Пасьля перамоваў з кіраўніцтвам Расеі Дональд Туск заявіў, што Варшава ня мае намеру далучацца да праекту газаправоду “Nord Stream”, які праходзіць па дне Балтыйскага мора. Паводле польскага прэм’ера, Варшава выступае за значна больш танную альтэрнатыву – “сухапутны” газаправод праз краіны Балтыі і Польшчу. Паводле спадара Туска, прадстаўнікі Расеі таксама “заявілі пра зацікаўленасьць у абмеркаваньні наземнай канцэпцыі газазабесьпячэньня Эўропы праз краіны Балтыі і Польшчу”.
Намесьнік дырэктара маскоўскага інстытута краінаў СНД Уладзімер Жарыхін сказаў, што такі праект у многім залежыць ад паводзінаў Украіны:
“Рэакцыя на мінулы газавы скандал была адназначная з боку Эўропы – гэта будаўніцтва балтыйскага трубаправода. Калі Ўкраіна спрабуе працягваць не плаціць за газ, то актуальнасьць яшчэ адной ніткі трубаправода ў абыход Украіны, безумоўна, падвысіцца. Мы ўвесь час гаворым пра дывэрсыфікацыю – больш газаправодаў добрых і розных. У гэтым пляне Польшча, нягледзячы на ўсе нашы складаныя палітычныя стасункі, ніколі не стварала праблем Расеі”.
Аднак абодва гэтыя праекты, якія абмяркоўваліся ў Маскве, абмінаюць і Беларусь, якая мела газавыя канфлікты з Расеяй. Нагадаем, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заклікаў Расею адмовіцца ад “Nord Stream” на карысьць будаўніцтва другой ніткі газаправоду Ямал-Эўропа, які праходзіў бы праз Беларусь. Узамен Лукашэнка нават прапаноўваў Расеі бясплатны транзыт газу цягам пяці гадоў.
Ці яны пакінуць гэты “Nord Stream”, ці яны пераключацца на наземны газаправод “Бурштын”, – для Беларусі гэта нічога не мяняе. Бо гэта азначае, што празь яе другую нітку “Ямал – Эўропа” будаваць ня будуць.
Паводле палітоляга зь Менску Андрэя Фёдарава, Расея будзе імкнуцца дывэрсіфікаваць пастаўкі газу:
“Расея будзе імкнуцца, але будзе глядзець для сябе лепшы варыянт. І я мяркую, нашы інтарэсы яна ў гэтым выпадку ўлічваць ня будзе. Ці яны пакінуць гэты “Nord Stream”, ці яны пераключацца на наземны газаправод “Бурштын”, – для Беларусі гэта нічога не мяняе. Бо гэта азначае, што празь яе другую нітку “Ямал – Эўропа” будаваць ня будуць. Таму тут што ў лоб, што па ілбе”.
Паводле аднаго з польскіх дыпляматаў, падчас візыту Дональда Туска ў Маскву пытаньне пра Беларусь не закраналася. Там абмяркоўвалася двухбаковае польска-расейскае супрацоўніцтва. Адной з ключавых тэмаў на перамовах было разьмяшчэньне на тэрыторыі Польшчы амэрыканскіх проціракет.
Падчас выступу ў дзяржсавеце прэзыдэнт Расеі заявіў, што ў сьвеце нібыта “пачынаецца новы віток гонкі ўзбраеньняў”. Палітоляг Віталь Сіліцкі сказаў:
“Фактычна, аднавілася рыторыка “халоднай вайны”. Калі аднавілася рыторыка “халоднай вайны”, Расеі зноў патрэбны пляцдарм на захадзе. Гэта ваенна-стратэгічныя гульні, дзеля якіх яны зноў пайшлі на кантакт з Лукашэнкам. Для гэтых ваенна-стратэгічных гульняў патрэбны транзытны калідор у Беларусі, трэба стратэгічны калідор. Дзеля гэтага Беларусь зноў трэба карміць. Толькі цяпер будуць карміць не праз “Газпром”, а праз расейскі бюджэт”.