Чытач спытаў: чаму тыя самыя словы (ці карані) у роднасных мовах могуць мець непадобныя і нават процілеглыя значэньні?
Бываюць сьмешныя сытуацыі праз розныя значэньні падобных словаў (паронімаў) у блізкароднасных мовах. Асабліва ў эпоху гугальтрансьлейту. Інструкцыя па-беларуску для падарожніка:
Вазьміце порхаўку!
Дзіва: нашто браць у дарогу грыб, што лопаецца і пыхкае? Дый дзе яго ўзяць — пагатоў яшчэ не сэзон?.. Аказваецца, мэханічныя мазгі так пераклалі расейскі „дождевик“ — там гэта ня толькі плашч-накідка, але і грыб, які па-беларуску завецца порхаўка. А па-беларуску дажджавік— толькі накідка.
Але найбольш цікава, калі міжмоўныя паронімы — яшчэ і антонімы.
Вось беларускія словы блага, благі:
Танцор зь цябе, відаць, зусім благі! — пра няўдалага танцора, з вадэвілю.
Пра стан здароўя: У яго тэмпэратура, яму блага.
Блáжыць (чалавеку млосна, моташна, яго ванітуе): Ад чаду яго пачынала блáжыць. І калі нехта худнее (не ад фітнэсу, а марнее) — скажуць: зусім зблажэў.
А ў расейскай корань благ-, наадварот, нясе суцэльны пазытыў:
Люблю земные блага. Чувствую себя на вершине блаженства.
Разьвітаньне: Всех благ!
(Па-беларуску — зямныя даброты; раскоша; бывай здароў/-ва.)
Расейскае благо і нашае блага — антанімічныя! Благие пожелания і благія пажаданьні вядуць у процілеглыя бакі.
Як так павялося?
Расейская мова пазычыла вельмі шмат з мовы царкоўнаславянскай (пачатна стараславянская, фактычна старабаўгарская). У фразе (відаць, з фантастычнага раману)
Правоохранителям негласно запретили браниться.
усе словы — царкоўнаславянізмы.
І благыи, благо — царкоўнаславянізмы. Яны ў сваю чаргу паходзяць ад яшчэ праславянскага, дапісьмовага *bolgъ ‘добры’.
А як царкоўнаславянізму хлад адпавядае беларускі холад, так мусіла быць беларускае болагі ‘добры’. Такое слова некалі было, знаходзім яго ў Сымона Буднага. Але адышло. Яго сучаснае рэха — у калярытным слове балазé:
Рас.: Купим два места багажа, благо мы сэкономили на скидках.
Бел.: Купім два месцы багажу,балазé мы заашчадзілі на зьніжках.
А сучаснае беларускае благі — ад зусім іншага праславянскага кораня: blagъ ‘дрэнны, слабы’. Ужо са старабеларускай мовы прыметнік прыйшоў у літоўскую: blogas таксама ‘дрэнны’.
Вось жа беларускае благі і расейскае благой ад пачатку рознага паходжаньня, рознага значэньня і супалі выпадкова.
Адкуль тады „благаславіць“ у беларускай?
Гэтае слова, як і іншыя на блага-, уласьцівае лексыцы расейскай праваслаўнай царквы.
Беларуская ж мова здаўна пераключыла разьвіцьцё свайго слоўнага запасу з царкоўнаславяншчыны на ўласную народную аснову. Ужо ў XVI ст. адзін зь першых нашых перакладных слоўнікаў „Лексіс з талкаваньнем славенскіх моў проста“ перакладае Благослови як Дабро рачы. Аўтары адчувалі, што гэта чужаземнае слова.
І жывая мова гэта адчувае: выраз благословити ў народнай традыцыі скараціўся, каб не было чуваць кепства: блаславіць, блаславёны, а нават баславіць.
Дбайца пра чысьціню беларускае мовы Вацлаў Ластоўскі ўкараняў дзеяслоў багаславіць, які ў старабеларускай азначаў крыху іншае — ‘займацца багаслоўем’.
Але гэтак зацямняецца нутраная форма слова: яго ж і ў стараславянскай мове першаперакладнікі Кірыла і Мятод скалькавалі з грэцкага εὑλογέω, даслоўна ‘дабро / добра кажу’.
Калі блага, найлепшы лек — дабро
Маем вялікае гняздо складаных словаў, якія пачынаюцца на дабро-: дабрадзей,дабрабыт (расейскае благосостояние), дабрачынны (рас. благотворительный).
У старабеларускай мове быў такі пачэсны эпітэт — дабраслаўны. Быў і дзеяслоў дабраславіць.
Дабраслаў, душэ мая, Госпада (Псалтыр XVI стагодзьдзя, падае Я. Карскі).
Магчыма, тут значэньне крыху іншае: ‘добра слáвіць’, ад славы, не ад слова, хаця карані роднасныя. Але ў Паўночнай Беларусі вядомае прывітаньне Дабраслаў. І сьвятары, якія зважаюць на народную традыцыю, кажуць адпаведна гэтай мадэлі — дабраславіць (ці дабрасловіць), дабраславеньне.Таксама Дабравесьце, сьвята Дабравешчаньне або Зьвеставаньне (паводле заходняга календара акурат 25 Сакавіка). І іншым расейскім царкоўнаславянізмам на благо- ў нашай мове знаходзім словы дабрá: благотворный — дабратворны; благоустроенный — добраўпарадкаваны або проста ўпарадкаваны, дагледжаны.
Благородство — высакароднасьць, у Ластоўскага дабрароднасьць, як у старабеларускай мове. (Дарэчы, Ластоўскі стварыў для гэтага самага значэньня ўнікальнае слова крывічэсьлівасьць, у якім і кроўны абавязак, і чэсьць, і памяць пра крывічоў, — але ж не прыжылося.)
А згаданая благодать — па-нашаму ласка, міласьць, раскоша ці хараство.
Без „благоглупостей“
У расейскай мове словаў на благо- мноства, але ня маем патрэбы іх капіяваць па частках. Маем свае аднакаранёвыя:
благоговейно — пакорліва, пабожна
благодатный — багаты, раскошны, жыватворны, поўны ласкі
благолепие — хараство, аздобнасьць
под благовидным предлогом — знайшоўшы зручную прычыну
благовоние (тут на наша вуха адразу два спрэчныя карані, але па-беларуску зусім не „дабрасьмердзе“!) — пахучасьць, духмянасьць благовонность — вохнасьць у Ластоўскага
благоприятный — спрыяльны
благонадёжный — расейскае слова замацавалася ў жандарскім ІІІ-м аддзяленьні Расейскай імпэрыі ды ў НКВД. У прынцыпе на беларускую не перадаецца, у нас ня той мэнталітэт, каб палітычную ляяльнасьць называць такім эмацыйным словам
благообразный — самавіты
благодушие — лагоднасьць
благоглупость — усяго толькі глупства ці недарэчнасьць
благозвучие — мілагучнасьць
***
Балазе ўласны, не пазычаны, слоўны запас нашае мовы невычэрпны.