Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І без папа ведаю, што ў нядзелю сьвята


Максім Шчур, Прага Новая перадача сэрыі "Магія мовы"

Наяўнасьць гэтага выразу ў беларускім лексыконе сьведчыць аб тым, што нястачы ў дэмагогах у Беларусі не было ніколі. Асабліва часта гэты выраз, відаць, прыдаваўся за часам савецкай улады, калі месца папоў занялі партыйныя кіраўнікі, якія шмат прапаведавалі аб неабходнасьці павышаць працоўную мараль, надоі, прадукцыйнасьць, культурны ровень ды ўсё астатняе. У некаторых зь іх гэтая звычка засталася й да сёньняшняга дня: нядаўна, напрыклад, беларускі кіраўнік нагадваў беларусам аб карысьці спорту й шкоднасьці пераяданьня. Як быццам безь яго пра гэта ніхто не здагадваўся. Сапраўды, як з той нядзеляй: нездарма ж яна ў беларускай мове мае такую “непрацоўную”, “выходную” назву. Якая ж патрэба лішні раз нагадваць аб тым, што ў нядзелю сьвята?

Чуў я гэты выраз і ў якасьці рэакцыі на бясплённую, неканструктыўную крытыку.

– Што ж ты, ня бачыш: карціна крыва вісіць? – дакарала суседка мужа. – Што я зраблю, што мур крывы? – злаваў той. – Вось і зрабі, каб яна роўна вісела! А што ў нядзелю сьвята, я й без папа ведаю.

Такім чынам, адна рэч кагосьці ў чымсьці папракнуць, іншая – падказаць, даць карысную параду. Пры гэтым ня варта забывацца, што між практычнай парадай і канстатацыяй відавочнага факту існуе пэўная розьніца. Таму на ўсялякія праявы дэмагогіі ды пустаслоўя льга адказаць народным выразам: і без папа ведаю, што ў нядзелю сьвята.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG