“Газпром” пагражае ўжо з 11 лютага адключыць газ Украіне. Гэта зьвязана з тым, што запазычанасьць украінскага боку за пастаўлены газ склала 1,5 мільярда даляраў.
Прадстаўнік “Газпрому” Сяргей Купрыянаў заявіў, што калі ў панядзелак украінскі бок не ўрэгулюе гэтую сытуацыю, то “Газпром” вымушаны будзе спыніць пастаўкі газу ва Ўкраіну. Пра гэта ўжо папярэджаны Эўрапейскі Зьвяз. У сувязі з гэтым ці плянуе “Газпром” павысіць аб’ёмы транзыту газу празь Беларусь? Сяргей Купрыянаў сказаў:
“Што тычыцца транзытных аб’ёмаў, то яны застаюцца бязь зьменаў і па беларускім напрамку, і па ўкраінскім”.
Украіна атрымоўвае расейскі газ па 179,5 даляра за тысячу кубамэтраў. У першым квартале 2008 году цана за газ для Беларусі складае 119 даляраў. У “Белтрансгазе” і “Газпроме” заяўляюць, што на гэты момант няма ніякіх супярэчнасьцяў, а запазычанасьць Беларусі за пастаўкі паліва нулявая. Афіцыйны Менск намагаецца захаваць гэтую цану на ўвесь год. Спадар Купрыянаў сказаў, што цана на газ для Беларусі на другі квартал “вызначаецца паводле формулы”:
“Ёсьць кантракт, адпаведна зь якім прапісана, як вызначаецца цана ў першым квартале, у другім, трэцім, чацьвёртым. Адпаведна з гэтай формулай яна і будзе вызначана. У нас усе пытаньні, зьвязаныя з цэнаўтварэньнем, адрэгуляваныя яшчэ 31 сьнежня 2006 году”.
На пытаньне, ці будзе падвышацца цана на газ для Беларусі ў другім квартале, спадар Купрыянаў адказаў няпэўна:
“Складана пакуль сказаць. Можа быць падвышэньне, можа быць паніжэньне. Як формула пакажа”.
Расейскі амбасадар у Беларусі Аляксандар Сурыкаў сказаў, што рост цаны для Беларусі будзе нязначны, у межах 10%.
Паводле эканамічнага аглядальніка газэты “Беларусы і рынак” Тацяны Манёнак, гэты год выдатны для Беларусі што да кошту газу:
“Паколькі ў Расеі пакуль што выбары, і войны нейкія не патрэбныя былі зь Беларусьсю. Далей будзе больш складана. Грунтуючыся на прагнозах кошту нафты, на пачатку 2009 году Беларусь можа атрымаць кошт прыроднага газу ў 200—206 даляраў. Гэта вельмі палохае беларускі бок. І цяпер ён імкнецца правесьці перамовы, каб мець зафіксаваны кошт на наступныя два гады. Пакуль што зрабіць гэта не ўдалося, хоць два раўнды перамоваў былі. Іх працяг перанесены на сакавік”.
Украіна параўнальна зь Беларусьсю — мацнейшы транзытэр расейскага газу. Тацяна Манёнак сказала:
“Больш за ўсё палохала б Расею, калі б Украіна і Беларусь нейкім чынам салідарна праводзілі палітыку датычна расейскага газу. У такіх сытуацыях, канечне, трэба праяўляць нейкую салідарнасьць краінам-транзытэрам. Калі быў газавы канфлікт яшчэ ў мінулым годзе, краіны дамаўляліся, каб стварыць нейкую сваю арганізацыю краінаў-транзытэраў, каб сумесна праводзіць транзытную палітыку. Вось гэтага Расея будзе баяцца”.
Нагадаем, у мінулым годзе “Газпром” пагражаў ад 3 жніўня скараціць пастаўкі газу Беларусі на 45%. Пра гэта было заяўлена ў зьвязку з тым, што Беларусь мела запазычанасьць у 456,16 мільёна даляраў. У парушэньне дзейнага кантракту плацяжы не былі зробленыя да 23 ліпеня. Пад ціскам канцэрну афіцыйны Менск 3 жніўня зрабіў першы плацёж на значную частку запазычанасьці. “Газпром”, у сваю чаргу, адклаў абмежаваньне паставак газу з умовай поўнага пагашэньня запазычанасьці цягам аднаго тыдня.
Афіцыйны Менск падпісаў з канцэрнам дамову, згодна зь якой “Газпром” набывае 50% акцый “Белтрансгазу” за 2,5 мільярда, выплочваючы роўныя долі цягам чатырох гадоў.