Загадам кіраўніка ФСБ паміж Расеяй і Беларусьсю ўводзіцца памежная зона. Што гэта азначае для беларуска-расейскіх дачыненьняў? Ці павялічваецца разыходжаньне дзьвюх краін у памежнай палітыцы? Як у гэтую тэндэнцыю ўпісваецца інцыдэнт з высланым зь Беларусі ўкраінскім журналістам?
Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў зь Менску
Што азначае для беларуска-расейскіх дачыненьняў увядзеньне Расеяй памежнай зоны?
Валер Карбалевіч: «У адпаведнасьці з загадам кіраўніка ФСБ паміж Расеяй і Беларусьсю ўводзіцца памежная зона — яна зьявіцца ў Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай абласьцях. Як гэтае рашэньне паўплывае на беларуска-расейскія адносіны?»
Кірыл Коктыш: «Ніяк не паўплывае. Бо фактычна памежны кантроль на беларуска-расейскай мяжы ўжо існуе апошнія паўтара года. Ён быў уведзены пасьля падзей на Ўкраіне. Грамадзяне трэціх краін і дагэтуль павінны былі на мяжы праходзіць кантроль пры ўезьдзе зь Беларусі ў Расею. Таму цяперашняе рашэньне ФСБ — гэта юрыдычнае афармленьне той практыкі, якая існавала дагэтуль. Але яму надалі фармат палітычнага адказу на рашэньне Беларусі ўвесьці пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзян 80 краін».
Андрэй Паротнікаў: «Паўнавартаснага памежнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы не існуе. Гэтае рашэньне ФСБ стала вынікам пагаршэньня палітычных адносін паміж Беларусьсю і Расеяй, крызісу ў дачыненьнях. І дынаміка гэтых адносін хутчэй адмоўная.
Я б не пагадзіўся, што гэта юрыдычнае зацьверджаньне цяперашняй практыкі. Бо практыка існуе ўжо пэўны час. Але менавіта цяпер, падчас крызісу ў адносінах, спатрэбілася ствараць юрыдычныя падмуркі для пашырэньня практыкі памежнага кантролю, яго ўзмацненьня і фактычна наданьня беларуска-расейскай мяжы статусу паўнавартаснай мяжы на ўсёй яе працягласьці».
Ці зьявіцца паўнавартасная мяжа?
Карбалевіч: «Ці можа ў такім выпадку сапраўды ўтварыцца паўнавартасная беларуска-расейская мяжа з поўным памежным, магчыма, мытным кантролем?»
Коктыш: «Канечне, не. Гэта не адпавядае інтарэсам ні Беларусі, ні Расеі. Бо фактычна гэта было б і дэнансаваньнем саюзнай дзяржавы, і моцным ударам па Эўразійскім зьвязе.
Таму я ня стаў бы разглядаць гэтую падзею на стратэгічным узроўні. Хутчэй гэта нейкі інструмэнт торгу ў двухбаковым канфлікце, тактычная гульня.
Паротнікаў: «Мы наблізіліся да таго моманту, калі, сказаўшы „А“, трэба казаць і „Б“. Згодзен з тым, што гэтае рашэньне Расеі — козыр ці джокер у гэтым торгу паміж Менскам і Масквой. Але гэтага козыра будзе замала. Расеі давядзецца падвышаць стаўкі і рабіць наступны крок. А наступны крок — гэта ўвядзеньне паўнавартаснага кантролю на мяжы. Але сёньня гэта не адпавядае інтарэсам Беларусі».
Ці прызнае Расея Беларусь дэ-факта сувэрэннай дзяржавай?
Карбалевіч: «Беларусь адпаведнае рашэньне прыняла яшчэ ў 2014 годзе. І вось цяпер Расея ўводзіць памежную зону. Мінулым годам Расея высунула да беларускай мяжы свае вайсковыя падразьдзяленьні. То бок — ці азначае гэта, што Расея дэ-факта прызнала Беларусь незалежнай дзяржавай, з сваімі дзяржаўнымі інтарэсамі ў памежным, вайсковым і іншым пытаньнях, і стварае адпаведную інфраструктуру?»
Коктыш: «Расея ніколі не адмаўляла сувэрэнітэт Беларусі і заўсёды яго паважала».
Карбалевіч: «Дэ-юрэ, зразумела, так. А дэ-факта?»
Коктыш: «І дэ-факта таксама. Пра гэта сьведчыць і афіцыйная дактрына замежнай палітыкі Беларусі, і яе практычная рэалізацыя. Больш за тое, гэтае прызнаньне Расеяй незалежнасьці Беларусі ідзе насуперак падпісаным пагадненьням. Напрыклад, у Эўразійскім эканамічным зьвязе павінна стварацца агульная паветраная прастора. Аднак Расея лічыць „Белавія“ замежнай кампаніяй, у выніку чаго за пралёт 100 км расейскай паветранай прасторы беларускімі самалётамі „Белавія“ плаціць каля 80 даляраў, у той час як расейскія самалёты плацяць толькі 6 даляраў. Беларусь плаціць за сувэрэнітэт».
Паротнікаў: «Дзіўнае пытаньне, бо Расея юрыдычна і фактычна прызнае Беларусь сувэрэннай дзяржавай. Хоць у РФ гэта ня ўсім падабаецца. Больш за тое, апошнія 20 гадоў беларускі сувэрэнітэт шмат у чым забясьпечваўся дзякуючы расейскай падтрымцы.
Далейшае разьвіцьцё падзеяў будзе падштурхоўваць абодва бакі да ўвядзеньня паўнавартаснай памежнай аховы. А гэта, у сваю чаргу, выкліча дадатковыя канфлікты і супярэчнасьці эканамічнага і палітычнага характару».
Пра што сьведчыць інцыдэнт з высланым зь Беларусі ўкраінскім журналістам?
Карбалевіч: «Цяпер, калі кожная краіна разьвівае сваю памежную, візавую міграцыйную палітыку, то бок краіны ўсё больш разьмяжоўваюць свае інтарэсы, як можна пракамэнтаваць гісторыю з украінскім журналістам? Нагадаю, карэспандэнт „Грамадзкага ТБ Данбасу“ Віталі Сізоў быў высланы зь Беларусі, бо ён знаходзіцца ў расейскім сьпісе непажаданых асоб. Дык у Беларусі і Расеі агульная візавая палітыка ці не? І навошта гэта патрэбна Беларусі?»
Паротнікаў: «Ніякай агульнай візавай палітыкі няма. Гэта сыстэма „стоп-лістоў“, то бок сьпіс непажаданых для абодвух бакоў грамадзян трэціх краін. Гэта ня першы раз, калі беларускія памежнікі не ўпускалі ў Беларусь украінскіх грамадзян з ініцыятывы расейскага боку. Быў выпадак, калі не ўпусьцілі намесьніцу старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірыну Герашчанку. Але паколькі гэта асоба палітычная, то пытаньне было хутка вырашана. А асоба гэтага журналіста не настолькі значная, каб турбаваць вышэйшае кіраўніцтва для ўмяшаньня ў гэтую сытуацыю. Таму тут няма палітыкі, а толькі тэхнічнае пытаньне, бюракратычныя накладкі».
Карбалевіч: «Нішто сабе тэхнічнае пытаньне! Гэта выклікала палітычны скандал».
Коктыш: «Існуе агульная візавая практыка. Існуюць беларуска-расейскія пагадненьні наконт гэтага ў межах саюзнай дзяржавы. Існуе ўзгоднены адзіны сьпіс непажаданых асобаў, якія ня могуць уехаць на тэрыторыю Беларусі і Расеі. І гэта маркер таго, што існуе адзіная візавая прастора.
Калі адносіны паміж дзьвюма краінамі будуць эвалюцыянаваць да стварэньня паўнавартаснай мяжы, то гэта прывядзе да падзеньня ўзроўню жыцьця ў Беларусі. Таму што беларуская эканоміка цалкам завязаная на расейскую эканоміку».
Карбалевіч: «Але цікава выходзіць. У памежнай, візавай палітыцы адбываецца разьмежаваньне, рознагалосьсі. Вось у Расеі выклікала незадаволеньне рашэньне Беларусі ўвесьці пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзян 80 краін. І вось на гэтым тле Беларусь выганяе ўкраінскага журналіста толькі таму, што ён не падабаецца Расеі. Вам не падаецца, што адно другому супярэчыць?»
Паротнікаў: «Вядома, супярэчыць. Няма ніякай агульнай візавай прасторы, ёсьць адзіная прастора бясьпекі. Гэтае пытаньне вызначаецца не структурамі МЗС ці консульскімі службамі, а памежнымі службамі.
Гісторыя з гэтым журналістам увогуле ня тычыцца візавай палітыкі. Таму што Ўкраіна знаходзіцца ў бязьвізавым рэжыме і зь Беларусьсю, і з Расеяй».
Карбалевіч: «Але выглядае, што памежная палітыка існуе незалежна ад замежнай палітыкі. Таму што выпадкі высылкі ўкраінскага грамадзяніна па наводцы Расеі выклікаюць скандалы ў беларуска-ўкраінскіх адносінах. Бывалі выпадкі, калі з гэтай прычыны ўзьнікалі скандалы ў адносінах зь іншымі краінамі. То бок памежная палітыка супярэчыць замежнай палітыцы?»
Паротнікаў: «Часам так. Бо гэта ж розныя ведамствы, у іх розная юрыдычная база функцыянаваньня, розныя задачы. І гэта нармальна. Калі праблема з высылкай непажаданай асобы набывае палітычнае гучаньне, тады ўмешваецца МЗС, як у гісторыі зь віцэ-сьпікерам парлямэнту Ўкраіны».