Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дурны, як сала бяз хлеба


Георгі Ліхтаровіч, Менск Новая перадача сэрыі “Магія мовы”

Я нарадзіўся ў цалкам расейскамоўнай сям’і. Але побач з намі жылі і габрэі, і палякі, і, вядома, беларусы. Гаворкі гучалі вельмі розныя, але я быў абсалютна ўпэўнены, што менавіта я размаўляю правільна, бо так гавораць мае бацькі, так вучаць у школе.

Аднойчы ўлетку бацькі выправілі мяне ў вёску, да радні. Не было ні электрычнасьці, ні радыё, можа, з тае прычыны размаўлялі ўсе ў вёсцы па-беларуску. Дарэчы, і вясковыя школкі былі тады выключна беларускія. Вось у гэтым асяродзьдзі я ўпершыню адчуў, што, магчыма, гэта я нейкі не такі, няправільны. Равесьнікі кпілі з маёй расейскай гаворкі, а я, хоць і адстойваў свае прынцыпы – упарта размаўляў па-расейску – міжволі нахапаўся беларушчыны, як той сабака блох. Асабліва запаміналіся розныя прыказкі. Напрыклад, дурны, як сала бяз хлеба. Потым гарадзкое жыцьцё адсунула тую беларушчыну на нейкія далёкія паліцы ў каморы маёй памяці.

Амаль пры заканчэньні школы мой бацька надумаўся зладзіць вандроўку па Налібоцкай пушчы, прайсьці па тых мясьцінах, дзе ён у часе вайны партызаніў. Аднойчы здарылася так, што ў нас скончылася ўся ежа, заставаўся толькі ладны шмат сала. Першы раз у жыцьці я спрабаваў есьці сала бяз хлеба і зразумеў назаўжды, што гэта марны занятак. Ужо другая лустачка становіцца колам у горле, а на трэцюю й глядзець ня хочацца. Вось тут і ўспомнілася чутае ў Жылічах – дурны, як сала бяз хлеба. І праўда, нічога дурнейшага не прыдумаеш.

У гаворках іншых народаў, напэўна, ёсьць нешта падобнае, але ў тых кніжках, што стаяць на маёй паліцы, я нічога не знайшоў. Можа, дасьведчаныя навукоўцы нешта падкажуць. Затое сёньня ў нашым будзённым жыцьці ёсьць яшчэ шмат асобаў, да якіх дакладна пасуе – дурны, як сала бяз хлеба.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG