31 студзеня Аляксандар Лукашэнка прыняў амбасадара Нямеччыны Гебхарта Вайса. Што хацеў давесьці кіраўнік Беларусі Эўразьвязу, Нямеччыне? Ці ёсьць нейкая наўпроставая сувязь паміж нядаўнім візытам у Менск расейскага міністра замежных справаў Лаўрова і сустрэчай Лукашэнкі зь нямецкім амбасадарам? Як выбары ў Палату прадстаўнікоў Беларусі могуць паўплываць на дачыненьні афіцыйнага Менску з Захадам?
Удзельнікі: палітычны аглядальнік Аляксандар Фядута і палітоляг Віталь Сіліцкі.
“Гульня з Захадам не прыпынілася”
Валер Карбалевіч: “Увесь мінулы год афіцыйны Менск спрабаваў размарозіць палітычныя дачыненьні з Захадам, рабіў пэўныя прапановы ў эканамічнай сфэры, нават пачаў гульню ў лібэралізацыю. Але з гэтага, па вялікім рахунку, нічога не атрымалася. Эўразьвяз (ЭЗ) і ЗША цьвёрда прытрымліваліся пазыцыі, што спачатку беларускія ўлады павінны зрабіць рэальныя крокі да дэмакратызацыі, і толькі потым у адносінах зь Беларусьсю можа пачацца пацяпленьне.
Пасьля сьнежаньскага візыту ў Менск Пуціна пачалося пэўнае пацяпленьне ў адносінах паміж Беларусьсю і Расеяй. Адразу ўсьлед за гэтым прагучалі рэзкія заявы Лукашэнкі на адрас ЗША і амэрыканскай амбасады. Як адзначыў шмат хто з экспэртаў, гульня з Захадам на пэўны час прыпыняецца. Таму ўчорашняя сустрэча Лукашэнкі зь нямецкім амбасадарам Вайсам здалася нечаканай. У чым сэнс гэтай сустрэчы? Што хацеў давесьці Лукашэнка ЭЗ, Нямеччыне?
Аляксандар Фядута: “Гульня з Захадам не прыпынілася. Лукашэнка праводзіць тактыку расколу заходніх краінаў. Нібыта ЗША праводзіць дрэнную палітыку, а ЭЗ – не, таму мы будзем мець справу з Эўропай. Гэтая тактыка можа апраўдаць сябе, калі Беларусь будзе рабіць канкрэтныя крокі.
Сапраўды, ЭЗ — мякчэйшы апанэнт Менску, чым ЗША. Бо ў адносінах паміж Эўразьвязам і Беларусьсю ёсьць эканамічныя рэаліі, якіх амаль няма ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі. А ў ЭЗ для такой тактыкі выбраная краіна, зь якой у Беларусі найлепшыя стасункі, то бок Нямеччына”.
Карбалевіч: “Большая частка заявы Лукашэнкі на пачатку размовы, у прысутнасьці прадстаўнікоў мэдыяў, складалася з папрокаў на адрас Захаду, які нібыта праводзіць няправільную палітыку ў дачыненьні да Беларусі. Як можна працягваць руку да супрацоўніцтва і адначасова папракаць? Калі прапаноўваюць руку і сэрца, то звычайна хваляць таго, каму прапануюць”.
Фядута: “Усё можа быць. Мы проста ня ведаем, пра што ішла размова, калі журналісты сышлі”.
Віталь Сіліцкі: “Лукашэнка на хаваў свайго нэгатыўнага стаўленьня да палітыкі Эўропы. Але я ня згодзен са сп. Фядутам наконт тактыкі расколу паміж ЭЗ і ЗША. Лукашэнка праводзіць тактыку расколу паміж Нямеччынай і іншымі краінамі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Ці як мінімум – курс на раскол амбасадарскага корпусу ЭЗ у Менску. Не сакрэт, што сп. Вайса мае ў пытаньні дачыненьняў зь Менскам іншую пазыцыю, чым іншыя эўрапейскія дыпляматы.
![](http://gdb.rferl.org/9CA643DA-4AB8-4CE0-8BA3-7453C08266EA_w250_s.jpg )
Афіцыйны Менск працягвае гульню з ЭЗ. Але гэта не сур’ёзная гульня, а хутчэй гульня ў даміно. Бо гэта толькі сродак падвысіць стаўкі ў сапраўднай гульні, якую Лукашэнка вядзе з Расеяй. Ён імкнецца вытаргаваць лепшыя ўмовы геапалітычнага патранату Расеі над Беларусьсю”.
Карбалевіч: “Сам факт прыёму кіраўніком дзяржавы замежнага амбасадара, калі толькі гэта не пачатак і не канец дыпляматычнай працы амбасадара, незвычайны. Ня царская гэта справа. Нават міністар замежных справаў сустракаецца з замежным амбасадарам рэдка, для гэтага павінна быць сур’ёзная нагода”.
Сіліцкі: “Думаю, Лукашэнка атрымаў задавальненьне ад публічнай лупцоўкі Захаду перад тэлевізіяй. Лупцаваць Эўропу – гэта якраз царская справа”.
Расейскі чыньнік у адносінах Беларусі з Захадам
Карбалевіч: “Два дні таму Менск наведаў расейскі міністар замежных справаў Лаўроў. На выніковай прэсавай канфэрэнцыі міністры замежных справаў Беларусі і Расеі даволі акцэнтавана крытыкавалі палітыку заходніх краінаў адносна Беларусі. Ці ёсьць нейкая наўпроставая сувязь паміж візытам Лаўрова і сустрэчай Лукашэнкі зь нямецкім амбасадарам?”
Фядута: “Няма сувязі. Сп. Лаўроў прыяжджаў нават не з працоўным візытам, а каб узяць удзел у сумеснай калегіі, якія праводзяцца рэгулярна. Бо гульня ў саюзную дзяржаву не спыняецца. І заўсёды падчас такіх мерапрыемстваў адбываецца крытыка Захаду, які супрацьстаіць працэсу інтэграцыі. Таму надаваць візыту сп. Лаўрова значны сэнс няправільна”.
Сіліцкі: “Дачыненьні Беларусі і Расеі досыць рутынізаваныя. Пасьля канфліктаў усё вяртаецца на кругі свае. Гэта адбылося ў сьнежні, калі Пуцін наведаў Менск.
Таксама адбываецца пэўная рутынізацыя і ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і ЭЗ. Эўропа – другі пасьля Расеі эканамічны партнэр Беларусі. Але нейкіх якасных зрухаў у гэтых дачыненьнях я не назіраю. Такімі зрухамі можна было б лічыць, напрыклад, інфармацыю, што эўрапейцы зоймуцца будоўляй беларускай АЭС”.
Парлямэнцкія выбары і дачыненьні з Захадам
Карбалевіч: ““Амбасадар Нямеччыны сп. Вайс адзначыў, што дачыненьні ЭЗ зь Беларусьсю будуць залежаць ад таго, як пройдуць у Беларусі парлямэнцкія выбары. Як вы можаце пракамэнтаваць гэтую тэзу?
Фядута: “Папярэднім месцам службы сп. Вайса быў Казахстан. Яму ёсьць з чым параўноўваць. У адносінах да Беларусі і Казахстана ў ЭЗ існуюць розныя стандарты. Амбасадар выказаў шчырае пажаданьне. Яму здаецца, што шчырая размова з кіраўніком дзяржавы можа паўплываць на вынікі выбараў. Але ён памыляецца, бо ня ведае, што звычайна такія размовы ні да чога не прыводзяць.
![](http://gdb.rferl.org/175B9E96-2F2B-45C2-9C71-46BF614CF68C_w250_s.jpg )
Але беларускія ўлады сапраўды могуць прыняць рашэньне, каб сярод 110 дэпутатаў, сьпісы якіх, як я разумею, абмеркаваныя і зацьверджаныя, зьявіліся 3—4 знакавыя постаці. Пра іх скажуць, што гэта новая апазыцыя, цяпер давайце размаўляць наконт эканомікі. І тады сапраўды можа паскорыцца вырашэньне эканамічных пытаньняў з ЭЗ”.
Карбалевіч: “Калі ў Палаце прадстаўнікоў зьявяцца тры знакавыя постаці беларускай апазыцыі, то гэта для Беларусі будзе амаль што рэвалюцыя”.
Фядута: “Калі там зьявяцца спадары Лябедзька, Вячорка, Калякін, то гэта сапраўды будзе рэвалюцыя для Беларусі”.
Сіліцкі: “Цяжка казаць пра ўвесь ЭЗ, буду казаць пра Нямеччыну. Яна найбольш (за выключэньнем суседніх зь Беларусьсю краінаў) зацікаўлена ў добрых дачыненьнях зь Менскам. Гэта афіцыйная лінія Бэрліну.
Але каб гэтыя стасункі палепшыліся, патрэбны мінімум прыстойнасьці ў паводзінах беларускіх уладаў. Можа, пра гэта і ішла гаворка на сустрэчы.
Але ці рэалістычныя спадзяваньні Бэрліну? Мне здаецца, што беларускія ўлады за апошнія 10—12 гадоў прыйшлі да высновы: дыялёг пачынаецца не тады, калі яны ідуць на саступкі, а тады, калі яны цьвёрда стаяць на сваім. У такім выпадку Захад ад безнадзейнасьці гатовы шукаць шляхі кампрамісу. Аднак такі ўрок ня вельмі добра засвоілі эўрапейцы”.