Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крывенькі дый сьляпенькі, а дзеткі – залаценькі


Вячаслаў Дубінка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Каваль залаценькіх дзетак Лёкса Крываль прыкалдыбаў на вуліцу Майскі Пасад, што згубілася на ўскраі Слуцку. Выкуліўся з прыгараднага цягніка, які прысоп з Асіповічаў. З худзенькім салдацкім хатулём за плячыма, у абкарнаным да каленяў шынялі, пэўна, з фрыцаўскага пляча. Хадок асьцярожна абходзіў вясновыя лужыны, каб не забрындаць файнага, блішчастага хромавага бота на правай назе. Левы ж бот трымаў пад пахай, абапіраючы на кульбу-сукаватку. А вось другая нага – драўляны кругляк з гумавай набойкай – сьмела лезла ў гразь, у глыбокія лужыны. Два гады, як скончылася вайна. Прывецілі госьця хаты сіроцкія, а людзі насьцярожаныя, душы іх даўно стомленыя... І стаў жыць аднаногі франтавік у падсьлепаватай, маўклівай Ксені Кнырык, цешыліся ў часовай пабудове, што нагадвала прытулак партызанаў пад Будай Грэскай. Не хадок Лёкса, а сьпявак, не танцор, а на гострае слоўца ўдалец. А рукі працавітыя, чорныя ад нітак, голак, кравецкага рыштунку, працаваў апантана, суткамі. Хутка ў абновах фарсеў і Майскі праезд, і вуліца Старобінская, і Вішнёвы закутак. Кожную нядзелю Лёкса калдыбаў на кірмаш, нёс ў заплечным хатулі пару новых хромавікаў на продаж. Хутка й дзеткі пайшлі – усе двайняткі. Першая пара – хлопчык і дзяўчынка. Другая пара – дзяўчынка і хлопчык. І трэцяя пара – хлопчык і дзяўчынка. Бачыш, якія шчодрыя буслы. Харчу ня дужа мелі, апратка сіроцкая, а дзеткі хутка падрасталі – бацькам на ўцеху, суседзям на зайздрасьць. – Якія ж дзеткі паслухмяныя дый старанныя. Ад зямлі адна кепачка відна, чобаты пад паху, але ўжо ў хату дабро цягне, бацькам дапамагае. Ай залаценькія! – з зайздросным замілаваньнем гаварылі суседзі. У многіх усяго адзін хлопец на хату, але й той гультай, двоечнік, прагульшчык, бадзяецца чорт ведама дзе, табаку смаліць. А Лёкса слухае зайздросьнікаў і пасьміхаецца, сыпле жартачкі. Ад настрою й сьпявае, а калі ж працуе – люба падзівіцца. – Бачыш, які ўвішны, – дзівяцца мужыкі, калі толькі й кляпаць пасьпявае, кульгач, нізкаросьлік... – А дзетак жа, любенькія, не нагой робяць, – неяк сарамліва апраўдвалася перад суседкамі Ксеня. Яе ж у тую пару, калі Сталін грабкі склаў і ў трупярні з Ільлічом залёг, мэдалём “Маці-гераіня” ўшанавалі. І цяпер уваччу відочак: бацькі цешыліся сваімі дзеткамі. Тыя ўбраныя, што букеты, на маёвыя сьвяты ішлі ў школьнай калёне, пабраўшыся за рукі... – Крывенькі дый сьляпенькі, а дзеткі – залаценькі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG