Байкер Сяргей Шаўцоў, якога пачалі судзіць 25 кастрычніка за аказаньне супраціву супрацоўніку ДАІ і парушэньні правілаў дарожнага руху зь цяжкімі наступствамі, адмовіўся даваць паказаньні, пакуль ня выступяць сьведкі.
Паводле матэрыялаў сьледзтва, Сяргей Шаўцоў раней не прызнаваў сябе вінаватым.
Дарожна-транспартнае здарэньне, у выніку якога пацярпеў супрацоўнік ДАІ Ўладзімер Таўпінец, адбылося ў Менску 18 красавіка на скрыжаваньні праспэктаў Незалежнасьці і Машэрава. Інспэктар ДАІ паспрабаваў спраўдзіць дакумэнты ў байкера, які спыніўся на чырвонае сьвятло, бо ягоны матацыкл ня меў рэгістрацыйных нумароў. Што адбылося далей, высьвятляе суд.
Па вэрсіі сьледзтва, байкер націснуў на газ, зачапіў міліцыянта, той паваліўся на дарогу, дзе на яго наехаў другі аўтамабіль, з інкасатарамі. У выніку—шматлікія траўмы, 1,5 месяца комы, доўгае лячэньне, якое працягваецца дагэтуль. Сам Уладзімер Таўпінец ня змог расказаць пра акалічнасьці здарэньня, бо дагэтуль яго ня помніць. Выступаючы ў судзе, міліцыянт гаварыў з паўзамі, скардзіўся на болі ў галаве. Шматлікія шнары на галаве Ўладзімера Таўпінца паказвалі, што пацярпеў ён вельмі моцна.
Байкер Сяргей Шаўцоў на сьледзтве вэрсію пра супраціў міліцыянту адмаўляў. Паводле паказаньняў Шаўцова, ён да міліцыянта не дакранаўся, а той сам схапіў яго за руку, а потым, калі матацыкл рвануў зь месца, паваліўся і трапіў пад колы аўтамабіля з інкасатарамі. Тое, што ў момант размовы зь міліцыянтам ён націснуў на газ, Сяргей Шаўцоў патлумачыў выпадковасьцю. У судзе агучаная інфармацыя, што да інцыдэнту 18 красавіка Сяргей Шаўцоў больш за 50 разоў парушаў правілы дарожнага руху. Таксама прагучалі зьвесткі пра зьмены, якія былі ўнесеныя ў канструкцыю матацыкла «Судзукі».
Сьведкі, якія далі паказаньні аб здарэньні, выказваліся даволі супярэчліва. Некаторыя тлумачылі гэта тым, што ўжо ня памятаюць усіх абставінаў.
Сяргею Шаўцову пагражае да 5 год зьняволеньня. Таксама Ўладзімер Таўпінец заявіў яму пазоў на 50 тысяч рублёў — у якасьці кампэнсацыі за матэрыяльныя і маральныя страты. Сяргей Шаўцоў ужо пагаджаўся кампэнсаваць пацярпеламу суму ў 5 тысяч рублёў. Больш грошай, казаў, ня мае. Абвінавачаны сам з Жодзіна, ён індывідуальны прадпрымальнік. Пад арыштам Шаўцоў з 20 красавіка.
Адвакат супрацоўніка ДАІ Ўладзімера Таўпінца папрасіла суд далучыць да матэрыялаў справы мэдычныя дадзеныя пра ягоны стан пасьля ДТЗ. Аказваецца, у траўні яму выдалілі частку косткі чэрапа, і да верасьня левая частка мозгу была прыкрытая толькі скурай. Цяпер на пашкоджанае ў выніку ДТЗ месца ўставілі мэталаплястыку.
Вядзе гучную справу пацярпелага супрацоўніка ДАІ судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Менску Валер Есьман.