Забойства Барыса Нямцова — безумоўна палітычнае, і як у такіх выпадках кажуць, «мэдыйнае». Учыненае каля сьценаў Крамля, на тэрыторыі, якая праглядаецца тэлекамэрамі, дзе кожны другі «выпадковы мінак» — гэта супрацоўнік спэцслужбаў. Забойцы наўмысна пакінулі сьведку — дзяўчыну, якая была з Нямцовым. Больш за тое, вельмі верагодна, што за два дні да прызначанай апазыцыйнай акцыі за Нямцовым была «наружка», і забойцы гэта напэўна ведалі — але чамусьці гэта іх не спыніла.
Гэта можа азначаць толькі адно — забойцы лічаць, што ім за гэта нічога ня будзе.
У Габрыэля Гарсія Маркеса ёсьць славутая аповесьць «Хроніка аб’яўленай сьмерці» — дзе ўсе ведаюць, што забойства адбудзецца, але ніхто нічога ня хоча (ці ня можа) зрабіць. Расея апошняга года стала такой хронікай.
«Чэхаўская» стрэльба, якая штодня вісіць у эфіры расейскіх тэлеканалаў, не магла ня стрэліць.
У краіне, дзе запанавала атмасфэра вар’яцкай нянавісьці да іншадумцаў, — можна было чакаць, што гэта ня скончыцца абразамі ў інтэрнэце. «Даўно пара, чым больш такіх заб’юць, тым лепш» — так пішуць пра сьмерць Нямцова расейскія карыстальнікі сацыяльных сетак.
Абстаноўка псыхозу і гістэрыі з нагоды ўнутраных ворагаў і «пятай калёны», палітычныя ток-шоў на расейскім тэлебачаньні, якія нават я са сваім прафэсійным цынізмам не магу вытрымаць больш пяці хвілінаў, — гэта і ёсьць тая стрэльба, якая павінна была стрэліць. Улады арганізоўваюць масавы мітынг гопнікаў — антымайдан, — удзельнікі якога нясуць партрэты «ворагаў народу», у тым ліку Нямцова. Ствараюцца фактычна ваенізаваныя групоўкі, якія заяўляюць, што фізычна не дапусьцяць акцыяў пратэсту. Удзельнікі «патрыятычных» летнікаў у Селігеры кідаюць дроцікі ў партрэты апазыцыянэраў — адбываецца тое самае «расчалавечваньне апанэнтаў», першы крок да забойства.
Стрэльба даўно вісіць на сьцяне, цяпер яна будзе страляць у кожным акце.