Пра гэта ў інтэрвію ТАСС паведаміў міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.
«Нягледзячы на тое, што заяўленыя на вучэньні „Захад-2017“ колькасьць асабовага складу, колькасьць баявых браняваных машынаў, артылерыі, авіяцыі не дасягаюць парогавых значэньняў для паведамленьня, мы запросім нашых партнэраў, каб яны на свае вочы пераканаліся, што вучэньні не вырашаюць тых задачаў, пра якія яны заяўляюць», — сказаў Андрэй Раўкоў.
Паводле міністра, запрашэньні атрымаюць ня толькі вайсковыя аташэ, акрэдытаваныя пры Міністэрстве абароны Беларусі, але і шэраг міжнародных арганізацыяў, сярод якіх ААН, АБСЭ, NATO, АДКБ, СНД, Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа.
Таксама Раўкоў сказаў, што назіральнікаў запросяць ад суседніх дзяржаваў — Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі. А таксама на падставе двухбаковых пагадненьняў — з Эстоніі, Швэцыі і Нарвэгіі.
«Усяго будзе запрошана больш за 80 назіральнікаў», — паведаміў Андрэй Раўкоў.
Хто турбуецца з нагоды вучэньняў «Захад-2017». Адной карцінкай
Аднак гэта найбуйнейшая акцыя сумеснай апэратыўнай падрыхтоўкі ўзброеных сілаў дзьвюх дзяржаваў.
Да ўдзелу ў вучэньнях плянуецца далучыць каля 12 700 вайскоўцаў і каля 680 адзінак баявой тэхнікі. У Беларусі яны пройдуць на шасьці палігонах.
Паводле Раўкова, гэтыя вучэньні «не зьяўляюцца адказам на ўзмацненьне вайсковага складніку NATO каля межаў нашых дзяржаваў».
Ён сказаў, што разьвіцьцё дыялёгу з NATO ёсьць «натуральным працэсам» замежнай палітыкі Беларусі.
Паводле міністра, «выбудоўваньне дачыненьняў з нашымі заходнімі партнэрамі не супярэчыць абвешчаным прыярытэтам у кааліцыйнай вайсковай палітыцы Беларусі».
Раўкоў сказаў, што «падтрыманьне дыялёгу з ЗША ў пытаньнях міжнароднай і рэгіянальнай бясьпекі ёсьць важным крокам з гледзішча зьніжэньня напружанасьці ў рэгіёне».
Ён адзначыў, што ў 2015–2016 гадах Беларусь аднавіла кантакты ў вайсковай сфэры з ЗША, у тым ліку акрэдытавала аташэ ў пытаньнях абароны.
«У рамках кансультацыяў адбыўся пошук узаемавыгадных, бяз шкоды для нашых саюзьніцкіх абавязаньняў і інтэграцыйных прыярытэтаў, пунктаў судакрананьня», — сказаў Раўкоў.
Пра небясьпеку вучэньняў «Захад» раней казалі афіцыйныя асобы Літвы, Латвіі, Эстоніі ды Ўкраіны.
У вучэньнях «Захад-2017» могуць узяць удзел больш сіл, чым заяўлена афіцыйна, мяркуе кіраўнік NATO
NATO і Расея таксама праінфармавалі адно аднаго аб плянаваных вайсковых вучэньнях — расейска-беларускіх «Захад-2017» і натаўскіх Trident Javelin 2017.
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг падкрэсьліў, што NATO ня бачыць пагрозаў з боку Расеі ў сувязі з вучэньнямі «Захад-2017». Аднак у NATO мяркуюць, зыходзячы зь мінулага досьведу, што ў вучэньнях могуць узяць удзел больш сілаў, чым заяўлена афіцыйна.