На такія пытаньні карэспандэнта Свабоды адказвалі сёньня жыхары Берасьця.
Спадар: Іх, напэўна, трэба было зрабіць яшчэ ў 94-м годзе, калі да ўлады прыйшоў гэты чалавек. А на цяперашні час, хачу сказаць, цяжка жывецца. Таму трэба нешта мяняць у гэтым жыцьці. Бізнэсоўцам рэформу нейкую зрабіць, дый увогуле ўсё поўнасьцю памяняць. Пусьціць да ўлады нармальных, маладых, граматных адмыслоўцаў, якія б маглі ў правільнае рэчышча скіраваць нашу краіну.
Пэнсіянэрка: Мяняць у эканоміцы трэба, але каб у лепшы бок. Каб людзі не жылі за рысай беднасьці, а крышку ўзьняліся, пабагацелі. Ня толькі тыя, што ва ўладзе сядзяць, каб былі багатыя, а каб былі багацейшыя і гэтыя людзі, якія працуюць на простай працы.
Карэспандэнт: А гэтыя людзі, якія ва ўладзе, яны могуць гэта зрабіць?
Пэнсіянэрка: Могуць зрабіць, калі сабе заробкі зьменшаць, тады і зробяць. А як будуць сабе павялічваць, а эканоміць на нас, на простых, то нічога яны і ня зробяць.
Спадарыня сярэдняга веку: Працуюць заводы па аднаму, два, тры дні ў тыдзень, заробкі ніякія. Людзей як толькі могуць, так і выштурхоўваюць проста на вуліцу. А прэзыдэнт кажа, што ўсё залежыць толькі ад нас. Ды нічога ад нас не залежыць, калі ты просты рабочы.
Спадар сярэдняга веку: Гледзячы на апошнія выбары, якія прайшлі, хоць афіцыйныя СМІ і каманда Лукашэнкі кажуць, што людзі прыйшлі падтрымаць прэзыдэнта, насамрэч людзі хацелі падтрымаць рэформы. Эканамічныя, палітычныя зьмены, якія павінны былі адбыцца пасьля выбараў. Але нічога не адбылося. Улада ня хоча мяняцца, ды яна і ня будзе мяняцца. Лукашэнка ведае, што калі ён пачне рабіць эканамічныя рэформы, то давядзецца саступіць або пачаць дзяліцца ўладай. А ён на гэта ня пойдзе.
Спадар: Сем разоў мер, адзін раз рэж. Я не магу сказаць, што лепей стане ці горш стане, але рухацца трэба неяк паступова. Вось рухаліся мы паступова, і, здаецца, узрастала эканоміка, і ўсё. А пачнём ламаць, пачне ізноў рухацца ня ў той бок, ня ў той стэп. Трэба ўсё абдумаць, перш чым нешта рабіць.
Маладая спадарыня: Трэба заўсёды нешта мяняць. Таму што калі нічога не мяняць, то і паляпшэньня ня будзе. Калі на заводзе нешта дрэнна робіцца, то трэба кіраўніка мяняць ці нешта паляпшаць. А наколькі сёньняшнія кіраўнікі могуць праводзіць рэформы — я сумняюся. Таму што там адны пэнсіянэры сядзяць, ім абы сядзець ва ўладзе. Яшчэ з савецкіх часоў сядзяць. Так што я ня думаю, што ў нас тут зараз нешта мяняцца будзе.