Валерыя Ўхналёва, кіраўніка ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі ад партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна, запрасілі наведаць Цэнтральную выбарчую камісію. Прычына — на прэтэндэнта прыйшла скарга.
Пасьля наведваньня Цэнтарвыбаркаму Валер Ухналёў распавёў Свабодзе:
«Пільныя грамадзяне з Лельчыцаў напісалі скаргу ў ЦВК, што нашая каманда нібыта парушае выбарчае заканадаўства. Падчас пікетаў нашыя людзі раздавалі праграму партыі і буклеты пра партыю. Дарэчы, буклеты гэтыя яшчэ 2011 году выданьня.
Я напісаў тлумачальную, што гэтыя дакумэнты ня маюць непасрэднага дачыненьня да цяперашняй выбарчай кампаніі. На мой погляд, тут праблемы няма».
Паводле дзейнага заканадаўства, раздаваць інфармацыю пра кандыдатаў на прэзыдэнта можна толькі пасьля іх афіцыйнай рэгістрацыі. Таму экспэрты ЦВК павінны вынесьці свой вэрдыкт — было ў дадзенай сытуацыі парушэньне закону ці не было. Калі чальцы Цэнтарвыбаркаму палічаць, што каманда Сяргея Калякіна парушыла заканадаўства, яму могуць аб’явіць афіцыйнае папярэджаньне.