Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Онлайн-рэпартаж з суду над затрыманымі 16 студзеня


У судзе Цэнтральнага раёну Менску судзяць актывістаў, затрыманых у Дзень салідарнасьці 16 студзеня. Сьведкі ў гэтых справах -- супрацоўнікі міліцыі. У суд прыйшлі паплечнікі затрыманых -- актывісты “Маладога фронту”, “Моладзі БНФ” і "JEANS - за свабоду!".


19.50 Суд пакараў сябра арганізацыі “Джынс за свабоду” Паўла Кур’яновіча арыштам на 20 сутак. Паўла абвінавацілі ў дробным хуліганстве і ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. 11 студзеня за ўдзел у акцыі 10 студзеня суд арыштаваў на 20 сутак студэнтку Тацяну Цішкевіч.

За кратамі турмы на вуліцы Акрэсьціна 38 апазыцыянэраў. Тым часам міліцыянты затрымалі яшчэ некалькі чалавек, сярод іх Зьмітра Хведарука, які пры затрыманьні быў жорстка зьбіты.


18.30 Актывістку незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Людмілу Атакулаву арыштавалі на 15 сутак. Яе паплечнік Уладзімер Сяргееў таксама правядзе за кратамі 15 сутак.

Пачаўся суд над актывістам арганізацыі “Джынс за свабоду” Паўлам Кур’яновічам.

15.50
Юрась Станкевіч асуджаны на 15 сутак.

15.15
У судзе Цэнтральнага раёна зьнік пры нявысьветленых абставінах актывіст моладзевага руху Мікіта Шуцянкоў. Яго сябры сказалі, што Мікіта хацеў быць сьведкам на судзе Максіма Вінярскага, ён быў разам з усімі ў калідоры і, калі ўсе пайшлі ў судовую залю, раптам убачылі што Мікіта зьнік. Мікіта сказаў сваім паплечнікам, што за ім ужо сачылі, калі ён выйшаў з хаты. Таму яго сябры не выключаюць, што яго таксама зьвінавацяць у нецэнзурнай лаянцы ці ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

15.00
У судовую залю павялі 19-гадовага Юрася Станкевіча. Ён жыве ў Мар'інай Горцы. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня.

14.50 Моладзевую актывістку Касю Галіцкую пакаралі 15 суткамі арышту.

14. 40. Антона Каліноўскага пакаралі на 10 сутак арышту.

14.30
За судом назіраюць праваабаронцы, прадстаўнікі АБСЭ і амбасады ЗША ў Беларусі

Справу моладзевага актывіста Партыі БНФ студэнта лінгвістычнага ўнівэрсытэту Антона Каліноўскага разглядае судзьдзя Тацяна Паўлючук. Яна прымала рашэньне і ў справах Максіма Вінярскага і Франка Вячоркі.

13.50
Актывіста незарэгістраванай арганізацыі "Ініцыятыва" Максіма Вінярскага арыштавалі на 10 сутак. Пачаўся разгляд справы Антона Каліноўскага.

З суду перадае Любоў Лунёва (тут жа камэнтар Лявона Баршчэўскага)



13.10
Судзьдзя Аляксей Бычко пастанавіў арыштаваць Касю Краснову на 15 сутак.

Намесьнік кіраўніка аддзелу грамадзкай бясьпекі РУУС Цэнтральнага раёну Менску выштурхоўваў з будынку суду фотакарэспандэнтку газэты “Наша ніва” Юлію Дарашкевіч. Хлопец, які ўбачыў, як міліцыянт наступіў ёй на нагу і штурхнуў у плечы, зьняў гэта на камэру мабільнага тэлефону. Ён пасьпеў перадаць тэлефон паплечнікам. Міліцыянты схапілі яго, завялі ў асобны пакой і патрабавалі, каб ён аддаў тэлефон. Юлія Дарашкевіч заявіла, што накіруе скаргу на дзеяньні міліцыянтаў.

12.40
Паплечнікі затрыманых абураюцца, што ў якасьці сьведак у судзе выступаюць толькі міліцыянты. Напрыклад, у справе Франка Вячоркі судзьдя адмовіла ў хадайніцтве адвакату, які хацеў, каб у якасьці сьведкі заслухалі старшыню Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага, які спэцыяльна для гэтага прыехаў у суд.

12.30 Судзьдзя Аляксей Бычко разглядае справу актывісткі Касі Красновай.


12.20
Суд вырашыў арыштаваць Франка Вячорку на 15 сутак. Яго абвінавацілі ў брыдкаслоўі.У судзе знаходзіцца бацька Франка намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.





***
Дзесяць актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху затрымалі ўчора ў Дзень салідарнасьці.Першымі ў міліцыю трапілі моладзевыя сябры партыі БНФ Франак Вячорка, Антон Каліноўскі і Юрась Станкевіч. Яны прыйшлі ў суд Цэнтральнага раёну Менску, каб падтрымаць сваю сяброўку Юлію Сіўцову. Міліцыянты спачатку адабралі пашпарты маладзёнаў, якія там прысутнічалі, а потым трох чалавек пасадзілі ў машыну і адвезьлі ў міліцыю.

Калі Франак Вячорка, Антон Каліноўскі і Юрась Станкевіч ужо знаходзіліся ў Цэнтральным РУУС, туды прывезьлі актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Уладзімера Сяргеева. Яго затрымалі на вуліцы недалёка ад трактарнага заводу. Пасьля 6 вечара на катку каля Палаца спорту міліцыянты затрымалі актывістак “Маладога фронту” Касю Краснову, Людмілу Атакулаву і Касю Галіцкую. Разам зь імі ў міліцэйскую машыну патрапілі сябры "JEANS - за свабоду!" Максім Вінярскі, Павал Кур’яновіч і Вольга Гулякевіч.

Маладзёны лічаць, што затрыманьні ёсьць прэвэнтыўнай мерай напярэдадні акцыі 21 студзеня супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да малога бізнэсу ў Беларусі.


Максім Вянярскі
14.15

Франак і Вінцук Вячоркі
13.00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG