Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве арганізатара «Несьмяротнага палка» аблілі зялёнкай і фэкаліямі


Шэсьце «Несьмяротнага палка» ў Кіеве, 9 траўня 2018 году
Шэсьце «Несьмяротнага палка» ў Кіеве, 9 траўня 2018 году

Адразу некалькі акцыяў, прымеркаваных Дню Перамогі над нацызмам, адбылося ў Кіеве 9 траўня.

Для адных памяць, для іншых — сьвята

У Кіеве афіцыйныя мерапрыемствы пры ўдзеле кіраўніцтва дзяржавы традыцыйна адбываліся на тэрыторыі Нацыянальнага музэю гісторыі Ўкраіны ў Другой усясьветнай вайне. Тут навабранцы Ўзброеных сіл краіны ўрачыста далі прысягу.

Пятро Парашэнка выступае 9 траўня
Пятро Парашэнка выступае 9 траўня

Расказваючы пра тое, што памяць ахвяраў Другой усясьветнай вайны мае перасьцерагчы сьвет ад паўтарэньня падобнай катастрофы, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў:

«На жаль, не перавяліся яшчэ маньякі, гатовыя паставіць сьвет на мяжу ўжо трэцяй усясьветнай вайны. І яны тут, непадалёк, што ад нас патрабуе асаблівай пільнасьці і адказнасьці».

«Несьмяротны полк» у Кіеве

Раніцай кіраўніцтва ўкраінскай дзяржавы ўшанавала памяць палеглых у вайне ўскладаньнем кветак да Мэмарыялу славы, які знаходзіцца за квартал ад музэю.

Праз гадзіну да гэтага ж помніка пад лёзунгамі «Фашызм ня пройдзе» прыйшлі ўдзельнікі расейскай акцыі «Несьмяротны полк». Сёлета іх сабралася значна менш, чым летась — каля 1,5 тысячы чалавек, у тым ліку дэпутаты парлямэнту ад фракцыі «Апазыцыйны блёк» Нестар Шуфрыч ды Вадзім Навінскі.

Да ўдзельнікаў ня змог далучыцца расейскі дыплямат, кіраўнік кіеўскага прадстаўніцтва агенцыі «Россотрудничество» Канстанцін Вараб'ёў — яго сустрэлі «зялёнкай» ды нечыстотамі прадстаўнікі ўкраінскай праварадыкальнай арганізацыі С14 (Січ). Паводле іхнай інфармацыі, ён быў спонсарам акцыі «Несьмяротнага полку», за ўдзел у якой украінцам прапаноўвалі па 400 грыўняў (прыкладна 15 даляраў у эквіваленце).

Арышты за «георгіеўскія» стужкі

Нягледзячы на тое, што напярэдадні Нацыянальная паліцыя папярэджвала аб забароне выкарыстаньня падчас акцыяў камуністычнай сымболікі ды «георгіеўскіх» стужак, некаторыя гэта праігнаравалі.

Сьвята чырвонага маку. Як Украіна дэкамунізавала савецкі Дзень Перамогі

У выніку адбыліся затрыманьні прадстаўнікоў абодвух бакоў — і тых, хто прыйшоў з «георгіеўскай» стужкай, і тых, хто спрабаваў яе вырваць. На ўсіх складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Як паведамілі Свабодзе ў Нацыянальнай паліцыі, усяго затрымалі сем асобаў, у тым ліку і тых, хто спрабаваў прайсьці на акцыю са зброяй. У забесьпячэньні грамадзкага парадку толькі ў гэтым раёне задзейнічаныя больш як дзьве тысячы праваахоўнікаў, якія праводзяць агляд грамадзян пры дапамозе кінолягаў і мэталашукальнікаў.

Прарасейскі тэлеканал у аблозе

Напярэдадні ў інтэрнэт трапіў тызэр перадачы тэлеканалу «Інтэр», які сілы ўспрынялі як правакацыю грамадзянскай вайны. Вядоўцы праграмы заклікалі грамадзян «не дазволіць перайменаваньня вуліц украінскіх гарадоў імёнамі фашыстаў».

Раніцай будынак тэлеканалу ўзялі ў аблогу прадстаўнікі Нацыянальнага корпусу і Нацыянальных дружын. Яны патрабуюць адмовіцца ад трансьляцыі праграмы «Сьвяткуем перамогу разам».

Сёньня ж Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла пра дэпартацыю карэспандэнтаў расейскіх тэлеканалаў «Россия» і «Первого канала» Валянціны Салаўёвай ды Вольгі Юр’евай «за падрыхтоўку тэндэнцыйных сюжэтаў аб сьвяткаваньнях ва Ўкраіне Дня Перамогі». Ім цяпер забаронены ўезд на тэрыторыю Ўкраіны.

У камуністаў знайшлі зброю

Пятро Сіманенка, архіўнае фота
Пятро Сіманенка, архіўнае фота

Днём раней спэцслужбы правялі ператрусы ў кіраўніка Камуністычнай партыі Ўкраіны Пятра Сіманенкі. Сьледчыя разам з агітацыйнымі матэрыяламі, накіраванымі «на гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу і захоп дзяржаўнай улады», канфіскавалі пісталет з глушыльнікам і патронамі да яго. Цяпер вызначаецца кваліфікацыя для выстаўленьня падазрэньня лідэру камуністаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG