Ад 1 ліпеня газэта «Наша Ніва», якая цяпер выходзіць на паперы штотыдзень, робіцца штомесячнікам на 24 старонках.
Выданьне тлумачыць гэты пераход тэхналягічнымі зьменамі ў сьвеце.
«Цяпер „Наша Ніва“ — гэта ў першую чаргу інтэрнэт-сайт nn.by... Інтэрнэт — бо за ім будучыня. Інтэрнэт — бо яго чытае моладзь. Інтэрнэт — бо ён даступны імгненна і на ўсёй планеце».
«Наша Ніва» выходзіла штомесяц зь 1991 па 1996 год. Тады яе галоўным рэдактарам быў Сяргей Дубавец. Ён кажа, што вяртаньне да папяровага штомесячніка, які будзе друкаваць аналітычныя і літаратурныя матэрыялы, — правільны ход з боку рэдакцыі газэты:
«Гэта вельмі слушны крок. „Наша Ніва“ ня страціць тых, хто засвойвае інфармацыю нетаропка і любіць чытаць вялікія тэксты — аналітычныя, мастацкія, гістарычныя. Зь іншага боку, дзякуючы сайту, „Наша Ніва“ будзе працягваць трымаць на высокім узроўні сваё месца ў інфармацыйным полі. Таму пераход ад друкаванага штотыднёвіка да штомесяцовіка — цалкам слушны крок. Прынамсі, так дыктуе час. Рэдакцыя дзейнічае ў адпаведнасьці з часам».
Сяргей Дубавец лічыць, што сайт «Нашай Нівы» не павінен замяніць папяровы варыянт — яны могуць суіснаваць:
«Я асабіста гляджу на Інтэрнэт як на вялікі сусьветны цывілізацыйны экспэрымэнт. Ня як на здабытак. Усё так імкліва разьвіваецца, што мы абсалюна ня ведаем, што будзе заўтра. Але папярэдняя гісторыя цывілізацый паказвае, што жанры не паміраюць. Калі зьявілася кіно — прарочылі сьмерць тэатру. Але не, тэатр трошкі пасунуўся, але працягвае існаваць. Зьявілася тэлевізія — казалі, што памрэ кіно. Насамрэч, гэтага не адбылося, сёньня суіснуюць тэатр, кіно і тэлевізія. Тое самае з Інтэрнэтам — яго зьяўленьне не прывяло да зьнікненьня тэлевізіі і ўсіх папярэдніх жанраў. Калі казаць пра аўдыторыя папяровага штомесяцовіка „Наша Ніва“, то ахоп рынку, вядома, зьменшыцца, але аўдыторыя застанецца. Людзі ж не перасталі купляць папяровыя кнігі, як зьявіліся электронныя. Ня трэба адмаўляцца ад папяровага варыянту, калі ўжо зьявіўся электронны. А то атрымліваецца, што калі ўявіць, што на плянэце зьнікла электрычнасьць, то чалавецтва застанецца ня тое, што бяз сродкаў інфармацыі, а ўвогуле без інфармацыі. Такога ж таксама дапусьціць нельга».