Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраілі заклікалі сваіх грамадзян улічваць пры паездках у Беларусь сытуацыю на мяжы зь Літвой


Сьцяг Ізраілю. ілюстрацыйнае фота
Сьцяг Ізраілю. ілюстрацыйнае фота

Міністэрства замежных спраў Ізраілю заклікала грамадзян сваёй краіны больш пільна ставіцца да лягістыкі паездак у Беларусь, улічваючы сытуацыю, што склалася «пасьля нядаўніх інцыдэнтаў на сухапутнай мяжы паміж Літвой і Беларусьсю».

Як паведаміла выданьне «Позірк», ведамства рэкамэндавала ізраільцам, якія плянуюць паездкі ў Беларусь па сушы, «разгледзець неабходнасьць» такой паездкі ў гэты час або «разгледзець магчымасьць прыбыцьця ў краіну авіярэйсам».

«Грамадзяне Ізраілю, якія знаходзяцца ў Беларусі і хочуць вярнуцца ў Ізраіль, могуць вылецець зь Менску ў іншыя пункты прызначэньня і адтуль прадоўжыць шлях у Ізраіль», — адзначылі ў замежнапалітычным ведамстве.

Усе пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы будуць закрытыя сама меней да 30 лістапада. Потым разгледзяць пытаньне аб мэтазгоднасьці адкрыцьця ці працягу ўжо ўхваленага рашэньня.

Да гэтага Літва закрывала мяжу некалькі разоў праз паветраныя балёны з кантрабанднымі цыгарэтамі, якія пагражалі бясьпецы аэрапорту ў Вільні. Упершыню мяжу закрылі ў ноч на 22 кастрычніка.

Аляксандар Лукашэнка 31 кастрычніка заявіў, што нібыта літоўцы «самі з тэрыторыі Беларусі перакідвалі цыгарэты на мэтэаралягічных зондах», каб зарабіць на іх перапродажы.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG