Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзякуй за дваістыя эўрапейскія стандарты


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Беларускія чыноўнікі і афіцыйныя СМІ часам абвінавачваюць эўрапейскіх палітыкаў у дваістых стандартах у стаўленьні да Беларусі. Маўляў, Менск крытыкуюць за наяўнасьць палітвязьняў, сьмяротнае пакараньне, адсутнасьць плюралізму і дэмакратыі, націск на прэсу, — у той час як гэтыя заганы ўласьцівыя Беларусі ў значна меншай ступені, чым шмат якім іншым постсавецкім краінам. Паглядзіце, што робіцца ў Азэрбайджане, Узбэкістане, Туркмэністане, — заклікаюць беларускія прапагандысты і добраахвотныя замежныя абаронцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ды там узровень аўтарытарызму і несвабоды непараўнальна большы, але эўрапейскія палітыкі на гэтыя краіны не нападаюць так, як на Беларусь.

І ў гэтым месцы многія прагрэсіўныя і дэмакратычныя асобы кідаюцца абараняць Эўразьвяз, заяўляючы, што ўсё гэта няпраўда і эўрапейцы аднолькава ставяцца да ўсіх краінаў.

Ня трэба абараняць. Відавочна, што дваістыя стандарты ёсьць.

І дзякуй Богу, што ёсьць.

Эўрапейскія палітыкі сапраўды ставяцца да Беларусі ня так, як да Ўзбэкістану. Але толькі таму, што яны лічаць нас за «сваіх», за эўрапейцаў, за людзей з аднолькавымі базавымі каштоўнасьцямі.

Паглядзіце, у жыцьці да сваіх блізкіх і родных мы ставімся са значна большымі патрабаваньнямі, чым да іншых людзей. Мы строгія са сваімі дзецьмі, але ня лічым патрэбным умешвацца ў працэс выхаваньня чужых дзяцей. Ад людзей адной з намі культуры і каштоўнасьцяў мы чакаем значна большага разуменьня і адпаведных паводзінаў, чым ад прадстаўнікоў іншых культурных кодаў. Мы, здаецца, даволі спакойна ставімся да таго, што ў Кітаі расстрэльваюць сотнямі, у Саудаўскай Арабіі жанчынам забаронена галасаваць і вадзіць аўто, у большасьці ісламскіх краін няма і намёку на рэлігійныя свабоды. Гэта ж іншая цывілізацыя, у іх свае правілы, да таго ж мы ня можам на гэта паўплываць.

На сёньня эўрапейцы ўспрымаюць Беларусь як частку адной зь імі цывілізацыі, якая часова адышла ад нашых агульных каштоўнасьцяў, але калі-небудзь абавязкова вернецца ў сям’ю эўрапейскіх народаў. Я са страхам думаю, што можа наступіць той дзень, калі эўрапейскія палітыкі будуць успрымаць беларускія рэаліі гэтаксама, як узбэцкія ці азэрбайджанскія. Калі яны будуць казаць: «Ну так. У Беларусі палітвязьні, няма дэмакратыі, свабоды прэсы. Але гэта іхнія нацыянальныя і гістарычныя асаблівасьці, такая ў іх палітычная культура. Нічога тут ня зробіш».

Як толькі сур’ёзныя эўрапейскія палітыкі пачнуць так казаць, я зразумею, што ў сваіх галовах яны ўжо не ўспрымаюць Беларусь як частку адной зь імі эўрапейскай культурнай і палітычнай супольнасьці.

Не хацелася б, каб гэта калісьці адбылося.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG