Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прададуць "Нафтан" "Лукойлу"?


Сайт газэты “Наша ніва” паведаміў, што на наваполацкім нафтапераапрацоўчым заводзе «Нафтан» адбылася апэратыўная нарада, на якой генэральны дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Якушаў нібыта заявіў, што бліжэйшым часам «Нафтан» будзе прададзены расейскай нафтавай кампаніі «Лукойлу». Наколькі рэальнай выглядае гэтая інфармацыя? Чым пагражае беларускай эканоміцы верагоднасьць продажу нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў? На гэтыя пытаньні адказвае былы супрацоўнік міністэрства энэргэтыкі Валянцін Мацкевіч


Цыганкоў: “Наколькі вам падаецца верагоднай такая інфармацыя? Якія могуць быць наступствы такога рашэньня, калі яно будзе прынятае?”

Мацкевіч: “Я ўпэўнены ў тым, што продажу “Нафтана” ня можа быць. Вядома, я магу памыляцца, але з таго досьведу, які я атрымаў, працуючы ў Міністэрстве энэргетыкі, я рызыкну гэта сьцьвярджаць.

Па-першае, “Нафтан” зьяўляецца адным з самых вялікіх падаткаплацельшчыкаў у Беларусі. Ён на другім месцы пасьля Мазырскага НПЗ. Ягоная доля складала ў першым паўгодзьдзі 4,88 працэнты. І калі аддаць гэта пад кантроль “Лукойлу” – што будзе з падаткамі, з фармаваньнем сацыяльнай палітыкі.

Па-другое, на прыкладзе “Белтрансгазу” я пабачыў, што кіраўніцтва многіх прадпрыемстваў знаходзіцца ў вельмі пэсымістычным настроі. Напрыклад, у 2003 годзе я чуў ад чыноўнікаў “Белтрансгазу” такія настроі – “маўляў, нікуды мы не падзенемся, аддадзім “Белтрансгаз” вельмі танна, бо “Газпром” наступае” і гэтак далей. Хаця сытуацыя складвалася зусім па-іншаму. Пры гэтым я лічу іх прафэсіяналамі, але што тычыцца эканамічнай палітыкі – тут у іх вельмі слабыя падыходы”.

Цыганкоў: “То бок вы сьцьвярджаеце, што кіраўнікі прадпрыемстваў ня знаходзяць вялікіх пэрспэктываў і таму думаюць, што іхнія заводы могуць быць прададзеныя? Але кіраўніцтва ў Менску глядзіць на рэчы больш стратэгічна, бачыць будучыя наступствы і не дазволіць прадаць гэтыя прадпрыемствы?”
У 2004 годзе я бачыў на свае вочы, як "Лукойл" разам зь іншымі звальваў урад Юліі Цімашэнкі

Мацкевіч
: Так. Але я разумею іхнія страхі. Калі “Лукойл” – найбуйнейшы пастаўшчык нафты -- пачынае ціснуць, то кіраўніцтва на месцах, я б сказаў, “слабае ў каленках”. Вельмі рэдка знойдзеш кіраўніка прадпрыемства, нават буйнога, у якога “моцныя калені”. Магчыма, ужо пачаліся перамовы на наступны год наконт паставак нафты, і вось у некаторых гэтыя каленкі ўжо пачалі дрыжаць.

У 2004 годзе я бачыў на свае вочы, як “Лукойл” разам з іншымі звальваў урад Юліі Цімашэнкі ва Ўкраіне. Адэскі нафтаперапрацоўчы завод быў прададзены яшчэ Кучмам Лукойлу – яго за гэта вельмі моцна крытыкавалі. Калі Цімашэнка паспрабавала ўтаймаваць “Лукойл”, то завод проста “паставілі на рамонт”. І ў рэгіёне адразу ўзьнік сацыяльны крызыс”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG