Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежнікі: пашпартны кантроль на мяжы Беларусі і Расеі дзейнічае яшчэ зь мінулага году


Пашпартны кантроль на мяжы Беларусі і Расеі, паводле расейскіх памежнікаў з пункту пропуску Дубовічкі, дзейнічае з 29 сьнежня.

Паводле памежнікаў, беларусаў у Расею прапускаюць толькі з пашпартамі, калі пашпарта няма — вяртаюць на радзіму. Праезд украінцаў і малдаванаў па трасе Р43 з Крычава на Рослаў (адной з найбуйнейшых у Магілёўскай вобласьці) забаронены. Палякі, якія маюць візы, праяжджаюць спакойна.

Чэргаў на мяжы няма. На пытаньне, ці патрулююць расейскія памежнікі мяжу зь Беларусьсю, карэспандэнту Свабоды сказалі, што гэта службовая таямніца. Але ў прыватных гутарках жыхары Крычава кажуць, што такі кантроль вядзецца — патрулююць так званыя «кантрабандысцкія дарогі», што ідуць у аб’езд пунктаў пропуску.

Расейцы з памежжа, зь якімі гутарыў карэспандэнт Свабоды, нічога ня бачаць сэнсацыйнага ва ўвядзеньні памежнага кантролю — кажуць, што гэта нармальна. Нармальна, паводле іх, будзе і ўвядзеньне паўнавартаснай мяжы зь Беларусьсю — мяжа, мяркуюць яны, будзе абараняць Расею ад пранікненьня «тэрарыстаў» з Малдовы і Ўкраіны.

На беларускім баку мяжы няма ніякага кантролю, хоць на разьвілцы дарогі ля вёскі Барсукі карэспандэнт Свабоды ўбачыў нарад транспартнай міліцыі, адзін мілоіцыянт быў узброены аўтаматам Калашнікава.

Людзі, што працуюць пры мяжы, кажуць, што буфэрную зону паміж Беларусьсю і Расеяй зьбіраюцца абгарадзіць сеткай і забараніць там стаянку транспарту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG