Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ідэалягічнай перамогі ў Пуціна не атрымалася”


Аспэкты візыту У.Пуціна ў Беларусь у “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць Андрэй Дынько, Віктар Марціновіч і Вадзім Дубноў.


Дзеля чаго Ўладзімір Пуцін прыяжджаў у Беларусь? Чаму ён нарэшце пагадзіўся даць Беларусі крэдыт у паўтара мільярды даляраў? Што азначаюць заявы Аляксандра Лукашэнкі пра супрацоўніцтва з Расеяй у ваенна-стратэгічнай сфэры? Гэтыя і іншыя аспэкты візыту прэзыдэнта Расеі ў Беларусь у “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць шэф-рэдактар газэты “Наша ніва” Андрэй Дынько, намесьнік рэдактара “Белгазэты” Віктар Марціновіч і аглядальнік расейскага выданьня “Газэта” Вадзім Дубноў.

Марціновіч
: "На мой погляд, асноўнай мэтай візыту Ул.Пуціна ў Менск было абмеркаваньне кошту маўчаньня беларускага боку падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў Расейскай Фэдэрацыі. Падчас рэалізацыі пляну Пуціна ў Расеі будзе назірацца лёгкая дэстабілізацыя сытуацыі, якая заўсёды суправаджае працэс выбараў, і відавочна, што ў гэты час трэба, каб усё ішло паводле пляну, каб не было выкарыстана нікім з магчымых зьнешнепалітычных гульцоў лябісцкіх прыёмчыкаў, якія маглі б пашкодзіць рэалізацыі выверанага і прадуманага пляну Пуціна.
Расея прапанавала беларускаму боку крэдыт за маўчаньне падчас расейскай прэзыдэнцкай кампаніі. В.Марціновіч


З самага пачатку гэтая інфармацыя пра Канстытуцыйны акт, якую перадало "Эхо Москвы" са спасылкай на беларускія крыніцы, сыходзіла зусім не зь беларускіх крыніцаў, а з крыніцаў у коле адміністрацыі расейскага прэзыдэнта. Каб папярэдзіць беларускі бок у ходзе перамоваў тэмы патаньненьня расейскага газу ў якасьці беларускага кошту за маўчаньне. Як толькі беларускі бок узьніме пытаньне пра больш танны газ, расейскі бок узьніме пытаньне пра Канстытуцыйны акт, паводле якога беларускаму прэзыдэнту будзе прапанавана пасада кіраўніка саюзнага парлямэнту, такой хутчэй сьмешнай структуры. Было адразу ж дадзена зразумець, што Расея гатовая заплаціць за маўчаньне беларускага боку падчас расейскай выбарчай кампаніі толькі крэдыт. Вось гэты крэдыт у 1,5 мільярды даляраў будзе тым коштам, які Расея прапанавала беларускаму боку за няўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі ў Расейскай Фэдэрацыі”.

Дракахруст: “Сп.Дынько, а як Вы лічыце, у чым была ўсё ж такі прычына прыезду расейскага прэзыдэнта і, так бы мовіць, чаму ня спраўдзіўся “саюзны сцэнар”, за які многія назіральнікі давалі ледзь не галаву на адсячэньне, маўляў, так і будзе – беларуская апазыцыя вывела людзей на вуліцы, пратэстуючы супраць такога сцэнару. Дык чаму ён усё ж такі не атрымаўся?"

Дынько
: "Мне падаецца, што Пуцін прыяжджаў у Беларусь так, як начальнік нейкага прадпрыемства час ад часу заходзіць у аддзел, каб паглядзець, што там людзі робяць, як там ідуць справы. Хоць яўна нешта абгаворвалася там больш доўгатэрміновае і, напэўна, мала прыемнае для Беларусі, бо А.Лукашэнка на выніковай прэсавай канфэрэнцыі выглядаў даволі такі смутна і быў ня рады. Ён належыць да той катэгорыі палітыкаў, якія эмацыйныя і ў якіх часта выяўляюцца на твары іх эмоцыі...
Стварэньне саюзнай дзяржавы не ў інтарэсах Беларусі, таму Беларусь усяляк зацягвае і абыходзіць гэтае пытаньне. А.Дынько


Што да саюзнай дзяржавы, то тут прычына ясная – стварэньне такой саюзнай дзяржавы не ў інтарэсах Беларусі, таму Беларусь усяляк зацягвае і абыходзіць гэтае пытаньне. Але ў сілу таго, што мы ўблыталіся ў гэтыя саюзныя пагадненьні, супольнасьці, саюзу, пасьля саюзнай дзяржавы, выйсьці зь іх няма як, яна ўвесь час устае на парадку дня, гэтая саюзная дзяржава, і пакуль не знаходзіцца нагоды, моманту, магчымасьці, для таго каб зьняпраўдзіць, дэнансаваць гэтыя пагадненьні”.

Дракахруст: "Вадзім, а як бы Вы адказалі на гэтыя два пытаньні – чаму аб'яданьня не адбылося і чаго прыяжджаў У.Пуцін?"

Дубноў
: "Пытаньне пра тое, што вось-вось будзе саюзная дзяржава, мы ўжо абмяркоўваем шмат гадоў. І тут насамрэч унутраная інтрыга не мяняецца. Праходзіць у Расеі адна перадвыбарчая кампанія за другой, але гэты дамоклаў меч аб'яднаньня застаецца ўвесь час, пры любых аб'ектыўных абставінах.

Мне здаецца, што гэта была такая рэжысэрская знаходка – прымусіць людзей падумаць, што Пуцін будзе прэзыдэнтам саюзнай дзяржавы. Бо калі распрацоўвалася апэрацыя "Пераемнік", на нейкай стадыі такі варыянт існаваў і сьведчыў пра адчай крамлёўскай эліты, бо калі яны пайшлі на распрацоўку такога варыянта, то гэта значыць, што нічога добрага ў іх не заставалася. Дзякаваць Богу, што яны адмовіліся ад гэтага сцэнару.

Зараз яны маглі дазволіць сабе зрабіць такую дымавую заслону ў чарговы раз. І цалкам відавочна, што нічыім інтарэсам гэта не адпавядае: гэта не адпавядае інтарэсам Беларусі, гэта абсалютна нецікава Пуціну, і ўжо тым больш гэта нецікава таму, хто будзе пасьля яго, будзе гэта Мядзьведзеў ці хто іншы. Пасьля Пуціна ці разам з Пуціным – гэта ўжо не настолькі важна.

Справа ў тым, што трэба знайсьці нейкую цікавую нішу для Беларусі, гэта значыць, з аднаго боку, не ствараць зь ёй саюзную дзяржаву, аднак працягваючы разьвіваць гэтую тэму, а з другога боку, Расея відавочна ўзяла курс на жорсткую канфрантацыю з Захадам, саюзьнікаў усё менш, і Аляксандар Рыгоравіч – гэта такі саюзьнік, які пры любой магчымасьці можа нечакана салідарызавацца і з Польшчай, і з Грузіяй, і яшчэ з кім бы там ні было.
Лукашэнка – такі саюзьнік, які пры любой магчымасьці можа нечакана салідарызавацца і з Польшчай, і з Грузіяй, і яшчэ з кім бы там ні было. В.Дубноў


І паколькі ў нас зараз ёсьць чаканьне таго, што праціўнікаў будзе шмат, то хацелася б пазбавіць Аляксандра Рыгоравіча спакусы выступіць на тым баку, пазбавіць яго прасторы манэўру. Так што ў гэтым сэнсе крок зроблены абсалютна лягічны, але я абсалютна ня ўпэўнены, што Аляксандар Рыгоравіч выканае свае абавязкі, калі ён іх даваў”.

Дракахруст: "Вось далей я і хацеў бы пагаварыць пра гэтыя абавязкі. Падчас сустрэчы Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт каардынацыі беларускай палітыкі з расейскай у пытаньні супрацьдзеяньня амэрыканскай сыстэме СПА, якую ЗША зьбіраюцца разьвярнуць у Польшчы і Чэхіі, а таксама выхаду з Дамовы аб звычайных узбраеньнях у Эўропе.

Але заявы кіраўніка Беларусі на гэты конт былі сфармуляваныя надзвычай асьцярожна. Атрымалася нават такая дзіўная фармулёўка, што "Беларусь гатовая адыграць сваю ролю ў пытаньні меркаванага разьмяшчэньня ў Эўропе элемэнтаў сыстэмы проціракетнай абароны ЗША".

Калі чытаць заяву літаральна, то з такімі прапановамі Лукашэнку варта было б зьвяртацца да Джорджа Буша, а не да Ўладзіміра Пуціна. Зразумела, што хацеў сказаць кіраўнік Беларусі, але нехлямяжасьць, так выглядае, атрымалася ад жаданьня сказаць як мага менш.

Тое самае – і наконт Дамовы аб звычайных узбраеньнях. Лукашэнка паабяцаў спрыяць Расеі ў адаптацыі дамовы, сяброўства ў якой Мсасква прыпыніла за дзень да візыту Пуціна ў Менск. Але абяцаньня ўсьлед за Расеяй прыпыніць сяброўства Беларусі ў Дамове Пуцін ад Лукашэнкі не дачакаўся.

Дык наколькі сур’ёзныя абавязкі ў ваенна-стратэгічнай галіне ўзяў на сябе Лукашэнка падчас сустрэчы з Пуціным?”

Дынько: “Вы вельмі добра адзначылі гэтую надзвычайную абцякальнасьць фармулёвак. Бывае, калі Лукашэнку нічога не абавязвае, дык ён рубіць з пляча, кажа, што мы дамо адпор, дамо адказ, станем на шляху танкаў, а калі зайшла гаворка пра канкрэтыку, то ён так сказаў, што Буш, напэўна, таксама будзе досыць рады такой заяве.

Увогуле, гэты візыт супаў з марыторыем, уведзеным Расеяй на выкананьне дамовы пра звычайныя ўзброеныя сілы ў Эўропе, і Беларусь не падтрымала Расею ў гэтым пытаньні. Больш таго, за дзень да візыту набліжаны да Лукашэнкі дэпутат Савету рэспублікі Мікалай Чаргінец заявіў, што гэты выхад не ў інтарэсах Беларусі.

Цікава, што гэта ўкладаецца ў пэўную тэндэнцыю. Калі ў 1990-х гадах Беларусь была поўным сатэлітам Расеі і не магла сабе дазволіць ніводнага кроку па-за фарватэрам Расейскай замежнай палітыкі, то ў апошнія гады гэтыя крокі множацца. Гэтак, Беларусь не падтрымала расейскія санкцыі ў дачыненьні да Грузіі і Малдавіі, пасьля – стаўленьне Беларусі да прэзыдэнцкай кампаніі 2004 году ва Ўкраіне істотна адрозьнівалася ад расейскага, Беларусь падкрэсьлівала свой нэўтралітэт. І зараз гэтая непадтрымка Расеі ў пытаньнях узброеных сілаў у Эўропе.
Гэта не выпадковасьць, а выявы разуменьня, што нацыянальныя інтарэсы Беларусі супрацьлеглыя інтарэсам Расеі. А.Дынько


На маю думку, гэта праявы курсу, гэта не выпадковасьць, а выявы большага разуменьня таго, што нацыянальныя інтарэсы Беларусі супрацьлеглыя, а часам дыямэтральна супрацьлеглыя інтарэсам Расеі ў гэтых пытаньнях, у тым ліку і ў пытаньні бясьпекі ў нашым рэгіёне”.

Дракахруст: Вадзім, а як Вы лічыце – Вы сказалі, што для расейскай палітыкі трэндам будзе супрацьстаяньне Захаду, незалежна ад таго хто будзе ў Крамлі. І здаецца, для Масквы павінна было б быць у гэтым сэнсе вельмі важным, каб Беларусь, адзіны саюзьнік, хоць неяк падтрымала яе. За абцякальнымі фразамі Лукашэнкі крыецца сапраўды падман, то бок, ён гэтага рабіць ня будзе і не зьбіраецца, ці крыецца такая няпэўная нязручнасьць ад таго, што ён пайшоў насамрэч на сур'ёзныя саступкі Расеі і што будзе нейкае садзеяньне па дамове аб звычайных узбраеньнях, і па супрацьдзеяньню амэрыканскай сыстэме СПА?

Дубноў: "Мне здаецца, што адказ тут ляжыць у плашчыні палітычнай псыхалёгіі беларускага прэзыдэнта. Лукашэнка – чалавек глябальнай ідэі. Ён даволі доўга жыў пад уплывам ідэі, што ён можа ўзначаліць расейска-беларускі саюз. Потым, калі гэтая надзея памерла, яе месца заняла іншая думка – што ён можа згуляць ключавую ролю паміж Расеяй і Захадам, час ад часу выкарыстоўваючы сваё становішча для таго, каб калі не шантажаваць Расею, то хаця б вымушаць яе з сабой лічыцца. І ў гэтым ён знаходзіў магчымасьці часам нават гуляць першым нумарам, калі Расея гуляла другім.

І гэтая псыхалягічная ўпэўненасьць абумоўлівае тое, што ён нагэтулькі абцякальны і настолькі шчыра спрабуе пакінуць дзьверы адчыненымі з абодвух бакоў. Ну, у Расеі для яго дзьверы адчыненыя ўвесь час, ён ведае, што, як бы ні складваліся адносіны, Расея ня можа дазволіць сябе зрабіць Лукашэнку адкрытым ворагам. Ён даволі “граматна” гэта выкарыстоўвае.
Лукашэнка ведае, што Расея ня можа дазволіць сябе зрабіць яго адкрытым ворагам. В.Дубноў


Але ён ужо даволі даўно спрабуе гуляць і на іншым полі. Ня надта ўмела, без асаблівых шанцаў, я ня думаю, што там у яго магчымасьцяў стаць ключавым гульцом больш, чым было магчымасьцяў стаць прэзыдэнтам расейска-беларускага саюзу. Але гэта рэальнасьць, зь якой даводзіцца жыць і Беларусі, і Расеі, і час ад часу да гэтага даводзіцца прыслухоўвацца і Захаду, ставячы сябе перад непрыемным выбарам. Але такі выбар будзе час ад часу ўзьнікаць, і Лукашэнка будзе яго выкарыстоўваць”.

Дракахруст: “Вадзім, а ці можна больш канкрэтна? Вось некалькі месяцаў таму пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў туманна намякнуў на магчымасьць разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі ў адказ на амэрыканскую СПА ў Эўропе. Потым, праўда, гэтую заяву абвяргалі, у тым ліку і сам пасол, але слова было сказана.

У пятніцу, адразу пасьля завяршэньня візыту Пуціна ў Беларусь, расейскі генэрал Леанід Івашоў сказаў пра магчымасьць нацэльваньня беларускай ударнай авіяцыі на аб’екты СПА ЗША ў Польшчы і Чэхіі, а таксама разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскіх ударных і радыётэхнічных сродкаў. Спадар Івашоў таксама заявіў, што Беларусь, у выпадку абвастрэньня адносінаў паміж НАТА і ЗША, магла б выйсьці зь Лісабонскага пратаколу аб ядзерных узбраеньнях і дазволіць разьмясьціць у сябе расейскую тактычную ядзерную зброю. Як Вы лічыце, гэта рэальна?”

Дубноў: "Ну, нашы генэралы – таксама людзі ідэі, гэта таксама ня трэба забываць. Але нічога агульнага з рэальнасьцю гэта мець ня будзе, і ніякая ядзерная зброя, зразумела, у Беларусь ня вернецца. Мне здаецца, што наагул пытаньне пра СПА Лукашэнка цалкам слушна ўспрымае як рэч віртуальную, гэта пытаньне сымбаляў і барацьба сымбаляў. І тут вельмі зручна паказаць сябе так, як ён сябе паказваў.
Пытаньне пра СПА Лукашэнка цалкам слушна ўспрымае як рэч віртуальную, гэта барацьба сымбаляў. В.Дубноў


З аднаго боку, Масква можа дазволіць сабе такія генэральскія эскапады, зь іншага боку, Лукашэнка даволі асьцярожны ў сваіх выказваньнях. Нічога рэальнага за гэтым усё роўна не стаіць, ніякай рэальнай пагрозы сутыкненьня тут няма, ўсё адбываецца ў віртуальнай ідэалягічнай плашчыні.

І таму Лукашэнка працягвае гуляць у сваю гульню, выдатна ведаючы, што ніякай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі ня будзе, што нічога з пункту гледжаньня балянсу сілаў мяняцца ня будзе, і тут можна дазволіць сабе ўсю тую ж сыстэму манэўраў”.

Дракахруст: "Віктар, а як Вы лічыце, наколькі пад гэтымі абяцаньнямі і пра амэрыканскую сыстэму СПА, і наконт Дамовы аб звычайных узбраеньнях ёсьць рэальны грунт?"

Марціновіч: "Я б зьвярнуў увагу на тое, колькі часу падчас візыту прэзыдэнты правялі ў фармаце сам-насам. Вельмі шмат гадзінаў, спачатку ў чацьвер, амаль да 6-й гадзіны раніцы яны спрабавалі аб чымсьці дамовіцца ў "Сілічах", потым 4 гадзіны ў пятніцу. У фармаце сам-насам абмяркоўваюцца пытаньні, якія нельга выносіць на публіку.

Я ўпэўнены ў тым, што ў гэтым фармаце ішоў нейкі гандаль, і што гандаль ішоў па двух тэмах. Першая тэма, магістральная, тычылася маўчаньня Беларусі падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, і другім, ня вельмі важным для Расеі пытаньнем было выкарыстаньне Беларусі для ваеннага адказу Захаду на разьмяшчэньне амэрыканскай СПА ў Эўропе і на іншыя захады.

Але, як вельмі трапна адзначыў Вадзім, тут варта казаць не аб сапраўдным мілітарным супрацьдзеяньні, а аб барацьбе сымбаляў, аб сымбалічным і ідэалягічным супрацьстаяньні. І вось гэтае ідэалягічнае супрацьстаяньне сымбаляў скіраванае не на Захад, не на ЗША, зь якімі ў Расеі значна лепшыя стасункі, чым у Беларусі, яно скіраванае на мазгі расейцаў напярэдадні гэтых чарговых прэзыдэнцкіх выбараў.

У гэтым сымбалічным супрацьстаяньні Беларусі была адведзеная нейкая роля, і відавочна, што Беларусь за гэтую ролю разьлічвала атрымаць пэўную ўзнагароду, бо калі нешта прапаноўваецца, трэба прапаноўваць нешта ўзамен.
Ідэалягічнай перамогі ў Пуціна не атрымалася. Але не атрымалася толькі таму, што ён не захацеў за гэта плаціць.
В.Марціновіч


Уладзімір Уладзіміравіч хацеў купіць за адзін палутарамільярдны крэдыт разам і маўчаньне Беларусі падчас расейскіх выбараў, і энтузіязм беларускага боку наконт "асымэтрычнага" адказу Расеі Захаду з нашай тэрыторыі. Відавочна, што гэтага не адбылося. І відавочна, што менавіта гэтым тлумачыцца тая адсутнасьць энтузіязму, зь якой Аляксандар Рыгоравіч камэнтаваў расейска-беларускае ваеннае супрацоўніцтва.

Зразумела, што ёсьць рэальнае, а не сымбалічнае супрацоўніцтва паміж беларускімі і расейскімі вайскоўцамі, і яно вельмі пасьпяхова ідзе. Тут не на прэзыдэнцкім узроўні ўсё вырашаецца. Мы тут кажам менавіта пра ідэалёгію. І вось менавіта гэтай ідэалягічнай перамогі, перамогі, якая б дазволіла выкарыстоўваць Беларусь як пляцдарм для сымбалічнай барацьбы Расеі з Захадам, у Пуціна не атрымалася. Але не атрымалася толькі таму, што ён не захацеў за гэта плаціць, напрыклад, зьніжкамі на расейскі газ".

Дынько: "Я б хацеў трохі запярэчыць спадару Марціновічу. Што да ўдзелу Лукашэнкі ў выбарчай кампаніі ў Расеі, то Вы тут гаворыце, як чысты лукашэнкавец, які хоча стварыць уражаньне, што Лукашэнка – гэта нейкі палітык усясьветнага маштабу, які мае незвычайнае ўзьдзеяньне на людзей ва ўсім сьвеце. Такім жа чынам у Паўночнай Карэі прадстаўляюць ролю сваіх кіраўнікоў.

Насамрэч, ну які можа быць уплыў Аляксандра Лукашэнкі на выбарчую кампанію ў Расеі, дзе ўсё ясна, дзе падтрымка курсу кіраўніцтва дасягае завоблачных вышыняў а кантроль за СМІ , здаецца, ці не мацнейшы, чым у Беларусі? Лухта гэта ўсё, ніякага ўплыву ня можа быць.
Ну які можа быць уплыў Лукашэнкі на выбарчую кампанію ў Расеі, дзе ўсё ясна? А.Дынько


Што да амэрыканскай сыстэмы СПА ў Эўропе. Напярэдадні візыту Пуціна вельмі цікавую заўвагу зрабіў расейскі аналітык Андрэй Суздальцаў, які на сваім блогу напісаў, што расейская вярхоўка разглядае амэрыканскі праект супрацьракетнага "шчыта" як спробу ўцягнуць Расею ў чарговыя "зоркавыя войны", у новую гонку ўзбраеньняў, якую Расея , зь яе аслаблай эканомікай, пакуль ня выцягне. Няма падставаў не давяраць гэтым меркаваньням Суздальцава.

Мне здаецца, што тэмай гэтай гаворкі, адкуль і кіслая міна Лукашэнка на выніковым этапе перамоваў, была ўсё ж эканоміка. Эканоміка і пытаньні ўласнасьці, пытаньні інтарэсаў расейскага капіталу, гэта тое, што найбольш трывожыць Аляксандра Лукашэнку і што найбольш пасьлядоўна адстойвае Ўладзімір Пуцін".

Марціновіч: "Мне са свайго боку вельмі сьмешна чытаць меркаваньні, што Пуцін прыехаў сюды захапіць беларускі сувэрэнітэт, а Лукашэнка сабраўся здрадзіць Беларусі. Калі б асноўнай філязофіяй гэтай сустрэчы было абмеркаваньне эканомікі, то паверце мне, Андрэй, гэтая сустрэча адбывалася б у Маскве і па ініцыятыве беларускага боку. Але гэтая сустрэча адбывалася ў Менску і па ініцыятыве расейскага боку.

Падумайце, чаму раптам расейскі прэзыдэнт па ўласнай ініцыятыве накіраваўся ў Менск, калі ён хацеў проста абмеркаваць пытаньні зьніжэньня коштаў на расейскі газ для Беларусі, тое, у чым зацікаўленыя мы, беларусы? І чаму, калі ён накіраваўся ў Менск, Аляксандар Рыгоравіч, як кажуць шматлікія фізіягнамісты беларускага прэзыдэнта, выглядаў ці адчуваў сябе кепска?

Усе вэрсіі, якія прагучалі дагэтуль, традыцыйныя вэрсіі, зьвязаныя зь беларускай незалежнасьцю, з Канстытуцыйным актам, на мой погляд, зараз выглядаюць сьмешна.
Гэтая сустрэча стала ўрачыстым пахаваньнем саюзнай дзяржавы і Канстытуцыйнага акту.
В.Марціновіч


Як напісаў Андрэй Калесьнікаў, карэспандэнт "Коммерсанта", які ўваходзіць у расейскі прэзыдэнцкі пул, гэтая сустрэча стала ўрачыстым пахаваньнем саюзнай дзяржавы і Канстытуцыйнага акту. Урачыстае таму, што гэта быў першы афіцыйны візыт расейскага прэзыдэнта ў Рэспубліку Беларусь. Гэта кажа пра тое, што ранейшы братэрскі фармат ужо не працуе. Ён прыехаў сюды як прадстаўнік замежнай дзяржавы".

Дракахруст: "Вадзім, а якая Ваша пазыцыя ў гэтай спрэчцы паміж беларусамі? Ці сапраўды Пуцін заплаціў Лукашэнку за нейкую ягоную ролю ў расейскай палітыцы, Віктар сказаў – да выбараў, я б дадаў – пасьля выбараў. Ці Вы згодны з Андрэем Дыньком, што ня трэба тут надзьмуваць з мухі слана і перабольшваць лёсавызначальную ролю Аляксандра Рыгоравіча на расейскай палітычнай арэне?"

Дубноў: "Я згодны часткова зь Віктарам Марціновічам, што гэта пакупка маўчаньня. Ну, можа, не зусім маўчаньня, хутчэй пакупка саюзьніка".

Дракахруст: "Вадзім, я Вас перапыню. А навошта ? Вось, паводле Андрэя, "овчинка выделки не стоит".
Размова пра тое, каб нэўтралізаваць Лукашэнку як магчымае "пятае кола" ў расейскім возе.
В.Дубноў


Дубноў: "Не, зразумела, размова не пра выбары, ролі Лукашэнкі ў выбарах, зразумела, ніякай няма, выбары пройдуць безь ніякіх зьнешніх фактараў, куды больш сур’ёзных, чым Лукашэнка. Тут размова пра тое, каб нэўтралізаваць Лукашэнку, як магчымае "пятае кола" ў расейскім возе. Каб Лукашэнка, калі пачнуцца абвастреньні адносінаў у сувязі з газавай тэмай, ізноў ня стаў на бок Захаду. Гэта – элемэнтарная страхоўка ад непрыемнага досьведу, які Масква мае ў адносінах зь Менскам. Але сам Лукашэнка можа лічыць, што ён тут адыгрывае ключавую ролю. Я ўжо казаў, што ён чалавек ідэі. Шмат з таго, што ён рабіў апошнія гады, кладзецца ў ягоную гіпотэзу пра тое, што ягоная роля яўна недаацэньваецца”.


Дракахруст: “На Ваш погляд – чаму Пуцін ня ўзяў у паездку ў Менск крамлёўскага кандыдата на гэтых выбарах – Дзьмітрыя Мядзьведзева? І другое пытаньне: якімі будуць адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй пасьля расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў?”

Дубноў: "Калі пачаць з другога пытаньня, то я не гатовы на яго адказаць. Не гатовы таму, што пакуль ня ўпэўнены, ці сапраўды Крэмль канчаткова вызначыў сцэнар. Калі ўсё пойдзе паводле агучанай схемы, што будзе прэзыдэнт Мядзьведзеў і прэм’ер Пуцін, то я ня думаю, што варта чакаць сур’ёзных зьменаў. Мядзьведзеў пакуль не падобны нават на Пуціна ўзору 1999 году, а ў Пуціна адаптацыя да Крамля заняла 2 гады. У Мядзьведзева гэта зацягнецца даўжэй, але і сам працэс пойдзе больш камфортна, бо вакол будуць усе свае людзі, ня трэба будзе змагацца зь мінулым, а толькі з канкрэтнымі людзьмі з канкрэтнага сучаснага.
Пуцін прыехаў у Беларусь як прэзыдэнт і ўжо як прэм’ер. В.Дубноў


Што тычыцца Беларусі, я мяркую, што гэты фактар ня варта пераацэньваць. Як на культуру ў савецкія часы, на Беларусь будуць зьвяртаць увагу паводле "остаточного принципа" і ў бягучых сытуацыях: у пытаньнях газу, у пытаньнях транзыту, у сымбалічных бітвах супраць амэрыканскіх вайсковых праектаў у Чэхіі і Польшчы. І зараз Пуцін паспрабаваў закласьці падмурак таго, каб зрабіць Аляксандра Рыгоравіча калі не саюзьнікам, то хаця б нэўтралізаваць як праціўніка.

Што тычыцца таго, чаму ён ня ўзяў Мядзьведзева, а хто такі пакуль Мядзьведзеў? Пакуль ён – звычайны крамлёўскі чыноўнік. Пуцін прыехаў у Беларусь у вельмі цікавай якасьці: па-першае, як прэзыдэнт, а па-другое, ужо і як прэм’ер, прыехаў вырашаць канкрэтныя эканамічныя справы. Абмяркоўваць цэны на газ – гэта не прэзыдэнцкая справа. Ён правёў такі экспэрымэнт – як ён будзе выглядаць у гэтым сваім двуадзінстве”.
Лукашэнка пайшоў дарогай кіраўніка камуністычнай Польшчы Герэка.
А.Дынько


Дынько: "Аляксандар Лукашэнка пайшоў дарогай кіраўніка камуністычнай Польшчы Герэка, які ў свой час хацеў пабудаваць сацыялізм за кошт капіталістаў, ён браў мільярдныя крэдыты, і мы ведаем, чым гэта скончылася для польскай эканомікі. Сам факт, што Беларусь бярэ гіганцкі крэдыт, паказальны, як і той факт, што за мінулыя два гады замежная запазычанасьць Беларусі фактычна падвоіцца, да канца гэтага году яна складзе 11-12 мільярдаў даляраў.

Візыт Пуціна, пуцінскае стаўленьне да Беларусі, яго імкненьне вырашыць не пытаньне Канстытуцыйнага акту, а пытаньне ўласнасьці нафтаперапрацоўчых заводаў, мэталюргічнага заводу, паказваюць, наколькі небясьпечную аснову для разьвіцьця Беларусі ўяўляюць сабой дамовы пра супольнасьць, саюз і стварэньне саюзнай дзяржавы, якія былі падпісаныя ў 1996, 1997 і 1999 гадах".
Такі крэдыт зараз вельмі патрэбны Беларусі.
В.Марціновіч


Марціновіч: "Тыя групоўкі, якія зараз кіруюць Крамлём, значна больш цікавіць павелічэньне капіталізацыі "Газпрому", чым традыцыйныя для імпэрыялізму пытаньні кантролю над тэрыторыямі. Што тычыцца крэдыту, то я тут не пагадзіўся б з Андрэем, бо такі крэдыт зараз вельмі патрэбны Беларусі. Калі б яго не было, рэзкае паскарэньне інфляцыі і вельмі сур’ёзныя крызысныя зьявы ў нашай эканоміцы пачаліся б ужо празь месяц-другі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG