Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 нечаканых фактаў пра Алеся Гаруна


Алесь Гарун
Алесь Гарун

11 сакавіка — 130 гадоў з дня нараджэньня Алеся Гаруна.

Ён зьдзіўляў сучасьнікаў спакоем і разважнасьцю. Засмучаўся, што ў адраджэнскім руху пераважаюць эмоцыі, а ня розум. Як і Багдановіч, пры жыцьці меў толькі адзін паэтычны зборнік — «Матчын дар». Паводле Адама Бабарэкі: «...творчасьць Алеся Гаруна... схавалася ў зямлю нашай літаратурнай сьвядомасьці, каб выплысьці, як рака». Поўны збор твораў гэтага вялікага пісьменьніка яшчэ чакае свайго часу.

1. Называў анархістаў «бясьсільнымі»

«...анархізм... у сваім тэарэтычным засноўку і практычных праявах ёсьць ня больш як бясьсільны пратэст проціў сучаснасьці».

2. Яго першы дзіцячы страх — прагулка арыштантаў

Зь біяграфічнага апавяданьня «Сьвята»: «...хлопчыкам (...) убачыў, як з-за (...) жалезнай брамы выйшла шарэнга шэрых людзей. Ногі бразгалі ланцугамі, з-пад маленькіх круглых шапачак сьвяціліся напалавіну абголеныя галовы (...) Аслупянелы, баючыся глядзець на гэтых людзей і ня сьмеючы апусьціць (...) вочы (...) прастаяў (...) пакуль каля яго не прайшла ўся шарэнга, і потым, падганяны страхам, пабег дамоў...»

3. Марыў вярнуцца ў астрог

У тым жа творы: «...аб астрогу (...) шкадаваў... Усё ж такі гэта былі лепшыя годы! Каб вярнуць іх назад, зь іх ідэалізмам, зь іх напалавіну дзяцінным незнаёмствам зь сьветам і верай у трыюмф дабра, — у канцы, каб вярнуць зноў тую Галгофу, што давала столькі перажыткаў, ён ахвотна адступіўся ад сваёй нуднай, бясчыннай сыбірскай волі».

4. На высылцы яго раздражняла мэркантыльнасьць сыбіракоў

«...Тутака вы не спаткаеце таго, што ў нас: едзе які-небудзь дзядзька; ты ідзеш: „пахвалёны!“ — „на векі вякоў“ — „сядай“ — „дзякую“ (...) Тутака ў нас чалавек спаткае падарожнага, дык часьцей пытае: „сколькі даш?“ „Капейкі“ іграюць у тутэйшага люду вялікую ролю, і браць іх любяць з каго ні папала і як найболей».

5. Лічыў палякаў «імпэрыялістамі ад Бога»

«Гэта імпэрыялісты „ад Бога“. Польская думка сягала некалі далёка за Маскву, польскі дух гатоў быў па-брацку „абняць за шыю“ нават „схізматыка“ — „маскаля“ (...) „Лочносьць польска“ — дзіўнае зьявішча... Сіла, ласка, прыгрозы, угаворы, абгавор-ашуканства — усё гэта робіцца (...) так трапна і складна, што мімаволі, грэбуючы ёю, гідзячыся, пачынаеш паважаць гэтую „лочносьць“».

6. Бязмэтных людзей прыраўноўваў да зомбі

«„Што рабіць? Скажэце, што рабіць?“ (...) Хто так пытаецца, той папросту скончаны чалавек, хадзячы мярцьвяк, і ня варта траціць словы на яго навучаньне... Гэта тэарэтык працы, спэцыяльнасьць якога — трагічнае гультайства».

Вокладка кнігі выбранага
Вокладка кнігі выбранага

7. Эвакуацыю, якую рабіла расейскае войска, лічыў больш спусташальнай, чым нямецкі наступ

«Пад непераможным націскам нямецкіх войск (...) адступалі расейскія арміі (...) „эвакуіраваліся“... бібліятэкі, архівы і музэі, школы... раскідаліся па твары ўсёй імпэрыі (...) ад руйнацыі, якую рабіла, няма ведама для чаго, рускае войска, [мы] пацярпелі бадай ці ня больш, чым ад ваенных падзеяў... Усё [было] скасована энэргічнымі росчыркамі пяра бравых расейскіх эвакуатараў...»

8. Прыраўноўваў работу рэвалюцыйных трыбуналаў да дзіцячых гульняў

«Цікавае зьявішча ўяўлялі зь сабе пасяджэньні рэвалюцыйнага трыбуналу (...) Праглядаючы адчоты аб справе, выносіш уражаньне, што гэта дзеці робяць гульню ў «суд»: «Ты, Пятрок, ня так гаворыш, прадсядацель павінен казаць так...» «Што ты мяне вучыш? Я сам знаю, як на судзе робіцца...»

9. Папракаў сацыялістаў у нецярпеньні

«...яму [сацыялісту. — В. Дэ Эм], каторы заглядзеўся ў будучыню, (...) моцна хочацца (...) зараз жа пераскочыць з „панства прымусу ў панства свабоды“. (...) Сэн-Сімон, Фурʼе, Курбэ (...) рабіліся дзяцьмі, як толькі пачыналі думаць аб будучыні. Ім здавалася, што для шпаркай, фэерычна простай перабудовы супольства, апрача трапна накрэсованага пляну, трэба толькі агульнай згоды (...) Энгельс паддаўся самаашуканству і прарочыў, што ў хуткім часе, усяго празь некалькі гадоў, мусіць наступіць сацыялізм».

10. Лічыў: многае ў дзейнасьці БНР вяло да пагаршэньня беларускай справы

«...абзнаёміўшыся з чыннасьцю Сакратарыяту, мы з смуткам для нашага патрыятызму павінны сказаць, што для ўмацаваньня народна-дзяржаўных ідэалаў Беларусі амаль што нічога ня зроблена. Народны Сакратарыят падгатаваў (...) акты 9 і 25 сакавіка, але нават і гэтага ні можна паставіць яму ў вялікую заслугу, бо падгатоўка заключалася толькі ў напісаньні праектаў грамат, а саўсім ні ў патрэбных дыпляматычных і арганізацыйных кроках. (...) гэтыя крокі (...) вялі за сабой часамі нават пагоршаньне беларускай справы...»

Стварэньне Народнага Сакратарыяту Беларусі
Стварэньне Народнага Сакратарыяту Беларусі

11. У русыфікацыі абвінавачваў палякаў

«...палітыка польскіх мужоў (...), праца ўсей польскай інтэлігенцыі, справіла тое, што змучанае безупыннай вайной за свае нацыянальныя вольнасьці казацтва пайшло (...) шукаць апекі пад „высокай рукой цара маскоўскага“; яна ж — нацыянальным і рэлігійным уціскам на Беларусі — прыгатавала грунт для пазьнейшай русыфікацыі...»

12. Выказаўся за «няўмольны тэрор»

Па ўспамінах Міколы Шылы, «...ён быў непакорны, няўмольны да сваіх палітычных ворагаў. (...) «На іх гвалты, на іх зьдзекі мы павінны адказваць няўмольным тэрорам, каб яны пабачылі нашу сілу, моц і цьвёрдасьць, каб пачулі перад намі страх...»

Вокладка факсымільнага выданьня кнігі «Матчын дар»
Вокладка факсымільнага выданьня кнігі «Матчын дар»

13. Лічыў, што нашым палітыкам трэба вучыцца не ў ідэалістаў, а ў гандляроў

«...трэба ісьці ні дарогай фальшывага ідэалізму ў міжнародных стасунках, які даўно ўжо збанкрутаваў у навуцы і практыцы, а дарогаю ўразуменьня абапольных зыскаў ад той ці іншай формы збліжэньня з суседзямі. Тагды, абгаварыўшы наперад усе варункі, як гэта робіцца ў гандлі, (...) можна дайсьці і да ўзаемнага даверу».

Алесь Гарун у вайсковай форме
Алесь Гарун у вайсковай форме

14. Адмаўляўся ад працы ў Беларускай вайсковай камісіі

Па ўспамінах Францішка Кушаля: «На першым паседжаньні быў абраны ейны прэзыдыюм, заступнікам старшыні якога стаўся Аляксандар Прушынскі. Памятаю, што ён станоўка адмаўляўся ад гэтае функцыі, матывуючы сваю адмову слабым здароўем. І сапраўды, досыць было глянуць на яго, і кожны мог пераканацца, што перад ім моцна хворы чалавек... Алесю Гаруну не ўдалося пераканаць камісію. (...) Увесь цяжар працы зваліўся на плечы хворага...»

