Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” можа спыніць пастаўкі газу ва Ўкраіну


Прадстаўнік расейскай кампаніі “Газпром” Сяргей Купрыянаў заявіў, што з 11 лютага кампанія можа спыніць пастаўкі расейскага газу ва Ўкраіну. Паводле расейскага канцэрну агульная запазычанасьць за ранейшыя пастаўкі склала 1,5 мільярда даляраў, аднак кампанія “Нафтагаз Украіны” цьвердзіць, што яна нічога ня вінная “Газпрому”, і ўсю адказнасьць ускладае на пасярэдніка кампанію “РосУкрЭнэрга”.


Сяргей Купрыянаў ўдакладніў, што размова ідзе толькі пра расейскі газ, доля якога у агульных пастаўках на Ўкраіну складае 25 працэнтаў. “Газпром” праз свайго партнэра кампанію “РосУкрЭнэрга” прадае Ўкраіне расейскі газ, а таксама набыты Кіевам ў Туркмэністане, Узбэкістане і Казахстане.

Згодна з падпісаным пры канцы мінулага году пагадненьнем сёлета “РосУкрЭнэрга” павінна паставіць Украіне 55 мільярдаў кубамэтраў газу. Ад 1-га студзеня газ для Ўкраіны падаражэў на 38 працэнтаў да амаль 180 даляраў за тысячу кубамэтраў. З прычыны незвычайных халадоў ў сярэднеазіяцкіх рэспубліках і дэфіцыту паліва на ўнутраных рынках гэтых краінаў, ад пачатку студзеня Ўкраіна была вымушаная дакупляць расейскі газ на цане 314 даляраў за тысячу кубамэтраў. У выніку гэтага ўкраінскія выдаткі на газ павялічыліся на 3 мільярды даляраў.

Паводле ўкраінскага боку прэтэнзіі “Газпрому” павінны быць адрэсаваныя ня Кіеву, але пасярэдніку – кампаніі “ РосУкрЭнэрга”.

“Я не выключаю, што “РосУкрЭнэрга” прыбрала грошы ў ценявы сэктар і не расплацілася з Расеяй”, заявіла прэм’ер Украіны Юлія Цімашэнка.

Яна патлумачыла і ранейшыя збоі з пастаўкамі газу ў 2006 годзе “непрафэсійнасьцю і карумпаванасьцю” “РосУкрЭнэрга”. Паводле яе, пагрозы з боку “Газпрому” сьведчаць аб тым, што Кіеў меў абсалютную рацыю, спрабуючы прыбраць з рынку гэтага несаліднага пасярэдніка, бо пасярэднікі кшталту “ РосУкрЭнэрга” Ўкраіне цалкам не патрэбныя. Яны зрываюць і разьлікі з Расеяй, і пастаўкі газу ва Ўкраіну.

“Трэба перагледзець схемы паставак газу ва Украіну і ўмовы транзыту расейскага газу па тэрыторыі Ўкраіны”, адзначыла Цімашэнка. Яна запэўніла, што пастаўкі газу ў Эўропу будуць стабільнымі і бязь збояў.

Пагрозы “Газпрому” сьведчаць, што Кіеў меў абсалютную рацыю, спрабуючы прыбраць з рынку гэтага несаліднага пасярэдніка...
Тым ня меней, прадстаўнікі “Нафтагазу Ўкраіны” накіраваліся ў Маскву на перамовы з “Газпромам”, а прадстаўнік расейскага канцэрну Сяргей Купрыянаў заявіў, што перш чым пераходзіць на новыя схемы паставак, трэба расплаціцца за старыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG