Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі катастрафічна не хапае лекараў?


У Беларусі зараз працуе больш за 41тысячу лекараў і 108 тысяч — мэдсёстраў і фэльдшэраў. Спэцыялістаў не хапае – у краіне больш за 5 тысяч вакантных месцаў лекараў.


Прычым, ня толькі, да прыкладу, у Гомельскай вобласьці, дзе 607 вакансій лекараў – ня хочуць ехаць маладыя спэцыялісты ў забруджаныя раёны. Але і ў Менску не хапае больш за 2 тысячы спэцыялістаў. У чым прычына дэфіцыту кадраў?

Пляны прыёму ў мэдунівэрсытэты штогод павялічваюцца

Конкурс ў мэдунівэрсытэты заўсёды быў высокім – ад 5 да 8 чалавек на месца. Пляны прыёму кожны год павялічваюцца – летась у мэдыцынскія ВНУ Менску, Гомеля, Горадні і Віцебску набралі агулам 2 735 чалавек. Для параўнаньня: сёлета з мэдыцынскіх ВНУ выпусьцяць 1 873 спэцыялістаў. Але за год з галіны сыходзіць больш за 1100 чалавек.

Начальнік упраўленьня кадравай палітыкі Міністэрства аховы здароўя Сяргей Сычык распавёў:

«У прынцыпе, прыём мы ўжо павялічылі. Але сёньня на першае месца выступае ўсё ж праблема замацаваньня кадраў на месцах. У першую чаргу, сыходзяць з галіны ў іншыя сфэры, але ёсьць адток і за мяжу. Штогод у сярэднім 400 чалавек звальняецца, плюс да гэтага прыкладна 700 – так званыя натуральныя страты – людзі сыходзяць на пэнсію, інваліднасьць. Гэта вельмі істотныя, адчувальныя страты».

Толькі ў сталіцы не хапае больш за 2 тысячы лекараў

У некаторых раёнах наагул няма ніводнага вузкага спэцыяліста: у Жабінкаўскім раёне, да прыкладу, няма афтальмоляга, у Ганцавіцкім – анколяга, у Салігорскім – дзіцячага эндакрыноляга, у Гомельскай вобласьці 48 вакансіяў хірургаў і 42 — акушэраў-гінэколягаў.

У менскіх паліклініках не хапае ўчастковых тэрапэўтаў, пэдыятраў, вузкіх спэцыялістаў – ЛОР (вуха-горла-нос), афтальмолягаў, нэўролягаў, у клініках – анэстызіёлягаў, рэаніматараў, хірургаў.

Толькі ў Менску дэфіцыт лекараў – амаль 36%, больш за 2 тысячы чалавек. Але гэта розьніца паміж штатнымі адзінкамі і працуючымі лекарамі, кажа адна з супрацоўніцаў Менскага гарадзкога ўпраўленьня аховы здароўя:

“Гэта розьніца паміж стаўкамі і занятымі. А рэальная патрэба – па заяўках установаў. Па разьмеркаваньні яны просяць накіраваць хаця б 200 лекараў, ведаючы, што больш ім не дадуць. Але калі казаць пра дэфіцыт кадраў, то па Менску гэта больш за 2 тысячы чалавек”.

Таму значная частка лекараў вымушаная працаваць на паўтары стаўкі. Дарэчы, так званы каэфіцыент сумяшчальнасьці ў мэдыцыне – 1,4.

У мэдыцынскіх ВНУ – абавязковае разьмеркаваньне. Ці спадзяюцца чыноўнікі хоць крыху палепшыць становішча хаця б у сталіцы? Чыноўніца Менскага гарадзкога ўпраўленьня аховы здароўя працягвае:

“На двух факультэтах – лячэбным і пэдыятрычным – усяго 196 менчукоў. Увесь выпуск даволі вялікі – больш за 500 чалавек. Але ў нас нават на пасяленьне ў інтэрнат, на “койка-месца” чарга на 5 гадоў наперад. А неменчукоў мы проста ня можам разьмеркаваць у сталіцу, іх няма куды пасяліць. А малады чалавек, які толькі што скончыў інстытут, ня зможа зьняць кватэру за гэтыя грошы”.

Сярэдні заробак маладога лекара – 380 тысяч рублёў

Ганна родам з Гомеля, некалькі гадоў таму скончыла пэдыятрычны факультэт Менскага мэдунівэрсытэту, засталася ў сталіцы. Тры гады адпрацавала па разьмеркаваньні ўчастковым пэдыятрам ў паліклініцы, скончыла асьпірантуру. Перайшла ў стацыянар дзіцячай клінікі. Зараз зьбіраецца звальняцца:

Ганна: “У першую чаргу таму, што гэта праца фінансава не забясьпечвае, грошы. Адсутнасьць сацыяльных гарантыяў, немагчымасьць вырашыць жыльлёвае пытаньне. Стаўленьне ў грамадзтве, на жаль, ня лепшае да лекараў. Проста губляеш усялякае жаданьне працаваць, забіваецца альтруізм, нейкая натхнёнасьць”.

Сярэдні заробак маладога спэцыяліста-лекара – 380 тысяч рублёў. Колькасьць лекараў у Менску за 2007 год вырасла на 46 чалавек, кажа намесьнік начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы Менскага гарадзкога упраўленьня аховы здароўя:

“Разам з маладымі спэцыялістамі летась 200 чалавек да нас прыйшло. А рост толькі – 46 чалавек. Значыць, астатнія кудысьці сышлі. Калі ставак у Менску каля 11 тысяч, а ўсяго лекараў – каля 9 тысяч, то 46 – гэта мізэрная лічба. Таму з кожным годам ўсё горш і горш. Рыхтуюць шмат спэцыялістаў, але сыходзяць, сыходзяць людзі!”

Лекары зьяжджаюць за мяжу, сыходзяць у бізнэс

Каля сотні з тых 1100 чалавек, якія звальняюцца, зьяжджаюць за мяжу. Многія шукаюць лепшай долі ў бізнэсе, як пэдыятар Ганна.

"Пайду ў фармацэўтычны бізнэс. Там заробкі ў тры разы большыя, там даюць машыну, стахоўку мэдыцынскую на бясплатнае лячэньне. Некаторыя фірмы аплачваюць курсы замежнай мовы, адпачынак у замежжы... Хто мне ў маёй лякарні гэта забясьпечыць, калі нам нават месца ў інтэрнаце ня могуць даць? Мне, канечне, вельмі сумна пра гэта думаць, у душы я лекар, і такая праца гэта родная – дзяцей лячыць. Так мне гэта ўсё падабаецца! Але проста вымушаная я сысьці. Як падумаю, што дзецям лішні банан, прабачце, часам не магу купіць за гэты заробак няшчасны. Сяброўка ў трэцім раддоме з начнымі дзяжурствамі 450 тысяч атрымлівае. Як бы я ні хацела быць лекарам, напэўна, давядзецца сысьці".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG