Шмат каго з нашых слухачоў уразіла нядаўняя заява кіраўніка беларускага КДБ Юрыя Жадобіна. Ён паведаміў пра існаваньне ў Беларусі так званай “супольнасьці дэструктыўных элемэнтаў”, якая налічвае, паводле ягоных зьвестак, 1767 асобаў. Сваімі меркаваньнямі наконт таго, каго ў Беларусі варта лічыць “дэструктыўнымі элемэнтамі” і хто ці што замінае нармальнаму жыцьцю грамадзтва, дзеляцца ў лістах на Свабоду многія нашы слухачы.
Алесь Цадко з Маладэчна, пачуўшы выказваньне шэфа КДБ, піша:
“Ня ведаю дакладна, але, напэўна, ня тыя асобы, пра якіх кажа спадар Жадобін, зааралі ладную дзялку няўбраных калгасных буракоў па дарозе ад аграгарадка Лебедзева да Палачанаў. І, хутчэй за ўсё, не яны па-дзікунску нішчаць лес побач з гэтай дарогай.
На ўезьдзе ў наш горад помнікам лукашэнкаўскаму часу каторы ўжо год стаіць занядбаны, разрабаваны, з выбітымі шыбамі былы зборачны корпус колішняга флагмана гарадзкой прамысловасьці — радыёзавода “Спадарожнік”. Цікава было б спытаць у спадкаемцаў Берыі-Цанавы, які дэструктыўны элемэнт вінаваты ў гэтым?
І яшчэ пра адно ўражаньне хочацца распавесьці. Усе дзяржаўныя СМІ ў захапленьні паведамілі пра вясельны бум у сьнежні — маўляў, нечуваная колькасьць шлюбаў. Але ж гэта адбылося падчас каляднага посту! Ці не таму ў нас пануюць бездухоўнасьць і бескультур’е, а як вынік усяго гэтага — цынізм, хамства, павальнае п’янства і выміраньне нацыі? Нават статыстыка пацьвярджае, што і без таго празьмернае спажываньне алькаголю за мінулы год павялічылася яшчэ на 20 працэнтаў”, —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Алесь Цадко з Маладэчна.
Калі прытрымлівацца строгага каляднага посту, дык у такім разе 80 працэнтаў насельніцтва Беларусі (праваслаўныя вернікі) павінны сустракаць Новы год з келіхамі ліманаду, а не віна ці гарэлкі, і выключна з поснымі стравамі на сьвяточным стале. У рэчаіснасьці, аднак, усё па-іншаму...
Вядома, спадар Цадко, вы маеце рацыю: алькагалізацыя насельніцтва ў Беларусі — сапраўды, сур’ёзная праблема, якая з кожным годам абвастраецца. І каб жа ж гэта выяўлялася толькі ў вясельлях падчас каляднага ці велікоднага посту і ў датэрміновых навагодніх разгаўленьнях...
Гэтай праблемай даўно заклапочаны наш слухач, дзіцячы доктар Ігар Пастноў зь Віцебску. Ён увесь час спрабуе зьвярнуць увагу ўлады на недапушчальнасьць рэклямы алькаголю, на тое, што даўно пара ўвесьці жорсткія абмежаваньні на продаж піва, асабліва падлеткам. Які вынік гэтай барацьбы? Цытую новы ліст слухача:
“Вяду перапіску з кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі. Атрымліваю адказы, як пад капірку: маўляў, усё ў нас добра, закон аб рэкляме выконваецца. Ды ўключыце вы тэлеканал “НТВ Беларусь”. Там ракой цячэ піва “Балтыка”. Ды яшчэ заклікаюць на дробязі не разьменьвацца, купляць бутлі па два з паловай літры, бо пры гэтым паўлітра — бясплатна…Што яны там — аглухлі, асьлеплі?
Я разумею, што самы просты спосаб хутка і лёгка выцягнуць зь людзей грошы — гэта падвысіць вытворчасьць піва, гарэлкі, цыгарэт. Можна яшчэ і каноплі пачаць гадаваць — вось дзе прыбытак будзе! Ну а далей што? Выконваць дэмаграфічную праграму з дапамогай абкураных п’яных 14-гадовых падлеткаў?
Паведаміў пра гандлёвыя кропкі, дзе прадаюць піва дзецям 13—14 гадоў. З дапамогай знаёмых хлапцоў нават зрабіў так званы “кантрольны закуп”. На свой зварот атрымліваю цынічны адказ зь Дзяржкантролю: “Ваш зварот перададзены па месцы рэагаваньня — у аддзел гандлю аблвыканкаму...” Маразм нейкі.
Сёньня паўдня праляжаў у дэпрэсіі ад безвыходнасьці. Я — дзіцячы доктар, спрабую спыніць гэтае шаленства. А мне адказваюць, як апошняму дэбілу. Балюча і крыўдна.
Мы ж — цэнтар Эўропы, а ня нейкае гета, у якім дазволена праводзіць экспэрымэнты над дзецьмі.
Я да апошняга веру Лукашэнку. Але ён абкружыў сябе лізаблюдамі. І аднаго разу можа здарыцца так, як у казцы: з натоўпу карапуз з кубкам піва ў руцэ яму крыкне: “А кароль жа голы!” Усе ведаюць: караля робіць сьвіта. А народ варты свайго лідэра. Няўжо мы такія сьляпыя, глухія і нямыя?” —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду дзіцячы доктар Ігар Пастноў зь Віцебску.
Звычайна ў адказ на падобныя папрокі высокапастаўленыя прадстаўнікі ўлады спасылаюцца на тое, што нельга паўтараць перагібы антыалькагольнай кампаніі канца 80-х гадоў. Нагадваюць, што тады высякалі вінаграднікі, а народ душыўся ў чэргах, паколькі большасьць віна-гарэлачных крамаў пазачынялі. Пры гэтым улада робіць выгляд, што сытуацыя з алькагалізмам сёньня не настолькі сур’ёзная, як была ў СССР у застойна-застольныя брэжнеўскія часы. Але давайце палічым: на сярэдні заробак — 120 рублёў — савецкі беларус напрыканцы 70-х мог купіць 12 літраў гарэлкі альбо 750 боханаў хлеба. Сёньня прапорцыя — адваротная: сярэднямесячны заробак цяперашняга беларуса — гэта ўсяго каля 500 боханаў хлеба (на траціну меней, чым у часы “застою”), затое ажно 50 літраў гарэлкі (у чатыры разы болей, чым трыццаць гадоў таму). Дык да якой структуры спажываньня заахвочвае людзей улада?
Вы слухаеце праграму “Паштовая скрынка 111” — агляд лістоў на Свабоду. З вамі Валянцін Жданко.
Пра вонкавы выгляд беларускіх нацыянальных грошай разважае ў сваім лісьце на Свабоду Юрась Навіцкі зь Менску. Ён піша:
“Нядаўна жонка была ва Украіне і прывезла адтуль грыўні: ня ўсе патраціла. На купюрах — партрэты славутых палітычных і культурных дзеячаў — Мазэпы, Хмяльніцкага, Шаўчэнкі, Франко ды іншых…Толькі цяпер я зразумеў, чаму на нашых айчынных грашовых адзінках замест нацыянальных герояў — савецкія забудовы. Не таму, што нашы гістарычныя помнікі ўлада амаль усе пад бульдозэр пусьціла і працягвае пускаць... Проста людзі, якія штодня будуць трымаць у руках грошы з партрэтамі Міколы Гусоўскага, Францішка Скарыны, Васіля Быкава, міжволі задумаюцца: а што ж ГЭТЫ наш, якога столькі год утрымліваем, добрага зрабіў? Чым Беларусь уславіў?” —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Юрась Навіцкі зь Менску.
На беларускіх купюрах, спадар Навіцкі, ня толькі будынкі савецкага пэрыяду, але і сярэднявечны Мірскі замак, і старажытны палац Радзівілаў у Нясьвіжы... Розныя краіны пры выбары афармленьня сваіх грашовых адзінак кіруюцца рознымі прынцыпамі. Няма партрэтаў на расейскіх рублях, на купюрах адзінай эўрапейскай валюты...
Дарэчы, у сховішчах Нацынальнага банку дагэтуль захоўваюцца так і ня ўведзеныя ў абарачэньне беларускія рублі ўзору 1993 году, на якіх — і партрэты вялікіх беларусаў, і выява “Пагоні”. Праўда, тыя купюры ўжо наўрад ці калі-небудзь будуць выкарыстаны ў адпаведнасьці з прызначэньнем.
Аўтар наступнага ліста — Валянціна Богуш зь Менску. На Свабоду яна зьвяртаецца з такой просьбай:
“Жывём мы ўдваіх з мужам. Ён ужо сем гадоў ляжыць паралізаваны пасьля трох інсультаў. Дзяржаўнае тэлебачаньне і радыё я не ўключаю: ад іх ён толькі расстройваецца, хвалюецца.
Адзіная наша сувязь са сьветам — Радыё Свабода, перадачы якога мы штодня слухаем, а таксама кнігі, якія я чытаю для мужа ўголас. Вялікія тэмы яму цяжка ўспрымаць, а вось невялікія паведамленьні слухае з задавальненьнем.
Вельмі вас прашу, дапамажыце набыць кнігу Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды”. Мы пра яе даўно марым. Наш звычайны распарадак такі: раніцай — Радыё Свабода; затым беларускія песьні Данчыка; адпачынак, чытаньне кніг і газэт — і зноў Радыё Свабода. Вось так і жывём у вымушаным зьняволеньні”, —
— напісала ў сваім лісьце на Свабоду Валянціна Богуш зь Менску.
Мы, спадарыня Валянціна, будзем вельмі рады, калі кніга “Імёны Свабоды” зацікавіць вас і падорыць некалькі прыемных імгненьняў вам і вашаму хвораму мужу. Кнігу як падарунак ад Свабоды вы атрымаеце поштай.
На заканчэньне — ліст-роздум ад нашага даўняга сябра Алеся Васілеўскага зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну. Слухач піша:
“Надыходзіць другая сэрыя жыцьця, калі з сумам назіраеш за ўласнай істотай, над якой ужо болей, чым сам, працуюць гады, час. Пара, калі ляпіў сябе, даўно мінула, і цалкам пераляпіць ужо ніяк немагчыма. Дый не пад сілу, і балюча надзвычай.
Беларусь стала іншай, новай, і гэтая новая Беларусь ужо як быццам засвоілася намі, аднак неяк бескарэнна. Шмат будаўнічага матэрыялу пайшло на старое хімернае будаўніцтва, а сіла нават у асілка не бясконцая. Хоць усё адно трэба скрэбці па сусеках і жыць, бо інтарэс да жыцьця павінен заставацца да самай апошняй мяжы.
Мінулы год мне падмог у самаадукацыі: набыў даволі шмат сьпісанай літаратуры — школьныя падручнікі пачатку 90-х гадоў, “Кароткую гісторыю Беларусі” Вацлава Ластоўскага ды іншае. Прышчапіць бы гэта сабе. Ды было б здароўе ўсё перачытаць”, —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну.
Няхай хопіць у вас, спадар Васілеўскі, сілы назаўсёды захаваць у сабе гэтую цікавасьць да жыцьця, да самапазнаньня, да асэнсаваньня гісторыі.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by