Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Фінькевіч і расейскі крэдыт


“У гора-аналітыкаў зусім дах зьнесла – пры чым тут адно да другога?” – спытае іншы чытач. Аналітыкі, можа, і гора (а хто радасьць?), але сувязь тут усё ж прасочваецца, хаця і ўскосная.


Праўда, сёлета ўжо быў адзін прысуд на зьняволеньне – Андрэю Клімаву. Але ён быў асуджаны за тое, што напісаў пра ўладу і асабіста Лукашэнку нешта, што прыйшлося апошняму недаспадобы. Іншыя не пісалі, а Клімаў пісаў. Зразумела, і там было навідавоку парушэньне свабоды выказваньняў, але ўсё ж было дзеяньне, якое рабіў Клімаў і не рабілі іншыя.

Справа Артура Фінькевіча нагадвае справу Паўла Шарамета 10-гадовай даўніны. Празь беларуска-літоўскую мяжу памежнымі сьцяжынкамі гойсае палова Гарадзенскай вобласьці. Усе, у тым ліку і памежнікі, выдатна гэта ведаюць, і максымум, што пагражае гэтым парушальнікам – гэта штраф. Калі тое самае зрабіў Шарамет – прыгадалі, што крымінальны артыкул пра незаконны пераход мяжы ніхто не адмяняў, і Павал патрапіў у турму, зь якой здолеў вызваліцца толькі пры дапамозе прэзыдэнта Расеі. Калі казаць пра тыя самыя расейскія аналёгіі, яскравы прыклад – справа Міхаіла Хадаркоўскага. Сёлета скончылася палова ягонага тэрміну, калі няма парушэньняў рэжыму – трэба вызваляць.
Але парушэньне, і вельмі сымбалічнае, незадоўга да гэтай паловы тэрміну зьявілася – “не заклаў рукі за сьпіну”.

Прыкладна тое самае адбылося і з Артурам Фінькевічам. І агульнае веданьне кантынгенту, які адбывае “хіміі”, і расповеды былых вязьняў “хіміі” сьведчаць пра тое, што алькагольны дым там стаіць каромыслам штодня. Але дастаткова было Фінькевічу прыняць лек з утрыманьнем сьпірту – парушэньне рэжыму. Словам, “не заклаў рукі за сьпіну”.

Гэты прысуд тым больш павучальны на фоне таго, што некалькі справаў супраць “маладафронтаўцаў” былі сёлета даведзеныя да суду, але скончыліся штрафамі. Таксама не падарунак, але волі не пазбаўлялі. Да таго ж сёлета нават крыху раней да сканчэньня тэрмінаў былі вызваленыя з “хіміі” Кацярына Садоўская, Павал Севярынец і Мікола Статкевіч. Ці вытрымлівалі яны так добра рэжым, у адрозьненьне ад Артура Фінькевіча – ня ведаю, можа і так, можа і не. Але зь імі камбінацыю “спачатку “хімія” – потым турма“ праводзіць ня сталі. Чаму?

Каб адказаць на пытаньне, варта прыгадаць падзеі гадавой даўніны. Тады ў калядныя дні ў самым разгары была беларуска-расейская “вайна” вакол газу і нафты. Самы пік яе прыпаў на першыя дні гэтага году, у выніку Беларусь апынулася са значна больш высокімі цэнамі і на газ і на нафту.

І тут раптам высьветлілася, што ў беларусаў у цэлым і ў іх кіраўніка асабіста ёсьць браты ня толькі на Ўсходзе (хаця якія яны браты - па 100 даляраў за тысячу кубоў), але і на Захадзе. Пачалася гульня вялікага геапалітычнага штылю. Дакладней, гульню вёў адзін бок, але Захад і Эўропа ў прыватнасьці, аказаліся яўна не “на вышыні” глыбокіх геапалітычных дактрын афіцыйныга Менску.

Ужо тады даводзілася пісаць, што гісторыя згуляла злы жарт з тымі, хто марыць пра залатую мінуўшчыну Вялікага Княства Літоўскага. Справа ў тым, што тагачасныя фэадальныя правадыры сёньня выглядаюць прыгожа толькі ў гістарычных раманах.

Ну вось уявіце сабе, прыяжджае князь Вітаўт да “крыжакоў” пра нешта дамаўляцца (а да гэтых спрадвечных ворагаў ён прыяжджаў тройчы, тройчы атрымліваў дапамогу і тройчы ж не выконваў абяцанае). Кажа: “Дапамажыце, спадарства, маскалі (ці Ягайла ці яшчэ хтосьці) прыціснулі, а я ўжо вам адплачу, крыўдзіцца ня будзеце”. Ну, словам, прапанова альянсу энэргетычнай бясьпекі супраць расейскага імпэрыялізму. А магістар Ордэну, такі тагачасны Хавіер Саляна, яму ў адказ: “А як там у Вас, Князь, з правамі чалавека? Кажуць, што ня надта выконваеце”. Уяўляеце рэакцыю Вітаўта? “Вы што – зусім здурнелі? Вы ці мяне не паважаеце ці падмануць хочаце. Я ж па справе прыехаў дамаўляцца. Па справе! А вы мне галаву дурыце. Вы скажыце, што вам насамрэч трэба. Ды якая вашая *** справа, як я са сваімі людзьмі абыходжуся?”

Вітаўту, праўда, такія пытаньні тады не задавалі – час быў іншы. А цяпер зьмяніўся. Там. А тут – не. Таму і рэакцыя такая, як была б тады, калі б такія пытаньні задаваліся.

І ўвесь год кіраўніку Беларусі даводзілася ламаць сябе, слухаць прапановы маладой генэрацыі ўласнай адміністрацыі, што ціснуць ня трэба, а трэба весьці хітрую палітыку, каб крыху і дагадзіць Захаду, але і атрымаць ад яго яшчэ больш. Згаджаўся зь цяжкім сэрцам, бо ў чым жа сэнс улады, калі ня ў тым, каб абыходзіцца са сваімі людзьмі паводле свайго разуменьня?

Праўда, максымум таго, на што, сьціснуўшы зубы, была гатовая пайсьці беларуская ўлада, было заўважальна менш за мінімум таго, на што, таксама сьціснуўшы зубы і заплюшчыўшы вочы на свае прынцыпы, магла пайсьці Эўропа. Але ў гэтым разрыве і магла існаваць такая кволенькая і вельмі ўмоўная лібэралізацыя “па змаўчаньні”.

Але напрыканцы году расклад зьмяніўся. Што там у расейцаў згуляла – пэўна невядома: ці пэрспэктыва зьмены каравулу ў Крамлі, ці патрэба ў ваеным саюзьніку, ці ўсё ж бясплённыя “паездкі да крыжакоў” вернага беларускага саюзьніка падаліся не такімі ўжо небясьпечнымі для Масквы. Але расейскі арол павярнуўся другой галавой: цану на газ паднялі трошачкі, а самае галоўнае – ня толькі крэдыт, за які афіцыйны Менск змагаўся зь лютага, паднесьлі на талерачцы, а і яшчэ большы паабяцалі. А як душа за год ад эўрапейскіх “зьдзекаў” збалелася, ну трэба ж было ёй адпачыць? Вось і адпачыла – на Фінькевічу.

Гадоў 10 таму, у часы Ельцына, уплыў Расеі на Беларусь быў больш разнаплянавым: менавіта ёй былі абавязаныя сваім вызваленьнем з-за кратаў Павал Шарамет, а яшчэ раней Вячаслаў Сіўчык і Юры Хадыка, ды і расейскае тэлебачаньне не было такім падобным на беларускае, як цяпер. Але апошнімі гадамі назіраецца даволі шчыльная сувязь паміж параксызмамі “газпромаўскага” ціску і больш менш стрыманымі паводзінамі беларускіх уладаў у сэнсе правоў чалавека. Ня тое, што “Газпром” гэтага дамагаецца, яму на гэта напляваць, але мэханізм просты: каб аслабіць ціск, трэба навязваць кантакты з Захадам (ці рабіць выгляд навязваньня), ну а для гэтага трэба паводзіць сябе больш прыстойна , чым можна сабе дазволіць, калі ціск “Газпрому” адсутнічае.

Так што Расея, як ні дзіўна, выступае ўскосным лібэралізатарам Беларусі, ня маючы пры гэтым такіх плянаў.

З Расеяй, наагул, трэба разабрацца, а дакладней, разабрацца, чаго ж мы ад яе хочам. Дапусьцім, нашы хаценьні яе мала хвалююць, але разабрацца трэба нам самім. Летась, калі “газпромаўскі” каток каціўся на Беларусь, гаварылася, што гэта шантаж, спроба паставіць Беларусь на калені і наагул імпэрыялізм. Сёлета, калі “каток” паставілі “на запасный путь”, калі даюць грошы – гэта падтрымка рэжыму Лукашэнкі і таксама імпэрыялізм. А што ж Расея павінна рабіць? Хіба перадаваць бясплатна ўвесь газ беларускай апазыцыі для далейшага разьмеркаваньня сярод беларускага насельніцтва? Але наша апазыцыя і зараз часам сварыцца, а ўявіце, што будзе, калі давядзецца дзяліць такія грошы? Таксама будзе імпэрыялізм.

Я гэта да таго, што мэханізм ускоснай лібэралізацыі варта зразумець і запомніць, каб у чарговы раз, калі “каток” з запаснога шляху выведуць, не паўтараць звыклыя праклёны, а прызнацца самім сабе, што рынкавыя цэны – гэта шлях і да сапраўднай незалежнасьці і да дэмакратыі. Але ж народ не зразумее. А пэўна не зразумее. Ну тады прасьцей звыклымі формуламі: і народ зразумее, і нам добра, і ўладзе добра. А Расеі ўсё роўна. А ёй так і так усё роўна, мы ж пра сябе гаворым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG