«Невядома, што яшчэ будзе з далярам і эўра... Мы нават разьлічваем, што нам трэба будзе ўмацоўваць рубель, а даляр стане таньнейшы». Так гаварыў Аляксандар Лукашэнка 9 студзеня 2009 году. Апошні раз ён прадказваў крах даляра ў 2011 годзе.
І вось «чорны чацьвер» 2016 году. 21 студзеня за адзін дзень рубель дэвальваваўся адносна даляра на 5,39%, дасягнуўшы лічбы 21 564 рублі. Нагадаю, што паводле плянаў уладаў, замацаваных у афіцыйных дакумэнтах, сярэднегадавы курс даляра ў 2016 г. прагназаваўся на ўзроўні 18 700 рублёў. Усяго з пачатку году беларуская валюта патаньнела адносна «амэрыканца» на 16%. А мінуў толькі 21 дзень 2016 году.
Дасюль у беларусаў была адна правераная прыкмета адносна сытуацыі на фінансавым рынку. Прынята зь непакоем чакаць Новага году. Бо добра вядома, што гэтаму сьвяту часта спадарожнічае дэвальвацыя.
Цяпер зьявілася новая прыкмета: абвал на фінансавым рынку здараецца роўна праз тры месяцы пасьля чарговай элегантнай перамогі Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах. Так было ў 2011 годзе. Так здарылася і цяпер.
Ну, а калі гэтыя дзьве прыкметы (Новы год і тры месяцы пасьля прэзыдэнцкай кампаніі) супадаюць, то варта чакаць вялікай бяды.
Дык і атрымалася. Эканоміка ідзе ў разнос.
Лукашэнка неаднаразова казаў, што не ідзе на рэформы, бо грамадзяне іх ня вытрымаюць, не перажывуць шоку. Маўляў, мы будзем ісьці паступова, павольна, удасканальваючы тое, што ёсьць. Дык вось атрымалі шок без рэформаў, шок без тэрапіі.
Невыпадкова ўлады так доўга адмаўляліся ўводзіць плаваючы абменны курс. Бо гэта такі вялізны экран, на якім кожны грамадзянін дзень пры дні бачыць стан нацыянальнай эканомікі. Калі абменны курс фіксаваны, то рэальную карціну можна нейкі час хаваць. А пры свабодным курсе нічога не схаваеш, усё бачна як на далоні.
У такія дні відавочная разгубленасьць кіраўніцтва краіны, пэўны ступар. Як і ў крызіс 2011 году, так і цяпер ніхто нічога не тлумачыць, не супакойвае людзей. Відаць, няма чаго казаць, і так усё зразумела.
Нацыянальная валюта — гэта адзін з базавых інстытутаў, на якім грунтуецца стабільнасьць грамадзтва і дзяржавы. Цяпер яна падае, разам з падзеньнем даверу да ўлады. Сьмешна, але мінулым годам кіраўнікі Нацбанку шмат разважалі пра палітыку дэдалярызацыі, казалі пра неабходнасьць мацаваць давер да беларускага рубля. І дэнамінацыя дзеля гэтага абвешчана. Самае цікавае, што на гэтым тле штатныя прапагандысты будуць працягваць цьвердзіць пра беларускую стабільнасьць.
Ухіляцца ад прыняцьця рашэньняў становіцца ўсё цяжэй
І спадзяваньня на тое, што раптам само ўсё рассмокчацца, няма. Вось міністар эканамічнага разьвіцьця РФ Аляксей Улюкаеў заявіў, што нізкія цэны на нафту могуць трымацца дзесяцігодзьдзямі. Пры гэтым, паводле ягоных слоў, кошт барэля нафты бліжэйшым часам можа ўпасьці да 15–20 даляраў. Урад Расеі заклікаў насельніцтва рыхтавацца да найгоршага сцэнару. Таму тактыка беларускіх уладаў, арыентаваная на тое, каб перачакаць цяжкія часы, нічога ня робячы, становіцца бессэнсоўнай.
У Нацбанку няма магчымасьцяў неяк спыніць абвал рубля, зьмікшыраваць нэгатыўныя наступствы для беларускай эканомікі. Можна было б выкідваць валюту на біржу і прыпыніць імклівы рост даляра, але ж золатавалютныя рэзэрвы вельмі малыя.
Мяркуючы па ўсім, цяпер увесь разьлік робіцца на атрыманьне замежных крэдытаў. Але яны могуць даць магчымасьць толькі рэфінансаваць ранейшыя даўгі. Ніякіх іншых праблемаў яны не вырашаюць Ухіляцца ад прыняцьця рашэньняў становіцца ўсё цяжэй.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.