Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаны байкер даў паказаньні: Я страціў кантроль над матацыклам з прычыны дзеяньняў даішніка


Сяргей Шаўцоў даў паказаньні ў судзе адносна ДТЗ, у выніку якога пацярпеў супрацоўнік ДАІ Ўладзімер Таўпінец.

Паводле абвінавачанага, 18 красавіка ён згубіў на дарозе рэгістрацыйны знак, які адваліўся разам з кранштэйнам. Яму аддаў знак адзін з аўтамабілістаў на дарозе. Знак Шаўцоў паклаў у куфар.

У 10:50 ён выехаў на трамвайныя рэйкі на скрыжаваньні праспэкта Машэрава з праспэктам Незалежнасьці. Тут убачыў інспэктара ДАІ, які запатрабаваў вызваліць трамвайныя рэйкі і паказаць дакумэнты.

Сяргей Шаўцоў ня мог пераехаць адразу на тое месца, якое ўказаў інспэктар, і таму спачатку вырашыў адʼехаць назад. Супрацоўніку ДАІ, па словах абвінавачанага, ён кіўнуў галавой на знак згоды выканаць ягоны загад. Але калі байкер пачаў рухацца назад, міліцыянт нібыта накінуўся на яго.

«З прычыны ягоных дзеяньняў мае пальцы з рычага кіраваньня саскочылі, таксама ён узьдзейнічаў на маю другую руку, і таму абароты рухавіка павялічыліся», — сказаў Шаўцоў.

Ягоны матацыкл пачаў з прабуксоўкай рэзка паскарацца і павярнуўся ўлева. «Фактычна я страціў кіраваньне матацыклам з таго часу, як умяшаўся Таўпінец», — сказаў Шаўцоў.

Як толькі матацыкл пачаў паскарацца, тулава Шаўцова падалося назад, таму ён ня меў магчымасьці прадухіліць ДТЗ, сказаў абвінавачаны. Спаслаўшыся на гэта, абвінавачаны не прызнаў парушэньня правілаў ДТЗ.

Адмовіў ён і тое, што нібыта аказваў супраціў Таўпінцу: «Нічым я яго ня стрымліваў», — сказаў Шаўцоў.

Абвінавачаны выказаў спачуваньне супрацоўніку ДАІ і заявіў, што і цяпер не адмаўляецца дапамагаць пацярпеламу.

З адказаў абвінавачанага на пытаньні пракурора стала вядома, што на момант ДТЗ ягоны матацыкл «Судзукі» не прайшоў тэхагляд.

«Я ехаў, каб прайсьці тэхагляд. Спачатку хацеў заехаць у банк, набыць валюту, а потым зьбіраўся на тэхагляд», — сказаў суду Сяргей Шаўцоў.

Перад паказаньнямі Шаўцова суд прагледзеў відэа ДТЗ, якія былі запісаныя на відэарэгістратарах удзельнікаў дарожнага руху. Пацярпелы Ўладзімер Таўпінец, які таксама прагледзеў відэа, параўнаўшы яго з паказаньнямі Шаўцова, абвінаваціў яго ў хлусьні.

«Там бачна, што мае рукі яго не трымалі. Вы хлусілі», — сказаў Таўпінец Шаўцову.

Абвінавачаны працягваў настойваць, што Таўпінец наклаў сваю руку на ягоную руку і гэтым паспрыяў адвольнаму паскарэньню матацыкла.

Байкеру Сяргею Шаўцову пагражае 5 гадоў зьняволеньня за супраціў міліцыянту і парушэньне правілаў ПДР зь цяжкімі наступствамі. Таксама пацярпелы выставіў абвінавачанаму пазоў у 50 тысяч рублёў.

У студзені 2015 году Сяргея Шаўцова на паўгода пазбавілі правоў кіроўцы за перавышэньне хуткасьці, але ён працягваў езьдзіць на аўтамабілі і зноў рэгулярна парушаў правілы ПДР ды плаціў штрафы. Усяго судзьдзя Есьман налічыў 52 парушэньні ПДР з 2007 году. «Калі падзяліць на гады, дык ня так і шмат — па 5 за год. Мая праца зьвязаная зь перасоўваньнем на аўтамабілі», — сказаў Сяргей Шаўцоў. Ён згодны кампэнсаваць Уладзімеру Таўпінцу страты на 5 тысяч рублёў: «Такія грошы ў мяне ёсьць».

Судовыя спрэчкі прызначаны на 27 кастрычніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG