Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуды моладзевым актывістам: ад 10 да 20 сутак


У судзе Цэнтральнага раёну Менску пакаралі арыштамі затрыманых 16 студзеня актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху.


Судзілі актывістаў трох незарэгістраваных арганізацыяў: “Маладога фронту”, “Моладзі БНФ” і “Джынс за свабоду”. Адных абвінавацілі ў дробным хуліганстве, іншых – ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Восем зь іх — студэнты вышэйшых навучальных установаў. Адміністрацыйныя арышты лічацца няўважлівай прычынай, і студэнтаў могуць адлічыць за няяўку на экзамэн у зімовую сэсію.

У суд Цэнтральнага раёну прыйшлі сябры і сваякі затрыманых актывістаў. Сяброў моладзі партыі БНФ Франка Вячорку, Антона Каліноўскага і Юрася Станкевіча затрымалі ў судзе Цэнтральнага раёну, калі яны прыйшлі на суд да Юліі Сіўцовай.

Франака Вячорку абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 10 студзеня і пакаралі арыштам на 15 сутак. Судзьдзя не задаволіла хадайніцтва затрыманага, каб заслухалі паказаньні Лявона Баршчэўскага. Яна заявіла, што ў яе няма падставаў не давяраць паказаньням сьведкаў-міліцыянтаў.

Антона Каліноўскага арыштавалі, абвінаваціўшы ў парушэньні грамадзкага парадку. Паводле міліцыянтаў, Антон стаяў каля будынку міліцыі і нецэнзурна лаяўся. Пры гэтым судзьдзя Тацяна Паўлючук ня стала высьвятляць, на якой падставе яго затрымалі ў судзе і адвезьлі ў міліцыю. Антона Каліноўскага арыштавалі на 10 сутак.


Антон пасьпеў сказаць некалькі словаў “Свабодзе” ў судовай залі:

“Нас трымалі ў залі суду. Я хачу зьвярнуцца да прадпрымальнікаў: будзьце салідарныя з намі, так, як мы былі з вамі”.

Міліцыянты не давалі магчымасьці наблізіцца да затрыманых і фатаграфаваць іх.

Максіма Вінярскага, актывіста незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Джынс за свабоду”, арыштавалі на 10 сутак. Максім вучыцца на шостым курсе Тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Але ён не выключае, што яго могуць не дапусьціць да абароны дыплёму.

“Мяне схапілі падчас акцыі салідарнасьці, калі я фатаграфаваў акцыю. Цяпер мне ілжыва інкрымінуюць, што я лаяўся. Але я ня лаяўся. Лаяліся самі міліцыянты. Магчыма, у мяне цяпер з-за гэтага будуць непрыемнасьці кшталту “адседкі” і выключэньня з унівэрсытэту”.


Актывіста моладзі партыі БНФ Юрася Станкевіча суд пакараў арыштам на 15 сутак.

Дзяўчат з незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Касю Галіцкую і Касю Краснову арыштавалі на 15 сутак. Кася Галіцкая скончыла ўнівэрсытэт, а Кася Краснова пакуль студэнтка. Зімовую сэсію яна правядзе ў турме на вуліцы Акрэсьціна.

Сябра арганізацыі “Джынс за свабоду” Паўла Кур’яновіча суд пакараў арыштам на 20 сутак. Паўла абвінавацілі ў дробным хуліганстве і ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. 11 студзеня за ўдзел у акцыі 10 студзеня суд арыштаваў на 20 сутак студэнтку Тацяну Цішкевіч. Справу непаўнагадовай Вольгі Гулякевіч будзе разглядаць адміністрацыйная камісія.

У Цэнтральным судзе сёньня прысутнічалі прадстаўнікі місіі АБСЭ, а таксама першы сакратар амбасады ЗША. І місія АБСЭ, і амбасада ЗША рэгулярна накіроўваюць сваіх прадстаўнікоў для фіксаваньня парушэньняў у судах. Паводле відавочцаў, міліцыянты даволі груба паводзілі сябе ў дачыненьні да прадстаўніцы місіі АБСЭ Сьвятланы Сінько – замест таго, каб зрабіць ёй заўвагу, яны штурхалі яе ў плечы шторазу, калі праходзілі побач зь ёй.

У судзе час ад часу здараліся сутычкі паміж наведнікамі і міліцыянтамі. Супрацоўнік аддзелу грамадзкай бясьпекі Цэнтральнага РУУС, які адмовіўся назваць сваё прозьвішча, наступіў на нагу карэспандэнтцы “Нашай Нівы” Юліі Дарашкевіч і штурхаў яе да выхаду з суду. Выпадковы сьведка інцыдэнту здымаў усё на мабільны тэлефон. Празь нейкі час падначаленыя данесьлі міліцыянту пра гэтыя здымкі. Мужчыну схапілі людзі ў цывільным і пацягнулі ў пакой у канцы калідора. Чалавек крычаў, прасіў, каб яго абаранілі. Свой мабільнік ён пасьпеў аддаць жанчыне, якая сядзела побач зь ім. Нарэшце міліцыянты паабяцалі, што калі ім дадуць тэлефон і яны зьнішчаць запіс, то мужчыну адпусьцяць. Той пагадзіўся. У выніку мужчыну адвялі ў міліцэйскую машыну і адвезьлі ў РУУС. Ягонае прозьвішча невядомае.

У судзе зьнік актывіст арганізацыі “Джынс за Свабоду” Мікіта Шуцянкоў:

“Мы выйшлі зь Мікітам на вуліцу. Я засталася на ганку, а Мікіта зайшоў за судовы будынак. Празь дзьве хвіліны я выйшла, і яго ўжо не было. Мікіта казаў яшчэ перад судом над Максімам, што за ім сачылі. Потым ён “адарваўся” і прыйшоў у суд. Празь дзьве гадзіны пасьля гэтага ён выйшаў, і вось яго няма”, — паведаміла Паліна Дзякава.

Пазьней стала вядома, што М.Шуцянкоў знаходзіцца ў міліцыі Цэнтральнага раёну Менску разам з затрыманым каля будынка суду актывістам “Маладога фронту” З.Хведаруком. Калі скончыліся судовыя паседжаньні і людзі выйшлі з будынку суду, на вуліцы Кірава міліцыянты раптам кінуліся да Зьмітра Хведарука і кінулі хлопца галавой на падлогу міліцэйскага “варанка”. Міліцыянты дзьвярыма білі Зьмітра на нагах, каб хутчэй ад’ехаць ад натоўпу.

Ня выключана, што ў міліцыі знаходзяцца яшчэ некалькі моладзевых актывістаў, якіх міліцыянты затрымалі, каб заўтра адвезьці ў суд. Такім чынам, сьпіс вязьняў перасячэ мяжу чатырох дзесяткаў.

Затрыманыя паведамілі “Свабодзе”, што ў турме на Акрэсьціна ім не далі ніякай ежы. Раніцай не было нават шклянкі гарбаты. У судзе затрыманым таксама забаранялі перадаваць харчы.

Назіральнікі лічаць, што захады ўладаў, якія нагадваюць зачыстку ў часе прэзыдэнцкай кампаніі, зьвязаныя з акцыяй прадпрымальнікаў, прызначанай на 21 студзеня: паводле іх, улады імкнуцца ізаляваць на гэты час актыўную частку моладзі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG