Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Брагіншчыне ідэолягі і сьвятар расказалі вучням сельскай школы пра шкоду брыдкаслоўя і «экстрэмісцкіх рэсурсаў»


Брагін. Архіўнае фота
Брагін. Архіўнае фота

У Вуглаўскай сярэдняй школе, у якую прыехалі кіраўніца аддзелу адукацыі Брагінскага райвыканкаму Натальля Даўжанок і аддзелу ідэалягічнай працы Сьвятлана Цалуйка, вучыцца крыху больш за 70 дзяцей.

Як паведаміла брагінскае раённае выданьне «Маяк Палесься», разам зь імі на сустрэчы з школьнікамі прысутнічаў і настаяцель храму Мікалая Цудатворца Уладзімер Зелянкоўскі.

«Мат — гэта гнілыя словы. Ён атручвае душу чалавека. Калі людзі лаюцца, Багародзіца кожны раз просіць Бога дараваць іх. Раней такія словы ўжывалі людзі некультурныя і нявыхаваныя. Цяпер, на жаль, брыдкасловяць нават дзеці», — сказаў сьвятар.

Сьвятар Уладзімер Зелянкоўскі і брагінскія чыноўцыі Натальля Даўжанок і Сьвятлана Цалуйка. Фота выданьня «Маяк Палесься»
Сьвятар Уладзімер Зелянкоўскі і брагінскія чыноўцыі Натальля Даўжанок і Сьвятлана Цалуйка. Фота выданьня «Маяк Палесься»

Натальля Даўжанок расказала вучням аб адміністрацыйнай адказнасьці за брыдкаслоўе на вуліцы, якое могуць прыраўняць да дробнага хуліганства, а Сьвятлана Цалуйка «спынілася на пытаньні бясьпекі ў інтэрнэце, расказала пра „экстрэмісцкія рэсурсы“ і адказнасьць за ўзаемадзеяньне зь імі».

Ніякіх цытат брагінскіх чыноўніц выданьне не публікуе.

Вуглаўская сярэдняя школа знаходзіцца ў аграгарадку Вуглы Брагінскага раёну. У Вуглах на 2004 год налічвалася 84 двары і 253 жыхары.

Паводле інфармацыі на 2022 год, у 1-4 клясах Вуглаўскай сярэдняй школы вучылася 23 дзяцей, у 5-9 клясах — 37, у 10-11 клясах — 14, а ў дашкольнай групе было 13 выхаванцаў. Як вынікае з апублікаваных мясцовым выданьнем фатаздымкаў, на ідэалягічнай сустрэчы прысутнічалі вучні з 1 да 11 клясы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG