад затапленьня
Вясковая царква, уратаваная ад затапленьня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG