Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гендырэктар МАГАТЭ лічыць БелАЭС «адным з найбольш пасьпяховых праектаў»


Роўна за тыдзень да 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Менску ўрачыста адкрылася VIII Міжнародная выстава і канфэрэнцыя «Атамэкспа-Беларусь 2016».

Адмыслова на выставу прыехаў ганаровы госьць — генэральны дырэктар МАГАТЭ Юкіё Амана.

Віцэ-прэмʼер ураду Ўладзімер Сямашка на адкрыцьці форуму запэўніў, што будаўніцтва Беларускай АЭС ідзе згодна з плянам, да канца 2018 году мяркуецца запусьціць першы блёк, да ліпеня 2020-га — другі. І ад самага пачатку, ад ідэі будаўніцтва і да фактычнай рэалізацыі праекту беларусы выконваюць усе рэкамэндацыі МАГАТЭ.

Тут адбыўся абмен камплімэнтамі. Гендырэктар МАГАТЭ, у сваю чаргу, назваў праект Беларускай АЭС, якая будуецца ў Астраўцы, адным з самых пасьпяховых у сьвеце.

«На дадзены момант можна сказаць, што стварэньне двухблёчнай станцыі ў Астраўцы — гэта адзін з найбольш пасьпяховых праектаў у краінах, якія ступаюць на шлях разьвіцьця атамнай энэргетыкі», — сказаў Юкіё Амана.

Юкіё Амана (у цэнтры) і Ўладзімер Сямашка (справа)
Юкіё Амана (у цэнтры) і Ўладзімер Сямашка (справа)

Ён падкрэсьліў, што бясьпека — асноўны кірунак працы МАГАТЭ, заўважыўшы: Фукусіма прадэманстравала, што нават у вельмі разьвітых краінах магчымыя аварыі. Але за 5 гадоў пасьля Фукусімы ўзровень бясьпекі эксплюатацыі атамных электрастанцыяў значна вырас ва ўсім сьвеце.

Юкіё Амана апавёў, што цяпер у сьвеце эксплюатуецца 444 блёкі атамных электрастанцыяў, якія працуюць у 30 краінах. 64 рэактары знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва (два зь іх — на Беларускай АЭС), а 30 краін маюць намер разьвіваць ядзерную энэргетыку.

Пасьля ўрачыстага адкрыцьця з разразаньнем чырвонай стужкі беларускія чыноўнікі і госьць з МАГАТЭ абышлі стэнды выставы, і паўсюль іх запэўнівалі, што новая станцыя будзе бясьпечная.

Віцэ-прэзыдэнт па праекце Беларускай АЭС АТ «НДАЭП», кіраўнік «Атамбудэкспарта» Юры Пуставы тлумачыў гендырэктару МАГАТЭ:

«Абарона ад землятрусу да 8 балаў, АЭС не баіцца ні цунамі, ні паводкі, ні шторму, урагану, сьмерчу, нават падзеньня самалёта. Выкарыстаньне штатных сыстэм абароны дазваляе цягам 72 гадзін кіраваць аварыяй».

На чым заснаваная ўпэўненасьць расейскага боку, запыталіся журналісты ў першага намесьніка генэральнага дырэктара па апэрацыйным кіраваньні Дзяржкарпарацыі «Росатом» Аляксандра Локшына:

«Атамная станцыя — вельмі складаны абʼект, у яе збудаваньні бяруць удзел дзясяткі арганізацыяў, таму ў абазнанага, дасьведчанага чалавека адказ „Усё ідзе па графіку“ адразу выклікае недавер. Тым ня менш будоўля ідзе па графіку, ніякіх апасеньняў, што мы не пасьпеем да 2018 году, цяпер няма. Гэта не азначае, што няма праблемаў, праблемы заўсёды ёсьць. Але яны не ўплываюць на крытычны шлях збудаваньня станцыі.

Першы блёк узводзіцца па графіку, ёсьць невялікае апярэджаньне на другім блёку. Дысцыпліна і досьвед — самае галоўнае. Шмат чаму мы навучыліся на будаўніцтве Новаваронескай і Ленінградзкай станцыяў. Чым больш будуем, тым лепш будуем», — заўважыў прадстаўнік «Росатома».

На будоўлі АЭС выканана ўжо 38% будаўніча-мантажных працаў, паведаміў намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк. Фінансаваньне ідзе па графіку.

Вакол будоўлі АЭС вось ужо некалькі гадоў ідуць гарачыя спрэчкі. Каго больш — праціўнікаў ці прыхільнікаў? Інстытут сацыялёгіі рэгулярна праводзіць маніторынгі грамадзкай думкі. У 2005 годзе амаль 47% рэспандэнтаў былі супраць разьвіцьця ядзернай энэргетыкі, 28% — за, 25% — ня мелі адказу. Праз 10 гадоў, у 2015 годзе 48% — за, 20% — супраць, і 32% ня вызначыліся, кажа навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі Алена Марцішчанкава. Больш за ўсё праціўнікаў АЭС — у Віцебскай вобласьці, якая даволі далёка ад Астраўца. А вось у самім Астраўцы 70% насельніцтва станоўча ставяцца да будоўлі. Людзі думаюць, што будзе разьвівацца інфраструктура, горад пераменіцца да лепшага. І яшчэ адну цікавую акалічнасьць адзначыла сацыёляг: беларусы не зацікаўленыя ў атрыманьні інфармацыі пра АЭС, наагул пра ядзерную энэргетыку.

Прафэсар, фізык-ядзершчык Станіслаў Шушкевіч — прыхільнік таго, каб была ядзерная энэргетыка ў Беларусі. Але некаторыя пытаньні яго бянтэжаць. Сваю пазыцыю ён тлумачыць такім чынам:

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

«Чаму прыхільнік? Таму што няма ніводнай краіны ў сьвеце, у якой прыстойны ўзровень жыцьця і дабрабыт, каб там спажывалі так мала энэргіі на душу насельніцтва, як спажываем мы. Мы спажываем менш за 4 тысячы кіляват-гадзін на чалавека ў год. А Нарвэгія, напрыклад, у 5 разоў болей. Тое самае Нямеччына, ЗША. Ну, ёсьць пару бедалагаў, як мы — Баўгарыя, Румынія. Калі мы хочам быць заможнай краінай, то ядзерная энэргетыка нам патрэбная, іншай крыніцы энэргіі ў нас няма.

Другое: на мой погляд, у нас адно зроблена непрыстойна — гэта выбар пляцоўкі. Тое, што не запрасілі акадэміка Радзіма Гарэцкага, калі ішло абмеркаваньне выбару пляцоўкі, сьведчыць пра тое, што тут можа быць палітычны аспэкт. Які — я, на жаль, ня ведаю. Бо калі што, вадасьцёк увесь пойдзе ў Вільню. Калі нешта там здарыцца, то пагроза небясьпекі суседу. І гэта вырашалася без усялякіх кантактаў, перамоваў з суседзямі. І гэта дрэнна.

А што да кіраўніка МАГАТЭ, які прыехаў зараз сюды, ён жа ня фізык, не прафэсіянал у ядзернай энэргетыцы. Ён юрыст, прафэсіянал у юрыдычных пытаньнях. А зь юрыдычнага боку быццам бы ўсё ў парадку.

Расея — чалец МАГАТЭ, робіць усё магчымае, каб яе там добра ўспрымалі. І будзе рапартаваць, як добра яны будуюць нам АЭС».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG