Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта філязофія Грушавога — усё ў гэтым жыцьці павінна быць найлепшае», — Някляеў


24 ліпеня споўнілася б 65 гадоў Генадзю Грушавому — заснавальніку дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля», доктару філязофскіх навук, прафэсару, дэпутату Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьня. Ён пайшоў з жыцьця паўтара года таму, 28 студзеня 2014 году, ад цяжкой хваробы — апошнія 5 гадоў ён хварэў на лейкемію.

У дзень народзінаў Генадзя Грушавога ў Садзе Надзеі, які носіць ягонае імя і месьціцца побач з царквой Усіх Тужлівых Радасьці (царкоўны комплекс на скрыжаваньні вуліц Прытыцкага і Эўфрасіньні Полацкай), зьбяруцца родныя, сябры, калегі. Яны ўзгадаюць Генадзя Грушавога ля грушы, якую на дзесяцігодзьдзе аварыі на ЧАЭС ён сам пасадзіў.

Справай жыцьця Генадзя Грушавога стала дапамога дзецям, пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У 1989 годзе Грушавы стаў старшынём Камітэту БНФ «Дзеці Чарнобыля», які потым ператварыўся ў дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобыля». За час сваёй працы фонд дапамог больш як 2 мільёнам жыхароў Беларусі. 160 тысяч дзяцей былі накіраваныя на рэабілітацыю і аздараўленьне ў шмат якія краіны сьвету. Грушавы зьвярнуў увагу ўсяго сьвету на неабходнасьць арганізаваць сыстэму дапамогі беларускім дзецям. Навуковец-філёзаф здолеў зразумець тое, чаго не зразумеў шмат хто з мэдыкаў.

Блізкі сябар і паплечнік Генадзя Грушавога Яўген Агурцоў кажа, што Грушавы не зьбіраўся паміраць. За дзень да сьмерці яны разам пілі гарбату ў кавярні «Амэтыст» і строілі пляны:

«Шэсьцьдзесят пяць — але гэта так мала! У яго было столькі думак, ідэй, надзей. Я ўзгадваю, як мы зь ім езьдзілі па чарнобыльскай зоне. Я бачыў, як шчыра ён імкнуўся дапамагчы людзям вывезьці адтуль дзяцей. Я памятаю, як мы былі зь ім у Маскве і як ён, размаўляючы з актрысай Маргарытай Церахавай, дзякаваў ёй за тое, як у свой час мы зь ёй змаглі „выбіць“ 100 тысяч рублёў на фонд „Дзецям Чарнобыля“. Генадзь Грушавы — гэта той чалавек, які, пачынаючы калясальную справу — фонд „Дзецям Чарнобыля“, ствараў першыя ячэйкі грамадзянскай супольнасьці. Так, яны не разьвіліся. Калі б гэта атрымалася, мы б цяпер жылі ў іншай краіне, мы б мелі грамадзянскую супольнасьць, грамадзянін мог бы кіраваць сваёй дзяржавай. Ён умеў размаўляць зь людзьмі, людзі яго разумелі, і ён разумеў гэтых людзей. Так мала цяпер падобных асобаў у нашым палітычным і грамадзкім жыцьці, што, канечне, гарую. Смуткую. Але і радуюся, што быў знаёмы з такім цудоўным чалавекам».

Памяці Генадзя Грушавога
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:46 0:00
Наўпроставы лінк

Журналіст Леанід Міндлін таксама сябраваў з Грушавым, здымаў ролік пра Сад Надзеі. Узгадваючы Грушавога, спадар Міндлін падкрэсьліў, што Генадзь скончыў менскую школу № 50, а гэта была адна з найлепшых фізыка-матэматычных школ у Савецкім Саюзе. Там не магло быць ніякіх «блатных» асобаў, таму што яны б там проста ня здолелі доўга пратрымацца. Выпускнікі звычайна выбіралі спэцыяльнасьці, зьвязаныя зь фізыкай, матэматыкай, праграмаваньнем, а Генадзь Грушавы абраў філязофію.

«У яго была такая добрая самаіронія. Гэтая такая цікавая рыса, нямногія людзі яе маюць. Я памятаю, ён заўважыў: „Ну, як сказаў клясык, я прыйшоў у філязофію, каб зразумець сьвет, дзеля таго каб яго перабудаваць“. Ну, і ўсьміхнуўся вельмі загадкава. А я потым падумаў: ён нешта такое зразумеў, чаго не зразумела значная большасьць нашых суайчыньнікаў. І ён, магчыма, перабудоўваў гэты сьвет па-свойму. Вось гэты фонд — „Дзецям Чарнобыля“ — ягоны ўнёсак у перабудову гэтага сьвету.

Калі ён адышоў, я падумаў, што Генадзь Грушавы быў з тых людзей, якіх называюць „дзяржаўныя асобы, дзяржаўныя мужы“. Вось такі быў Генадзь Грушавы. І бяда нашага грамадзтва, нашай дзяржавы ў тым, што вось такія людзі з гэтымі якасьцямі не былі запатрабаваныя. Інакш мы, магчыма, жылі б ужо ў іншай Беларусі».

Генадзь Грушавы і чарнобыльскія дзеці
Генадзь Грушавы і чарнобыльскія дзеці

Генадзь Грушавы ведаў пра сваю хваробу, даражыў кожным пражытым днём. Калі яму споўнілася 59, вырашыў адзначыць 60-гадовы юбілей. Вялікую колькасьць сваіх сяброў, паплечнікаў запрасіў у рэстарацыю, асобна адзначаў яшчэ і з найбліжэйшымі. Узгадвае паэт, сябар Грушавога Ўладзімер Някляеў:

«Памятаю, як мы адзначалі 60-годзьдзе Грушавога. З раніцы пайшлі па Менску шукаць найлепшае віно, якое толькі можна знайсьці на найлепшы дзень у жыцьці. Потым доўга шукалі ў ягоным садку найлепшую яблыню, пад якой можна было б пасядзець і падумаць пра найлепшую ў найлепшы дзень народзінаў, выпіваючы найлепшае віно. Гэта філязофія Грушавога — усё ў гэтым жыцьці павінна быць найлепшае. І перш за ўсё найлепшае само жыцьцё ў найлепшай краіне, якая толькі ёсьць на белым сьвеце і якой ён лічыў Беларусь. І дзеля таго, каб яна стала найлепшай, шмат што зрабіў. Можна сказаць, што ён жыў дзеля гэтага на белым беларускім сьвеце. Я часьцяком яго згадваю. Сёньня не хапае людзей зь верай, са сьветлай верай у будучыню, зь няўрымсьлівасьцю ў стварэньні гэтай будучыні, з энэргіяй, каб сабраць людзей у адзін сад, дзеля таго каб яны разам пра гэтую будучыню ня толькі думалі, але і нешта рабілі дзеля яе. Ён працаваў з усімі — садоўнікамі, геолягамі, з тымі, хто нечага шукае. Ён быў шукальнікам. Яго любіла моладзь, яго любілі жанчыны, яго любілі людзі, старэйшыя за яго. Бо, гледзячы на гэтага чалавека, узьнікала надзея, што ўсё і будзе менавіта так, як ён кажа — найлепшым чынам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG