Францішак Скарына — ня толькі перакладнік біблійных тэкстаў. Ён аўтар прынамсі 50 уласных публіцыстычных прадмоваў да кніг, дзе поўна і мудрых думак, і вобразаў, ёсьць і вершаваныя радкі.
На шчасьце, Скарына (пакуль што?) уключаны ў школьную праграму беларускае літаратуры. Хоць мізэрна: у VI і IX клясе разам дзьве гадзіны.
Ці Скарынавай творчасьці вучаць з арыгіналу? Не, зь перастварэньняў. Часта сапраўды таленавітых, як гэты паэтычны пераказ Алесем Разанавым Прадмовы ва ўсю Біблію:
Гэтая кніга дзецям і простым людзям — навука,
а мудрацам і вучоным — дык дзіваваньне.
Яна, як рака цудадзейная, адначасова плыткая — можна па ёй і дзіцяці брысьці —
і незвычайна глыбокая — слон плысьці мусіць.
У гэтай кнізе пачатак і завяршэньне ўсёй чалавечай мудрасьці…
Зь іншага боку, не перакладаюць сучасным грэцкім школьнікам Эсхіла і Сафокла — наадварот, выкладаюць цягам усяе сярэдняе школы старажытнагрэцкую мову, каб чыталі ў арыгінале. І ангельскія школьнікі вывучаюць Чосэра, які жыў за сто гадоў да Скарыны, без адаптацыі. Так нацыі рупяцца пра пераемнасьць, узгадоўваюць у наступных пакаленьнях адчуваньне таго, што культура продкаў — частка нас, ня трацяць вартасьцяў даўнейшае мовы.
Ня думаю, што нам канечне трэба перакладаць Скарыну. Нават для школьнікаў. Пачытайма арыгінал звычайным беларускім вымаўленьнем:
...Младзенцам і людзям простым ёсьць навука,
Вучыцелям жа і людзям мудрым падзіўленьне.
Яка рака дзіўная, мелка, па ней жа агнец брысьці можаць,
а глубока — слон убо плываці мусіць.
У сей Кнізе ўсяе прыроджанае мудрасьці зачала і канец...
Маем адчуваньне эпохі, аўтарскага рытму, моўнай дыстанцыі. А заадно нагоду для разумнага настаўніка патлумачыць вучням: у Скарыны словы накшталт младзенец і агнец — не русізмы, а рэшткі царкоўнаславяншчыны, ад якіх беларуская мова пасьля адмовілася.
Якая ж мова выданьняў Скарыны?
Лінгвісты абгрунтавана кажуць, што безумоўна лічыць Скарынаву мову тагачаснай беларускай было б пасьпешліва. Пісаная мова, скажам, судовых пратаколаў ці Статутаў ВКЛ куды бліжэйшая да сучаснай і далейшая ад царкоўнаславяншчыны.
Нагадаю. Кірылічная азбука прыйшла ў Беларусь у IX–X стагодзьдзях разам з богаслужбоваю літаратураю на мове, якую ўмоўна завуць стараславянскаю, пазьнейшую вэрсію — царкоўнаславянскаю. Тая мова была родная для насельнікаў горада Солуні -- продкаў цяперашніх македонцаў і баўгараў. З Солуні родам браты Кірыла і Мятод.
Для нашых жа продкаў стараславянская мова, хоць збольшага зразумелая, сваёю не была. Аднак тэксты на ёй, ахутаныя сакральнай недатыкальнасьцю, доўга стараліся не мяняць пры перапісваньні, пераймалі таксама яе правапіс.
Скарына спрасьціў традыцыйную кірыліцу, прыбраўшы з азбукі, створанай для іншае мовы, лішнія для беларускае мовы літары. Нездарма ён тлумачыць у прадмове да Псалтыра: „павялеў ясьмі Псалтыру ціснуці рускімі словамі а славенскім языком“, што значыць ‘беларускімі літарамі на царкоўнаславянскай мове’ („слова“ тут значыць ‘літара’ — акурат як у паўднёваславянскіх мовах). Скарына стварыў новы рэнэсансавы дызайн кірылічных літараў, які можна лічыць нашым нацыянальным набыткам.
А слоўнік і граматыку сваіх выданьняў больш беларускімі Скарына рабіў асьцярожна, паступова. Ён яшчэ ўжывае царкоўнаславянізм блага (у значэньні ня кепскага, а зусім наадварот — добрага), а ў тагачасных сьвецкіх беларускіх тэкстах ужо пабачым пераважна слова дабро; падобна ў Скарыны время — а ў сьвецкіх запісах час. Такіх царкоўнаславянска-беларускіх сынанімічных параў у той час было шмат: трэпет — страх, чаша — келіх, крэпасьць — моц, нішчы — убогі, зяло — вельмі... Першыя словы ў гэтых парах ужываліся па традыцыі.
Хаця ў Скарыны поўна ўласнабеларускіх словаў накшталт волат і жніво, крыніца і ласяня, тым ня менш царкоўнаславянскія рысы ў лексыцы і граматыцы ягоных перакладаў складаюць ад 72% у Песьні Песень да 56% у Трэцяй кнізе Царстваў. Інакш кажучы, Скарына трымаўся царкоўнаславянскай мовы, але шчодра насычаў яе беларусізмамі. Навукова правільна сказаць, што ягоныя кнігі выдадзеныя на беларускім варыянце царкоўнаславянскае мовы. Прычым прадмовы й пасьляслоўі бліжэйшыя да жывое мовы, чым уласна пераклады. Жывая беларуская мова ўрэшце не прыняла царкоўнаславянізмаў, сьвецкія тэксты з канца XV–XVI стагодзьдзя можна лічыць цалкам беларускамоўнымі.
Аўдыёфайл Скарыны
Але правапіс тады захоўваўся традыцыйны — паўднёваславянскі. Ён не адлюстроўваў многіх рысаў жывога вымаўленьня нашых продкаў, якія, як і мы цяпер, „акалі“ ды „якалі“, „дзекалі“ й „цекалі“. Так, у Скарынаву эпоху існавалі ўсе гукавыя асаблівасьці сучаснае беларускае мовы (можа ўсе яны былі і раней; навукоўцы надалей дыскутуюць пра гэта).
Адкуль тое ведаем? Перадусім з аналізу пісьмовых тэкстаў. Той самы Скарына ў пачатку XVI стагодзьдзя піша звери — нібыта бязь яканьня і зь мяккім р. Гэта царкоўнаславянскі правапісны стандарт. Але побач бачым напісаньне рибы, што значыць ‘рыбы’. А значыць, папраўдзе ў Скарынавай роднай мове тут вымаўляецца цьвёрды гук [р]. Чаму такая выснова? Бо і па-царкоўнаславянску пісаць трэба рыбы. Але беларусу запомніць, дзе ў той чужой мове ри, а дзе ры, — немагчыма, вось і пісалі часам наўздагад усюды мякка, каб не памыліцца, і ўсё адно хібілі на свой лад. Гэта так званы гіпэрнармалізм, або, як яго называў выбітны мовазнаўца Яўхім Карскі, „ложноорфографический приём писца“:
„...написания из старинных памятников с мягким р на месте твердого, как возникшие вследствие безразличного отношения писцов к написаниям с твердыми и умягчительными гласными после р или даже из опасения погрешить против употребления мягкого р, свидетельствуют об утрате уже в старину мягкого произношения р в белорусском языке“.
Евфимий Карский. Белорусы. Язык белорусского народа. Вып. 1
Але шматлікія тагачасныя пісары памыляліся ў іншы бок або і сьвядома пісалі адпаведна вымаўленьню: терать, оурадъ, писара, мора, говору.
Гэтаксама — праз „памылкі“ пісараў — пацьвярджаецца, што ў эпоху Скарыны было дзеканьне-цеканьне. Чатыры варыянты напісаньня — деготь, дзеготь, дзоготь, дегоць — паказваюць нам, як перашкаджаў тым пісарам царкоўнаславянскі традыцыйны правапіс перадаць жывое вымаўленьне дзёгаць.
Быў фрыкатыўны гук [г] як асноўны (выбухны гук [g] абазначалі спалучэньнем кг і адмысловай літарай ґ), было ў нескладовае ў вядомых нам пазыцыях (вмова, втискъ), падваеньне зычных, былі прыстаўныя [г] і [в], зьявіўся зьлітны гук [дж] (які перадавалі як умелі: дожчу і дождчу, одъѣждчалъ і въѣжджалъ)
Было „аканьне“ і „яканьне“, інакш бы не пісалі гіпэрнармальна полац, тотарскою, жодаю; деветь, заець, присегнути.
Зрэшты, ня маючы машыны часу і аўдыёзапісаў мовы XVI стагодзьдзя, мы ўзнаўляем тагачаснае вымаўленьне ня толькі з правапісных ваганьняў пісарчукоў і самога Скарыны, што карысталіся кірыліцаў. У кнігах беларускіх татараў па-беларуску арабскім пісьмом, у лдацінскавых тэкстах па-беларуску вымаўленьне перадаецца больш пасьлядоўна.
А вось на сучасную расейскую царкоўнаславяншчына аказала велізарны ўплыў. І ўсе гэтыя животрепещущие, благолепия, чудеса, нищие і крепости сталі набыткам лексыкі расейскае мовы, а традыцыйныя напісаньні вода ці живой, хоць пярэчаць расейскаму вымаўленьню [вада] і [жывой], сталі нормаю расейскага правапісу.
Дык як чытаць Скарыну?
У відэанарысе Беларускага тэлебачаньня „Франциск Скорина“ чуем такое вымаўленьне радкоў тытульнага тэксту Скарынавай Бібліі:
Бивлия Руска, выложена докторомъ Францискомъ Скориною изъ славнаго града Полоцька, Богу ко чти и людемъ посполитымъ к доброму научению
Дыктарка вымаўляе мяккія шыпячыя — „чьті“, мяккі [р'] — „Скоріною“, выбухны гук [ґ] — „ґрада, боґу“, няма [ў] — „славного“, няма падоўжаных — „наученію“. Дык мо яна чытае палітарна? Не! Яна ж не захоўвае „оканьня“, якое выразна пазначаецца на пісьме. Напісана „доктором“, а яна чытае „доктарам“. Кажа ня „славного“, як напісана, а „славнава“, як у расейскай. Шыпячы [ж] не вымаўляе мякка, як належыць у стараславянскай. І наагул гаворыць з інтанацыяй, уласьцівай расейскай літаратурнай мове. То бок чытае нерасейскі тэкст па-расейску. Дакладна гэтаксама дыктар чытае тытул Скарынавай кнігі ў фільме „Ф. Скорина. Судьба просветителя“, зьнятым на канале ОНТ.
На жаль, такі спосаб чытаньня старых беларускіх тэкстаў — неістотна, ці чыстаю беларускаю моваю пісаных, ці беларускім варыянтам царкоўнаславяншчыны — пануе ў нашых адукатараў, навукоўцаў, актораў.
Гэта сыстэмная памылка, якая дэзарыентуе слухачоў, асабліва школьнікаў, дае фальшывыя аргумэнты адэптам „рускага міру“. Паўтару: усе вымаўленчыя рысы беларускае мовы ў эпоху Скарыны бытавалі, і таму чытаць усе нашыя старыя тэксты трэба як цяпер — зь „яканьнем“ і „дзеканьнем“, з ў нескладовым і падоўжанымі зычнымі. А царкоўнаславянізмы пціцы і воздух не перашкодзяць адчуваньню найбольш знакамітага Скарынавага верша ў прозе:
Панежа ад прыраджэньня зьвяры, хадзячыя ў пустыні, знаюць ямы свая; пціцы, лётаючыя па воздуху, ведаюць гнёзды свая; рыбы, плываючыя па мору і ў рэках, чуюць віры свая; пчолы і тым падобная бароняць вульляў сваіх; — така ж і людзі, ідзе зрадзіліся і ўскормлены суць па Бозе, к таму месту вялікую ласку імаюць.