15. Гуляў адзін супраць некалькіх шахматыстаў і амаль заўсёды выйграваў

Па словах А. Эссона: «Алесь быў дасканалы шахматыст, найлепшы з усіх нас (...) Звычайна ён (...) быў адна партыя, а колькі нас — другая партыя. Мы рэдка выгравалі, дармо што часта перагаворваліся — кансультаваліся. У шахматнай гульні мяне найбольш уражвала, што Алесь ніколі не нэрваваўся (...) ніколі мы ня бачылі, каб у яго дрыжэлі рукі, як у нас, ці каб ён хваляваўся».

16. Быў упэўнены — каханьне вядзе да катастрофы

У яго творчасьці каханьне і трагедыя — тоесныя рэчы. Жанчыны кідаюць семʼі і даводзяць мужчын да забойства («Пʼеро і Каламбіна»), жонкі не разумеюць сваіх мужоў («Пан Шабуневіч»), а калі цябе ссылаюць, то каханая не паўторыць подзьвіг жонак дзекабрыстаў, а хутчэй забудзе пра цябе.

Вуліца Алеся Гаруна ў Менску
Вуліца Алеся Гаруна ў Менску

17. Заўсёды спакойны, гневаўся, калі палякі зьневажалі расейцаў

Па словах А. Эссона: «Я ня памятаю, каб я калі бачыў Алеся ў гневе ці ў злосьці, за выняткам аднаго выпадку. (...) Гэта было ў часе маёй спрэчкі з палякам-нацыяналістам. Калі не мылюся, гэта быў граф Чапскі, таксама ссыльны. Чапскі даводзіў канечнасьць адлучэньня польскай нацыяналістычнай партыі ад расейскіх рэвалюцыйных партыяў на той аснове, што расейцы нагэтулькі менш культурныя за палякаў, што ня могуць мець аднае з палякамі праграмы рэвалюцыйнага змаганьня. Алесь (...) так даў майму апанэнту, што ўсе навокал паднялі на сьмех небараку Чапскага».

18. Лічыў, што польскія шавіністы такія ж ворагі свайму народу, як і беларусам

«Груганьнё гэтае нават і ня шчыра-польскае (...) Некалі, будучы законапаслушнымі падданымі Мікалая II, Вільгельма II, Францішка-Язэпа, яны за пасольскія дыэты і абшарніцкія даходы прадавалі свой народ; цяпер, калі вольнасьць Польшчы адваёвана ня іхнімі рукамі і наперакор іхняй шкоднай працы, яны зьляцеліся на Польшчу і парабіліся патрыётамі, і, маючы багаты дасьлед у гэтым на ўласным народзе, пачынаюць крыўдзіць суседнія народы».

19. Рэвалюцыянэрам яго зрабіла крыўда за маці

«З малых гадоў памагаў маці мыць і разносіць бялізну (...) як цяжка было слухаць заўвагі, што бялізна кепска вымытая. Здаецца, плюнуў бы ім у твар, але я плакаў і цярпеў, несучы ў сэрцы пагарду да іх і помсту. (...) Гэта і змусіла мяне ўступіць у партыю, арганізаваць падпольную друкарню...»

Магіла Алеся Гаруна
Магіла Алеся Гаруна

20. Ягоным болем быў брат

Па ўспамінах сучасьнікаў, малодшы брат не падзяляў поглядаў Алеся Гаруна і вадзіў падазроныя, нават ці не крымінальныя, кампаніі.

Выкарыстаныя крыніцы:

Бабарэка А. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. Мн. 2011.
Гарун Алесь. Выбраныя творы. Мн. 2003.
Гарун Алесь. Матчын дар. Мн., 1918. Перавыданьне, 1988.
Карский Е. Белорусы. Т.3. Мн. 2007.
На суд гісторыі. Мн. 1994.
Публіцыстыка Алеся Гаруна // Спадчына. 1991. № 1. С. 25–32. Спадчына. 1991. № 2. С. 23–28.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG