Дзьмітры Карэнка — рэдактар праекту Эўропа-ТВ, які працуе на ангельскай і расейскай мовах. Цягам апошніх 10 гадоў ён займаўся стварэньнем інтэрнэт-мэдыяў. Пачынаў як рэдактар рэсурсу «Новая Эўропа», які займаўся пытаньнямі эўрапейскай інтэграцыі для Беларусі.
— Для шырокага кола гледачоў ваш праект дагэтуль невядомы. Якія мэты вашага каналу і якія дасягненьні ўжо ёсьць?
— Першы тэставы запуск адбыўся яшчэ ў траўні мінулага году. Навошта такі праект? Я лічу, што чым больш існуе розных мэдыя-праектаў, тым лепш. У цэлым, сытуацыя ў краіне зьмяняецца, але дагэтуль вельмі бракуе свабоды слова. Адпаведна, наша публічная прастора пазбаўлена канала камунікацый. Мы вельмі моцна ізаляваныя інфармацыйна. Для Беларусі актуальна дамінаваньне расейскіх СМІ, а экспэрты ўсё часьцей пачалі размаўляць пра інфармацыйную бясьпеку. Хоць я лічу, што гэта ўнутранае пытаньне.
Ні ў якім разе нельга казаць што мы знаходзімся недзе на пэрыфэрыі. Менск, праз тыя падзеі, якія адбыліся ў суседняй краіне, нечакана для сябе апынуўся ў цэнтры, на скрыжаваньні вельмі сур’ёзных міжнародных працэсаў.
Нам патрэбныя СМІ пра тое, што адбываецца вакол нас і на Захадзе. У эпоху інфармацыйных войнаў стварэньне якаснага кантэнта мае дадатковую вартасьць. Як і разьвіцьцё крытычнага мысьленьня. Менавіта крытычнае мысьленьне дазваляе супрацьстаяць інфармацыйным уплывам, якія на нас абрынаюцца з розных бакоў.
Адпаведна з гэтым, трэба паказваць нашае бачаньне сытуацый. Наш праект таксама ня цалкам клясычны, таму што ён дазваляе наладжваць камунікацыі паміж рознымі суб’ектамі. У нас, беларусаў, сапраўды існуе праблема мэдыя-камунікацыі з міжнароднай супольнасьцю, інфармацыйнага выхаду ў зьнешнюю інфармацыйную прастору. Я маю на ўвазе часткова рускамоўную аўдыторыя, але найбольш ангельскамоўную. Існуе вельмі абмежаваная колькасьць ангельскамоўнай інфармацыі аб тым, што сапраўды адбываецца ў краіне. Літаральна можна падлічыць на пальцах рукі. І гэта ў той час, калі запыт на наш рэгіён калясальна вырас.
Ні ў якім разе нельга казаць што мы знаходзімся недзе на пэрыфэрыі. Менск, праз тыя падзеі, якія адбыліся ў суседняй краіне, нечакана для сябе апынуўся ў цэнтры, на скрыжаваньні вельмі сур’ёзных міжнародных працэсаў. І гэта вымагае ад нас дзеяньняў і праектаў, якія б адпавядалі сытуацыі. Мы мусім быць на гэтым узроўні — бачныя, заўважныя, мець свае прапановы, ня быць нейкім пасіўным бокам і толькі пляцоўкай для перамоваў. Як зараз шмат хто жартуе, што Лукашэнка — афіцыянт у заходнеэўрапейскім рэстаране.
Зараз ёсьць вялікая магчымасьць для Беларусі больш выразна заявіць пра сябе на міжнародным узроўні. Так, праблемы застаюцца з тымі ж правамі чалавека, свабодай слова. Пасля 2013-2014 году шмат што ў сьвеце зьмянілася і трэба вучыцца па-новаму арыентавацца ў новай карціне сьвету. Большасьць рэчаў, якія былі актуальны раней, больш ужо не працуюць. Таму Беларусі трэба стаць больш актыўным гульцом у новым сьвеце, заявіць пра сваю незалежнасьць, самастойнасьць і быць паўнавартасным удзельнікам міжнародных працэсаў. Асабліва ў тым, што кранаецца эўраінтэграцыі ня толькі для краіны, але і ў рэгіёне цалкам.
— Якія ж канкрэтныя крокі робіць ваш канал і якая для яго ёсьць будучыня? Да таго ж, ёсьць вядомы беларусам тэлеканал «Белсат». Гэта ваш канкурэнт ці ўсё ж спарынг-партнэр?
— Сёньня ў рускамоўнай прасторы ўвогуле няма праектаў, якія б сур'ёзна і аб'ектыўна гаварылі пра эўраінтэграцыю, для якіх гэта было б місіяй. Таму, тут пытаньне зусім не ў Белсаце. Больш за тое, такі недахоп ёсьць ва ўсіх суседніх краінах. Што датычыцца Расеі — то там увогуле паступова забараняюць працу замежных каналаў. Беларуская ж аўдыторыя дагэтуль знаходзіцца пад уплывам расейскай прэсы. З заходнімі СМІ, у сваю чаргу, увогуле амаль няма сувязі. Пра тое, што адбываецца ў Беларусі часьцей за ўсё нават няма нейкай базавай інфармацыі.
Фактычна, з аднаго боку мы можам казаць пра нейкую дзяржаўную прапаганду і яе падачу міжнародных навінаў, а з іншага боку — Расея. Мы ня маем нейкіх асобных крыніцаў інфармацыі пра тое, што адбываецца ў ЭЗ, хоць там і адбываецца шмат спрэчных працэсаў. Мы вельмі моцна недаацэньваем той факт, што рэгіён Усходняй Эўропы — гэта мегацікавы рэгіён. Тут вельмі шмат матэрыялу. Гэта трэба неяк уздымаць, закранаць, паказваць.
— Вы шмат распавядаеце пра эўраінтэграцыю. Але ці гатовыя беларусы да гэтага? На жаль, дагэтуль існуе вялікая колькасьць людзей, якія выступаюць за саюз з Расеяй, а не з Эўропай.
— Так, сапраўды ёсьць такія людзі. Але нам ня трэба разважаць у катэгорыях «альбо — альбо», трэба глядзець ня толькі ў адзін бок. Эўраінтэграцыя — гэта перш за ўсё пашырэньне сувязяў на заходнім баку. Цяпер яны досыць абмежаваныя і іх мала. Нядобра, што ў нас вельмі блізкія адносіны толькі з Расеяй, а на іншых кірунках — ня вельмі. Што б там ні казалі пра шматвэктарнасьць — выразны вэктар у нашай краіне існуе толькі адзін — ён ідзе на ўсход. І гэта праблема. Успомніце хаця б, якія праграмы ня так даўно ішлі на расейскім тэлебачаньні і якія тэзісы там гучалі кшталту «Беларусь — гэта няверная жонка Расеі» і гэтак далей. І гэта выклік — нам трэба знайсьці такую формулу, пры якой мы не будзьма выбіраць толькі нешта адно.
Праблема сучасных мэдыяў — вялізарнае спрашчэньне інфармацыі, калі нават сур’езныя тэмы спрабуюць перавесьці ў «плякатныя» выгляды. Няма прасторы для думкі і крытычнага мысьленьня, нечага яшчэ. Трэба нашмат глыбей разумець працэсы, якія сапраўды адбываюцца.
— Кожнае СМІ павінна мець сваю аўдыторыю. Каго вы лічыце сваёй асноўнай аўдыторыяй?
— Вядома ж, гэта актыўныя карыстальнікі інтэрнэту і сацыяльных сетак. У нас акрамя каналу на Youtube ёсьць і акаўнты ў сацыяльных сетках, дзе мы актыўна працуем. Дагэтуль шмат беларускіх мэдыяў ня дужа актыўна карыстаюцца сацсеткамі, што вельмі дзіўна. Так, можа быць і вельмі шмат падпісантаў, але няма ўзаемадзеяньня і пасылу да аўдыторыі.
Паглядзіце на колькасьць СМІ, якія стала працуюць з відэа. Цяпер усе кажуць, што відэафармат стаў вельмі лёгкім і дасяжным, але па факце выкарыстаньня мала. Нават новыя фарматы, якія прыходзяць да нас з замежных СМІ, выкарыстоўваюцца не заўсёды. Так, можна рабіць кароткія відэа з тэкстам ці нешта яшчэ, але ў іх немагчыма зьвесьці ўсю разнастайнасьць сытуацыі ў Беларусі.
Праблема сучасных мэдыяў — вялізарнае спрашчэньне інфармацыі, калі нават сур’езныя тэмы спрабуюць перавесьці ў «плякатныя» выгляды. Няма прасторы для думкі і крытычнага мысьленьня, нечага яшчэ. Трэба нашмат глыбей разумець працэсы, якія сапраўды адбываюцца.
Ну вось напрыклад увесь апошні год прайшоў пад знакам інфармацыйных войнаў. Часам, нават незаўважна для саміх СМІ, яны пераўтвараюцца ці ў прапагандысцкія, ці ў контрапрапагандысцкія каналы. І гэта вельмі цяжка адсачыць. Таму пытаньне ў тым, як сёньня ствараць якасны кантэнт. Можна выкарыстоўваць усе сучасныя фішкі і прасоўваць праз усе магчымыя каналы, але ці гэта дае якасьць?
Адказваючы ўсё ж такі на пытаньне аўдыторыі — так, гэта карыстальнікі інтэрнэту і сацсетак. Кожная з сацсетак, відавочна, патрабуе асобнага падыходу, што даволі цяжка. Зь іншага боку, гэта можа быць нашая міжнародная аўдыторыя. Ня толькі зь Беларусі, але і з усяго расейскамоўнага рэгіёну. Таксама вельмі хочацца, каб нас, беларусаў, убачылі яшчэ і за заходняй мяжой. Возьмем просты прыклад. Паглядзіце, колькі інфармацыі пра нас можа пабачыць іншаземец у тым жа Твітэры. У параўнаньні з Расеяй, Украінай — гэта нішто. Нават колькасьць людзей, якая карыстаецца Твітэрам, вельмі нязначная. Чаму так — асобнае пытаньне. Але калі б хоць некалькі вядомых блогераў пісалі ў Твітэры ці Фэйсбуку хаця б раз-два на тыдзень па-ангельску — быў бы калясальны «прамоўшн» як для іх, так і для краіны.
Мы можам колькі заўгодна наракаць на «русский мир», але сёньня мы жывем у час, калі можна самім даносіць сапраўдную інфармацыю. Аднак жа мы гэтага не робім. Перакладаем на іншых, на дзяржаўныя СМІ і гэтак далей. Але сусьвет стаў глябальным. Так што трэба нешта рабіць і самім.
Рызыкі і перашкоды — гэта частка прафэсіі журналіста ў Беларусі. Частка гульні, правілы якой трэба прымаць да ўвагі
— У Беларусі, на жаль, дагэтуль ёсьць праблемы з правамі чалавека, са свабодай слова. Якія праблемы вы бачыце са СМІ? Зь якімі сутыкаліся асабіста?
— Сапраўды ёсьць праблемы для беларускіх СМІ з рэгістрацыяй, акрэдытацыяй, доступам да афіцыйных мерапрыемстваў і крыніцаў. Не гаворачы ўжо пра нешта большае. А яшчэ, узгадайце вялізарныя штрафы, якія атрымоўваюць незалежныя журналісты. Усё гэта не спрыяе таму, што імідж і жаданьне займацца журналістыкай будзе.
Што тычыцца цэнзуры і забароны сайтаў — так, гэта існуе. Але наш сайт, як і хостынг, не знаходзяцца ў зоне .by. Усё дзеля таго, каб хтосьці ня мог у адзін момант закрыць доступ да сайту ці абмежаваць яго. Так, магчыма ёсьць і самацэнзура, але пакуль што няма пазытыўнага вобразу стварэньня рэсурасаў на дамэне .by. Але зь іншага боку папулярнасьць гэтай дамэннай зоны даволі моцна вырасла. Як бы там ні было, мы захоўваем «by» нават у назве нашага сайту. Пытаньне яшчэ і ў тым, наколькі гэтая даменная зона цікава для іншаземцаў, якія будуць нешта шукаць.
Падсумоўваючы, можна яшчэ раз паўтарыць, што праблемы ў заканадаўстве ёсьць і досыць вялікія. Чамусьці так атрымоўваецца, што мы ўсё абмяркоўваем толькі постфактум. Беларусам трэба больш думаць пра лабіяваньне, прасоўваньне сваіх інтарэсаў, думаць больш наперад. Трэба, аднак жа разумець, што такія рызыкі і перашкоды — гэта частка прафэсіі журналіста ў Беларусі. Частка гульні, правілы якой трэба прымаць да ўвагі. Трэба лічыцца з такім кантэкстам і працаваць, знаходзячы ўсе магчымасьці.
— Якой вы бачыце будучыню беларускіх мэдыяў праз 5-10 год?
— Я спадзяюся, што зьявіцца значна больш гульцоў на мэдыя-рынку, больш зьявіцца імёнаў, новыя цікавыя міжнародныя праекты. Магчыма, нават, міжнародныя партнэрскія. Хацелася б, вядома ж, і больш кантэнту замежнага і даступнага для замежнікаў. Можа, для мэдыяў будзе больш шанцаў працаваць з замежнымі партнэрамі. Ёсьць спадзяваньні таксама і на тое, што пашырыцца далягляд тэм і, відавочна, іх зьмест.