Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія слоўнікі – дасьледаваньне Свабоды


Іна Студзінская, Менск Ці выдаюцца ў Беларусі ў дастатковай колькасьці слоўнікі – іншамоўна-беларускія і беларуска-іншамоўныя, тэрміналягічныя для адмыслоўцаў, ці будзе выдадзены новы грунтоўны і дасканалы расейска-беларускі слоўнік, якую ролю ў выданьні слоўнікаў адыгрывае дзяржава?

1. Іншамоўна-беларускія слоўнікі

Лінгвісты, у тым ліку й старшыня тэрміналягічнай камісіі Міністэрства адукацыі прафэсар Генадзь Цыхун з болем канстатуюць, што Беларусь, на жаль, адстала ў выданьні слоўнікаў нават ад былых савецкіх рэспублік. Выдадзены, да прыкладу, грунтоўныя азэрбайджанска-нямецкі і азэрбайджанска-ангельскі слоўнікі, узбэцка-нямецкі і ўзбэцка-ангельскі. А ў Беларусі, на жаль, паўтара дзесятка гадоў таму выйшлі толькі маленькія нямецка-беларускі, ангельска-беларускі і француска-беларускі слоўнічкі. Салідных пакуль што няма.

Ува ўсім цывілізаваным сьвеце выданьне слоўнікаў, навуковай, даведкавай літаратуры – справа гонару дзяржавы. Разважае прафэсар Генадзь Цыхун:

(Цыхун: ) “Тое, што мы адсталі, тлумачыцца шмат якімі прычынамі, у тым ліку й палітычнымі, эканамічнымі, культурнымі. Блізкасьць моваў і лінгвістычная сытуацыя як бы ня робяць надзённай гэтую справу. Але, я думаю, для перакладчыкаў мастацкай літаратуры перш за ўсё, студэнтаў – неабходнасьць узьнікае”.

Як ні дзіўна, асноўная праблема ў Беларусі ня столькі са складаньнем слоўнікаў (лінгвісты, энтузіясты сур’ёзна працуюць), колькі з выданьнем. І часьцяком выходзіць, што больш зацікаўленыя ў зьяўленьні замежна-беларускіх слоўнікаў іншаземцы, а не беларусы. Дарэчы, першы “Ангельска-беларускі слоўнік” Яна Пятроўскага выдадзены ў Аўстрыі ў 1946 годзе.

У 1989 годзе ў Менску выйшаў невялікі ангельска-беларускі слоўнік пад рэдакцыяй Тамары Сушы і Алены Шчукі. Пачынаючы з 1970-х гадоў стварэньнем саліднага ангельска-беларускага слоўніка займалася вядомая дзяячка беларускай эміграцыі ў Канадзе Валянціна Пашкевіч, але, на жаль, не давяла яго да канца. Яе работу працягнулі ў ЗША Янка Запруднік, Зора і Вітаўт Кіпелі, Аляксандар Сільвановіч. Праца блізіцца да фіналу, рэдактар вычытвае ўжо літару “u”. Расказвае Янка Запруднік:

(Запруднік: ) “Спадзяемся, што цягам некалькіх месяцаў рэдагаваньне будзе скончанае, яшчэ цяпер трэба ўдакладніць прадмову, структуру слоўніка, іншыя дадаткі. Ну, і тады паўстане пытаньне друку. Наклад спачатку мы плянавалі 6 тысячаў, потым нам параілі зрабіць першае выданьне на 3 тысячы. А што да месца друку, дык гэта пытаньне. Слоўнік наш зроблены тарашкевіцай. Апрача гэтага, пытаньне яшчэ сродкаў, але фундацыя будзе забясьпечаная, зробленая коштам беларускай грамадзкасьці ў дыяспары”.

Аб’ём слоўніка даволі вялікі: амаль 50 тысяч артыкулаў (словы, ілюстрацыі ўжываньня, фразэмы) – каля тысячы старонак. Складальнікі кажуць, што графічна слоўнік будзе выглядаць прыстойна, яны хочуць зрабіць якасную вокладку і аправу, таму што слоўнік – гэта кніга, якую ўвесь час гартаюць. Што да месца друкаваньня, яно пакуль што ня вызначанае. Праз тарашкевіцу ў Менску з выданьнем могуць узьнікнуць праблемы, лічыць Янка Запруднік.

У нямецка-беларускага і беларуска-нямецкага слоўнікаў сёньня больш цьмяны лёс: яны падрыхтаваныя, але няма сродкаў на выданьне. Але пра гэта крыху пазьней. Спачатку – невялічкі гістарычны экскурс.

Першым нямецка-беларускім слоўнікам можна лічыць “Sieben-Sprachen-Wörterbuch: Deutsch / Polnisch / Russisch / Weißruthenisch / Litauisch / Lettisch / Juddisch” (больш за 7000 словаў), які быў выдадзены ў Ляйпцыгу ў 1918 г. А “Падручнік нямецкага языка для Беларусаў” Пятра Бакача, выдадзены ў Бэрліне ў 1941 годзе, зьмяшчаў 60-старонкавы “Нямецка-беларускі альфабэтычны слоўнік”.

У 1988 годзе ў Менску выйшаў невялікі нямецка-беларускі слоўнік пад рэдакцыяй Уладзімера Марцінеўскага і Пётры Садоўскага (10 тысяч словаў), у 2004 годзе было яго перавыданьне.

5 гадоў таму высілкамі спэцыялістаў Лінгвістычнага ўнівэрсытэту цалкам падрыхтаваны да друку салідны беларуска-нямецкі слоўнік. Апавядае дацэнт Мікалай Кур’янка:

(Кур’янка: ) “Гэты слоўнік ужо 5 гадоў ляжыць у выдавецтве “Тэхналёгія”. Спадар Санько мяне ўжо “соліць-марынуе” 5 гадоў! Усё шукае фундатара, хто яму дасьць грошы. І я ня ведаю, што рабіць. Ён вялікі, капітальны слоўнік. Два гады таму падрыхтаваны й нямецка-беларускі слоўнік на 50 тысяч словаў і выразаў. Абяцае выдаць яго “Беларуская энцыклапедыя” сёлета, але дакумэнтальнага пацьверджаньня пакуль няма, кажуць, што ў плян быццам бы яго ўключылі”.

Мікалай Кур’янка перажывае, што нявыдадзены слоўнік старэе: мова жывая, зьяўляюцца новыя тэрміны. А 5 гадоў чаканьня свайго часу для выхаду – тэрмін недаравальна вялікі. Мікалай Кур’янка ў адчаі:

(Кур’янка: ) “Я абхадзіў усе нашы выдавецтвы: і ў “Асвеце” быў, і ў “Вышэйшай школе”, і ў “Метадычнай кнізе”. Так, кажуць, гэта ўсё цікава, але няма за што выпускаць, не хапае грошай. Я ўжо замарыўся, ня ведаю, каму верыць, каму ня верыць. Нейкі пэсымізм мною авалодаў – 5 гадоў ляжыць, і ні туды ні сюды”.

У вёсцы Дуброва Сьветлагорскага раёну сельскі настаўнік Мікола Бусел падрыхтаваў салідны гішпанска-беларускі слоўнік, але выдаць яго таксама ня можа.

Што да француска-беларускіх слоўнікаў, то напачатку 1990-х выходзіў трохмоўны француска-беларуска-расейскі слоўнічак. Цяпер калектывам Лінгвістычнага ўнівэрсытэту рыхтуецца вялікі, на 70 тысяч артыкулаў, слоўнік – над ім працуюць Уладзімер Базараў, Леанід Казыра ды іншыя. А перакладчык Зьміцер Колас, да прыкладу, складае даволі экзатычны тэрміналягічны слоўнік – біялягічны француска-лацінска-беларускі.

(Колас: ) “Тэрміналёгія невычарпальная: колькі назваў расьлінаў, жывёлін, жучкоў, павучкоў! Калі я пачынаў, сам не ўяўляў, куды я ўлажу”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы біёляг, можа, у Вас біялягічная адукацыя ёсьць ці гэта хобі?”

(Колас: ) “Напэўна, проста прозьвішча прымушае…”

(Карэспандэнтка: ) “А вось жа праца над складаньнем слоўнікаў – яна карпатлівая, столькі дакладнасьці патрабуе...”

(Колас: ) “Карпатлівасьць, безумоўна, патрэбная. Часам праца бывае такая цягамотная, ня надта цікавая, мэханічная – гартаньне слоўнікаў, пошук. Але, з другога боку, я адчуваю й творчы момант, кожны адпаведнік мае заўсёды шэраг сынонімаў, і трэба знайсьці сынонімам у замежнай мове адпаведны шэраг у мове роднай ці ў мове перакладу. І гэта ня так лёгка”.

Выданьне слоўнікаў вымагае вельмі шмат часу і сілы. Толькі над рэдагаваньнем нямецка-беларускага слоўніка Лявон Баршчэўскі працаваў 4 гады!

(Баршчэўскі: ) “Сёньня немагчыма, ня маючы маёнтку і ня седзячы, як Даль у сябе, аддаць 2 – 3 гады працы на слоўнік – памрэш з голаду. Гэта вялікая праблема, бо дзяржава гэтым абсалютна не цікавіцца. Я толькі што прыехаў зь Літвы, мне проста крыўдна, там ледзьве не літоўска-суахільскія слоўнікі ёсьць. І гэтае пытаньне трэба вырашаць. Але бяз пэўнай палітыкі (я нават не кажу пра фінансавую падтрымку), бяз розыгрышу нейкіх конкурсаў, грантаў на стварэньне такіх слоўнікаў праблема будзе вельмі цяжка і марудна вырашацца”.

Праўда, ёсьць і невялікі прарыў. Зусім нядаўна пад рэдакцыяй прафэсара Генадзя Цыхуна выйшаў польска-беларускі слоўнік аб’ёмам звыш 40 тысяч словаў – амаль 900 старонак. Укладальнікі слоўніка Яўгіньня Волкава і Валянціна Авілава працавалі над ім амаль 5 гадоў. Знаўцы высока ацэньваюць гэтую працу: шырокі набор сынанімічных адпаведнікаў робіць слоўнік прыдатным для перакладу мастацкіх тэкстаў; тэрміналягічная лексыка з розных галін навукі, грамадзкага жыцьця дае магчымасьць працы з дакумэнтамі. Апавядае Яўгіньня Волкава:

(Волкава: ) “Ня хочацца казаць, што гэтая праца завершана, праца папраўдзе працягваецца, удакладняецца нешта, дадаецца нешта новае. Чакаем, вядома, заўваг і водгукаў ад карыстальнікаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Усе скардзяцца, што амаль немагчыма выдаць цяпер слоўнік. Як вам удалося?”

(Волкава: ) “Мусіць, так зоркі ўдала сталі. Практычна толькі слоўнік зрабілі, зьвярнуліся ў выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” і зусім нечакана атрымалі дзяржаўную датацыю. У вельмі сьціслы тэрмін слоўнік выдадзены”.

Такое апэратыўнае выданьне польска-беларускага слоўніка – шчасьлівае выключэньне. Прафэсарам Генадзем Цыхуном цалкам складзены салідны баўгарска-беларускі слоўнік. З выданьнем праблематычна (можа, баўгары дапамогуць, марыць спадар Цыхун). Літоўскага слоўніка, на жаль, няма, а вось латыскі таксама падрыхтаваны. Расказвае лінгвіст Зьміцер Саўка:

(Саўка: ) “Такі слоўнік падрыхтаваны і ляжыць ў Рызе. Ёсьць такая спадарыня Абала, яна ўжо жанчына немаладога ўзросту, і будзе вельмі шкада, калі яна пойдзе з жыцьця, а рукапіс страціцца”.

Стварэньне слоўнікаў у Беларусі – справа ў асноўным энтузіястаў, а не дзяржавы. Ды яшчэ часам, так бы мовіць, “замежжа нам дапамагае”. Славіст Гольгер Кнаўф, які вучыўся ў Менску, выдаў у Нямеччыне ў 2001 годзе вельмі цікавы нямецка-беларускі размоўнік са слушнымі парадамі, як паводзіць сябе ў беларускай рэчаіснасьці, калі, да прыкладу, у кафэ падалі халодную ежу ці няма квіткоў на цягнік. У размоўніку – моладзевы слэнг, тэматычны падзел, шмат малюнкаў. Наклад разышоўся імгненна, і летась было другое выданьне, дапрацаванае.

Шмат цікавых задумак і ў суайчыньнікаў. Апавядае паліглёт Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Скажу шчыра: у мяне ёсьць адна жыцьцёвая мара (ня ведаю толькі, ці хопіць мне жыцьця і часу, бо часу фатальна не хапае), але я хачу скласьці беларуска-эўрапейскі слоўнік-мінімум. Беларускі зь перакладам на 20 эўрапейскіх моваў. Раблю цяпер і нарвэска-беларускі, спадзяюся, што да канца году яго закончу”.

Лявон Баршчэўскі і Зьміцер Колас хочуць падрыхтаваць беларуска-суахільскі слоўнік, выдаць яго за свой кошт і зладзіць шыкоўную прэзэнтацыю з запрашэньнем замежных дыпляматаў. Каб дзяржаўным чыноўнікам сорамна стала...

2. Тэрміналягічныя беларускія слоўнікі

Чым вышэйшы культурны ўзровень нацыі, тым больш высокую цану яна гатовая плаціць за права разьвіцьця навукі на роднай мове. Ці можна казаць, што ў Беларусі створана нацыянальная тэрміналёгія, ці дастаткова тэрміналягічных слоўнікаў з розных галінаў ведаў?

Вялікі беларускі асьветнік, філёзаф эпохі Адраджэньня Сымон Будны яшчэ ў 1583 годзе пісаў: “Як жа мы зразумеем зьяву, калі ня будзем разумець значэньня тэрмінаў, бо ўсякая рэч абазначаецца словамі?”

Гісторыя сучаснай айчыннай тэрміналёгіі вядзе свой адлік з часу кадыфікацыі беларускай літаратурнай мовы – працэсу, у якім вызначальную ролю адыграла вядомая “Граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча. З 1918 году, калі Тарашкевічаву граматыку выдалі ў Вільні, у разьвіцьці беларускай сыстэмы тэрмінаў былі і ўсплёскі, і заняпады. Расказвае складальнік даведніка “Беларускія тэрміналягічныя слоўнікі” доктар філялягічных навук Генадзь Цыхун:

(Цыхун: ) “Фактычна за пэрыяд з 1918 па 1998 год мы ўлічылі 263 выданьні. Гэта і расейска-беларускія слоўнікі, і замежныя. І аказалася, што ня ўсё так дрэнна, як здаецца. Калі ўзяць пад увагу індэкс спэцыяльнасьцяў, па якіх у нас ёсьць распрацоўкі, бачым тут і агульную біялёгію, дэфэкталёгію, міжнародныя валютна-фінансавыя адносіны, картаграфію. Па цэлым шэрагу галін ёсьць напрацоўкі”.

З прафэсарам Генадзем Цыхуном цалкам салідарны і Язэп Стапановіч, доктар біялягічных навук, старшыня тэрміналягічнай камісіі Таварыства беларускай мовы:

(Стапановіч: ) “Сапраўды, няма праблемы зь беларускай тэрміналёгіяй і слоўнікамі. Наяўныя слоўнікі прэзэнтуюць усе галіны навукі. Слоўнікаў дастаткова, і для ўсіх катэгорыяў, у тым ліку й для чыноўнікаў. Праблема пэрсанальна ў кожным, у жаданьні знайсьці гэтыя слоўнікі і карыстацца імі. Гэта адгаворка, што не хапае тэрміналягічных слоўнікаў”.

Яны вельмі актыўна распрацоўваліся цягам трох пэрыядаў: у 1920-я гады, у 1960-я і, нарэшце, пры канцы 1980-х – напачатку 1990-х. Гаворыць доктар біялягічных навук Язэп Стапановіч:

(Стапановіч: ) “Вельмі актыўную працу пачала тэрміналягічная камісія пры ТБМ. Працавалі ў тандэме з шэрагам дзяржаўных структур – Міністэрствам адукацыі, Міністэрствам інфармацыі, якімі кіравалі тады людзі, што ўсьведамлялі сваё становішча і значэньне нацыянальнай адукацыі для Беларусі – Бутэвіч, Гайсёнак, Стражаў. За кароткі пэрыяд – няпоўныя 7-8 гадоў – выйшла больш за 200 слоўнікавых выданьняў (гэта складае больш як палову ўсёй беларускай тэрмінаграфіі ХХ стагодзьдзя)”.

Апавядае Станіслаў Суднік, адзін з укладальнікаў беларускага вайсковага слоўніка:

(Суднік: ) “Гэта была неабходнасьць: стваралася беларуская дзяржава, стваралася беларускае войска. Мы рабілі слоўнік, зыходзячы са сваіх пазыцыяў. Міністэрства абароны таксама стварала аналягічны слоўнік паралельна (мы маем сёньня два вайсковыя слоўнікі). Мы рухаліся да беларускіх статутаў і да пераводу войска на беларускую мову. Тое, што гэта затармазілася, гэта часова. Гэтае ж пытаньне ня зьнятае! Усё адно беларускае войска пяройдзе на родную мову, патрэбныя будуць тыя статуты, і прыдадуцца абодва нашы слоўнікі”.

На думку Станіслава Судніка, беларускую мову лягчэй за ўсё ўвесьці менавіта ў войску – армія падпарадкоўваецца загадам, беларускія афіцэры – людзі адукаваныя. Будзе загад – і будуць запатрабаваныя абодва вайсковыя слоўнікі.

Аднак у апошнія гады выпуск тэрміналягічных даведнікаў значна скараціўся – безумоўна, гэта вынік зьмены статусу беларускай мовы. У цяперашняй сытуацыі слоўнікі спэцыяльнай беларускай лексыкі часта не запатрабаваныя. Пры гэтым чыноўнікі, якія размаўляюць і вядуць справаводзтва па-расейску, часам тлумачаць свой моўны выбар адсутнасьцю беларускай тэрміналёгіі. Яскравы прыклад прывёў лінгвіст Зьміцер Саўка:

(Саўка: ) “Афіцыйныя структуры на ўзроўні Савету Міністраў на пачатку 1990-х замовілі вялікую працу Беларускаму дзяржаўнаму ўнівэрсытэту: падрыхтаваць электронны расейска-беларускі перакладнік, каб весьці дакумэнтацыю па-беларуску. Гэтая праца ў агульных рысах скончаная, зь яе вынікамі я знаёміўся гады 2 таму. І рэальна гэты перакладнік працаваў. Аднак – парадаксальная сытуацыя – наша дзяржава перастала цікавіцца беларускай мовай як такой, задача зьнятая. Але БДУ сваю працу зрабіў, і гэтая праграма застаецца незапатрабаванай”.

Распрацоўнікі ня могуць перадаць сваёй працы ў агульнае карыстаньне, бо яна належыць замоўцу – ураду, які перастаў цікавіцца раней замоўленым. Хоць усё рабілася за дзяржаўныя грошы, то бок – на сродкі падаткаплатнікаў...

Але энтузіясты працягваюць працаваць над слоўнікамі і даведнікамі, сьцьвярджае старшыня тэрміналягічнай камісіі ТБМ Язэп Стапановіч:

(Стапановіч: ) “Мы ўсьведамляем: нашчадкі не даруюць, калі мы будзем цяпер проста ў плыні гэтай не нацыянальнай каньюнктуры жыць. Найбольш дзейсна працуюць не філёлягі, а матэматыкі, хімікі, біёлягі: выкладчыца Ўнівэрсытэту радыёэлектронікі Людміла Майсеня, Тамара Сухая з Тэхнічнага ўнівэрсытэту, Леанід Сапегін з Гомелю, Алесь Арцішэўскі, прафэсар з Тэхналягічнага ўнівэрсытэту, прафэсар Ражкоў, загадчык лябараторыі Інстытуту матэматыкі Васіль Берднік”.

Гэта пацьвярджае і доктар Янка Запруднік:

(Запруднік: ) “У гісторыі слоўнікаў самыя выдатныя працы складаліся не філёлягамі, не лексыкографамі, а якраз мэдыкамі ці нейкімі іншымі адмыслоўцамі. Вэбстэр таксама ня быў філёлягам, ён быў мэдык”.

Сярод найбольш поўных і ўдалых выданьняў спэцыялісты называюць “Матэматычную энцыкляпэдыю”, выдадзеную ў 2001 годзе ў выдавецтве “Тэхналёгія”, “Анатамічны слоўнік” пад рэдакцыяй Станіслава Ярашэвіча, “Кароткі слоўнік землеўпарадкаваньня”, падрыхтаванымі бацькам і сынам Дудко. У названых і шэрагу іншых слоўнікаў актуалізаваныя дзесяткі адметных беларускіх лексэмаў. Ілюструе старшыня тэрміналягічнай камісіі ТБМ Язэп Стапановіч:

(Стапановіч: ) “Двайковы – ‘дваічны’, двухсклад – ‘двухчлен’, каморнік, клямар, крывіня (а не крывізна), мяшанец ‘гібрыд’, прысады, пэўнік ‘аксыёма’, цаля, шматвугловік...”

Не чакаючы лепшага часу, да беларускай тэрмінатворчасьці падключаецца моладзь. Прыкладам, студэнты юрыдычнага факультэту БДУ пачалі нядаўна два інтэрнэт-праекты – “Ангельска-беларускі слоўнік паліталягічных тэрмінаў” і “Слоўнік юрыдычных тэрмінаў”. Паводле прызнаньня Ўладзіслава Белавусава, моладзь адчула практычную патрэбу ў слоўніках, якія далі б значную палёгку ў перакладчыцкай рабоце. Тэрмінатворчасьцю студэнты займаюцца на шчырым энтузіязьме – займаюцца, бо вераць, што гэта трэба ўсім нам.

3. Расейска-беларускія слоўнікі

Ці будуць выдадзеныя новыя грунтоўныя і паўнейшыя за цяперашнія расейска-беларускі і беларуска-расейскі слоўнікі? Ці выдаюцца наагул у краіне ў дастатковай колькасьці лексыкаграфічныя працы, якую ролю ў выданьні слоўнікаў адыгрывае дзяржава? Пра гэта – трэцяя перадача Іны Студзінскай у цыклі “Беларускія слоўнікі”.

У 1870 годзе ў Санкт-Пецярбурзе, у Імпэратарскай Акадэміі навук, быў выдадзены тлумачальна-перакладны, укладзены Іванам Насовічам слоўнік беларускай мовы – у яго ўвайшло звыш 30 тысяч словаў. Першым у беларускай лексыкаграфіі ХХ стагодзьдзя расейскі-беларускім перакладным слоўнікам можна лічыць “Маскоўска-беларускі слоўнік” братоў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх – ён выйшаў у Вільні ў 1918 годзе. Немалую цікавасьць і сёньня выклікае “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” Вацлава Ластоўскага, выдадзены ў Коўне праз 6 гадоў. У 1926 годзе расеец Мікалай Байкоў і беларус Сьцяпан Некрашэвіч на заданьне Інбелкульту за рэкордна кароткі тэрмін – 4 месяцы – падрыхтавалі “Беларуска-расійскі слоўнік” (на 20 тысяч словаў). А ў 1928 годзе Некрашэвіч і Байкоў выпусьцілі грунтоўны – на 745 старонак – “Расійска-беларускі слоўнік” (ён выйшаў накладам 7 тысяч паасобнікаў). Расказвае лінгвіст Зьміцер Саўка:

(Саўка: ) “Некрашэвіч і Байкоў стваралі свой слоўнік не на голым месцы, яны карысталіся аграмаднай картатэкай, якая на той час была складзеная ня толькі сіламі Інбелкульту, але й соцень энтузіястаў з усёй Беларусі. Яны складалі слоўнік сапраўды жывой беларускай мовы. Пазьней, на жаль, гэтая картатэка была страчаная падчас другой усясьветнай вайны. Гісторыя картатэкі вартая расьсьледаваньня. Бачылі гэтую картатэку ў габрэйскім гета. У 1944-м годзе сотні тысяч аркушаў ляжалі вываленыя каля Акадэміі навук...”

У слоўнікаў Байкова і Некрашэвіча драматычны лёс. З пачатку 1930-х, калі пачаліся рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі і ахвярамі сярод іншых аказаліся й лексыкографы Некрашэвіч і Байкоў, тыя слоўнікі былі выведзеныя з ужытку і доўгія гады ляжалі ў бібліятэчных спэцфондах. Лёс Сьцяпана Некрашэвіча наагул склаўся трагічна: у 1930-м яго арыштавалі, выслалі ў Удмуртыю, а ў 1937 годзе расстралялі... Пра якасьць і паўнату слоўнікаў Некрашэвіча і Байкова сьведчыць той факт, што й цяпер іх ксэракопіямі карыстаюцца рэдактары, лінгвісты, перакладчыкі. У 1937 годзе выходзіў яшчэ “Руска-беларускі слоўнік” пад рэдакцыяй Александровіча, але, на думку спэцыялістаў, ён быў значна слабейшы за ранейшыя. Меркаваньне прафэсара Генадзя Цыхуна:

(Цыхун: ) “Слоўнік Некрашэвіча і Байкова 1928 году даваў даволі шмат сынонімаў для перакладу рускіх словаў. А вось у слоўніку Александровіча 30-х гадоў, калі ўжо сталі з нацдэмаўшчынай змагацца, усё пайшло вельмі проста: адно рускае слова – адно беларускае. Імкнуліся да таго, каб была адназначная адпаведнасьць. Мовы ня могуць накладацца адна на другую. Яны абавязкова (кожная па-свойму) інтэрпрэтуюць сьвет. Але тыя ранейшыя стэрэатыпы вельмі моцна ўплываюць на стварэньне нашых беларуска-рускіх і руска-беларускіх слоўнікаў”.

Але вернемся да гісторыі. У 1953 годзе зьявіўся першы акадэмічны аднатомны “Русско-белорусский словарь”. Яго склаў невялікі творчы калектыў Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук. Даведнік рэдагавалі акадэмікі Якуб Колас, Кандрат Крапіва і член-карэспандэнт Пятро Глебка. Амаль праз 30 гадоў – у 1982-м – выйшла другое выданьне таго слоўніка, выпраўленае і дапоўненае, у двух тамах, на 86 тысяч словаў. У 1991-м – трэцяе, на 110 тысяч словаў. Яшчэ праз два гады слоўнік пабачыў сьвет ужо ў трох тамах. Усяго ж з 1993 году выйшла 8 перавыданьняў – апошняе ў 2002 годзе. Асноўную працу пры перавыданьнях рабіў супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства Мікола Крыўко. Але адмыслоўцы лічаць, што неабходны новы слоўнік. Меркаваньне паліглёта Лявона Баршчэўскага:

(Баршчэўскі: ) “Безумоўна, справа стварэньня грунтоўнага расейска-беларускага слоўніка – гэта вельмі патрэбная справа, таму што слоўнік Крыўка створаны на базе старога слоўніка Крапівы і мае поруч з станоўчымі і даволі шмат адмоўных вынікаў. Грунтоўнага слоўніка для філёляга няма. Акрамя таго, давайце сыходзіць з рэаліяў – патрэбны слоўнік, каб там была і наркамаўка, і тарашкевіца – варыянты, бо прэса выходзіць. І каб там была і лацінка, урэшце”.

Складаньне слоўніка – праца вельмі карпатлівая і складаная. Гаворыць загадчыца аддзелу расейска-беларускіх моўных сувязяў Інстытуту мовазнаўства Валянціна Лемцюгова:

(Лемцюгова: ) “Сапраўды, са слоўнікамі ў нас ня вельмі нармальная сытуацыя. Разгорнеш тлумачальны – там адно, тут – другое, арыентавацца людзям вельмі цяжка. Слоўнік – гэта вельмі карпатлівая работа, ніхто ня хоча над ёй сядзець з маладых. Ведаць трэба шмат, каб рабіць слоўнік. Там жа сыходзяцца, як у фокусе, усе дысцыпліны: граматыка, марфалёгія, сынтакс. Плюс чыста лексыграфічныя асаблівасьці: форма падачы, як рэмарку даць, як памету даць, якую памету, – гэта вельмі складаная праца”.

Сёньня ў Беларусі патрэбны слоўнік, у якім будзе ўсё: нарматыўная лексыка, тэрміналёгія, устойлівыя выразы, уласныя імёны, – лічыць прафэсар Генадзь Цыхун:

(Цыхун: ) “У гэтай галіне вельмі многа стэрэатыпаў, якія цяжка пераадолець. Напрыклад, так званая нарматыўнасьць. Калі слоўнік для перакладчыка, то ў мове мастацкай літаратуры ня толькі нарматыўная лексыка. Калі пэрсанаж гаворыць, там і дыялектызмы, і вульгарызмы, і трэба, каб перакладчык меў мажлівасьць перадаць гэта адпаведна, сродкамі сваёй мовы. Я думаю, тэндэнцыя на строгую нарматыўнасьць паступова пераадолена, і будуць стварацца розныя слоўнікі. Поруч з нарматыўнымі павінны быць і слоўнікі, што даюць больш шырокі спэктар лексыкі, якую можна выкарыстаць пры перакладзе”.

Валянціна Лемцюгова вельмі занепакоеная станам тапаніміі – займаецца цяпер укладаньнем слоўнікаў назваў населеных пунктаў Беларусі. Спадарыня Лемцюгова называе гэтыя слоўнікі даведнікамі новага пакаленьня: назвы населеных пунктаў падаюцца і беларускай лацінкаю, і па-расейску. Лексыкограф узрушаная:

(Лемцюгова: ) “Ніяк нельга прабіцца, напісаць назву правільна, пазбавіцца гэтай каляніяльнай спадчыны ў напісаньні. Наогул, зьнішчылі вобраз нацыянальны ў тапаніміцы, немагчыма, трэба столькі даказваць… Вожыкі – ёсьць такая вёска, пішуць “Ожыки”. Вольніца – і тую “Ольница” пішуць. У Гарадзенскай вобласьці ёсьць вёска Волахі, дык і там будзем адстаўляць В? Тады сапраўдныя мы будзем... “олухи”.

Лінгвіст Вінцук Вячорка лічыць стварэньне сучасных расейска-беларускага і беларуска-расейскага слоўнікаў (з улікам рэальных зьменаў, аднаўленьня, ўзбагачэньня лексыкі) найпершай задачай усяго мовазнаўчага цэху, дзяржаўных, акадэмічных, унівэрсытэцкіх выдавецтваў.

(Вячорка: ) “Я ў Кіеве зайшоў у акадэмічную кнігарню. І каторы раз пазайздросьціў сябрам і суседзям: у іх літаральна штодва гады перавыдаюцца ўкраінска-іншамоўныя ды іншамоўна-ўкраінскія слоўнікі, у тым ліку і ангельскія, і расейскія.

(Карэспандэнтка: ) “На Вашую думку, сапраўды няма грошай, няма фінансаваньня ці гэта дзяржаўная палітыка? Чаму ў нас такая сытуацыя са слоўнікамі?”

(Вячорка: ) “Калі дзяржава знаходзіць сотні тысяч на розныя хакейныя сьвяты з сумнеўным спартовым зьместам, калі знаходзяцца сродкі на дзяржаўныя прэміі выканаўцам палітычных замоваў, а не знаходзіцца сродкаў на жыцьцёва неабходныя для існаваньня беларускай мовы выданьні, то адказ ясны”.

Тое-сёе робіцца. Часьцяком на энтузіязьме. На думку лінгвістаў, неблагі расейска-беларускі слоўнік, але невялікі – на 20 тысяч словаў – падрыхтаваны на катэдры БДУ пад кіраўніцтвам прафэсара Сямешкі. Працуе над слоўнікам і Валянціна Лемцюгова:

(Лемцюгова: ) “Я думаю, што слоўнічак падрыхтую яшчэ пры жыцьці. Я заплянавала яго такім, каб ён быў дапаможнікам пры вывучэньні мовы… Слова перакладаецца ў гнязьдзе так, а ў спалучэньні зь іншымі словамі перакладаецца інакш... Пакуль што ён у кампутарным варыянце”.

Але ў найбліжэйшых плянах Інстытуту мовазнаўства праца над грунтоўным, паўнейшым расейска-беларускім слоўнікам, на жаль, ня значыцца. Хаця менавіта тут назапашана фундамэнтальная картатэка сучаснай беларускай літаратурнай і дыялектнай лексыкі, ёсьць сапраўдныя адмыслоўцы, гатовыя выканаць гэтую няпростую, але вельмі патрэбную працу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG