Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята “Трох Каралёў” у Горадні


7 студзеня — праваслаўнае Раство Хрыстова. А ў каталікоў ксяндзы пачынаюць каляднае наведваньне дамоў і кватэраў вернікаў, у тым ліку ў Горадні.


Дні, час, адрасы ўчора назваў сьвятар ў гарадзенскім Катэдральным касьцёле пасьля заканчэньня аднаго з самых прыгожых сьвятаў —Аб’яўленьня Езуса Хрыста, якое яшчэ звычайна называюць сьвятам “Трох каралёў”.

Каспар, Мэльхіёр, Бальтазар — так звалі ўсходніх мудрацоў ці валхвоў, якіх таксама называюць каралямі, што прыйшлі прывітаць нованароджанага Хрыста. Яны прынесьлі ў падарунак кадзідла з ладанам —на знак таго, што ён — сапраўдны Бог, золата — як прызнаньне яго ўладаром, каралём і міра — сьведчучы, што ён таксама — як усе людзі…

Карэспандэнт: “Вы прыйшлі на сьвята “Трох каралёў”, што яно для вас азначае?”

Спадар: “Гэта такая падзея, калі прыйшлі Валхвы, абвяшчалі нам нараджэньне нашага збаўцу Хрыста”.

Дзяўчына: “Падабаецца гэтае сьвята вельмі. Бярэм у касьцёле крэйду, пішам на дзьвярах ініцыялы трох каралёў і год”.

Маладзён: “Мне падабаецца гэтае каталіцкае сьвята. Прыходзіць шмат людзей, адчуваеш радасьць сумоўя з Богам”.

Спадар зь дзецьмі: “Нам падабаецца гэтае сьвята!”

Ксёндз: “Калі ж Езус нарадзіўся ў Бэтлеэме юдэйскім у часы караля Ірада, вось мудрацы з Усходу прыбылі ў Ерузалім, кажучы: дзе нованароджаны кароль юдэйскі? Бо мы бачылі зорку ягоную на ўсходзе, і прыйшлі пакланіцца яму”.

Карэспандэнт: “Пры канцы набажэнства ксёндз асьвяціў крэйду. Праўда, імша была на беларускай мове, а калі ён асьвячаў крэйду, то гаварыў па-польску. Вернікі накіраваліся, каб узяць сабе гэтую крэйду.

Да спадарыні: я бачу вы таксама ўзялі крэйду. Каб напісаць на сваіх дзьвярах гэтыя ініцыялы. Што вы ўкладаеце ў гэта?”

Спадарыня: “Гэта імёны трох каралёў — на знак таго, што тут жывуць хрысьціяне, каталікі”.

Карэспандэнт: “Вы таксама ўзялі ў касьцёле асьвечаную крэйду”

Дзяўчына: “Канешне, сьвята “Трох каралёў” мне заўсёды падабалася зь дзяцінства. Тым больш у нас жыве шмат каталікоў, і ў кожным пад’езьдзе ўбачыш некалькі такіх надпісаў абавязкова. І ўвогуле мне сам гэты час падабаецца. У нас ў калектыве большасьць праваслаўных, таму мы на працы заўсёды адзначаем таксама праваслаўныя Каляды”.

Карэспандэнт: “ Ксёндз на беларускай імшы патлумачыў, што ініцыялы трох каралёў — Каспара, Мэльхіёра, Бальтазара таксама тлумачаць як першыя літары лацінскай фразы, сэнс якой — “Хрыстос бласлаўляе гэтае памяшканьне”, значыцца той дом ці кватэру, на дзьвярах якіх вернікі пішуць крэйдай К+М+Б 2008”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG